Па актуальных пытаннях

img_3095

 

У мінулую сераду старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына правяла семінар-нараду са старшынямі, іх намеснікамі і сакратарамі тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі, прадстаўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, СМІ Магілёўскай вобласці.
У семінары-нарадзе прымалі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Ісачанка, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, старшыня абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Берастаў.
Лідзія Ярмошына ў сваёй прамове зрабіла акцэнт на тым, што ў выбарах адным з важнейшых момантаў з’яўляецца наяўнасць альтэрнатывы.
“Для ініцыятыўных груп, зарэгістраваных у краіне, створаны аднолькавыя ўмовы, іх рабоце садзейнічаюць мясцовыя ўлады і выбарчыя камісіі, — адзначыла яна. — Перад намі не стаіць задача нейкім чынам зменшыць колькасць патэнцыяльных кандыдатаў на пост Прэзідэнта Беларусі. Наадварот, мы імкнемся да таго, каб нашы выбары былі альтэрнатыўнымі”.
Як заўважыла Лідзія Ярмошына, у Магілёўскай вобласці створаны добрыя ўмовы для правядзення пікетаў. Аналізуючы вынікі першага тыдня збору подпісаў, можна адзначыць, што такая форма карыстаецца вялікім попытам у насельніцтва, стымулюе цікавасць да выбараў і, у канчатковым выніку, пазітыўна паўплывае і на колькасць вылучаных кандыдатаў, і на яўку выбаршчыкаў у дзень выбараў.
Старшыня ЦВК звярнула ўвагу прысутных на важнасць узмацнення прынцыпу галоснасці ў рабоце выбарчых камісій. Актывізаваць сваю работу павінны сайты выканкамаў, мясцовых адміністрацый: неабходна аператыўна размяшчаць інфармацыю аб дзейнасці тэрытарыяльных камісій. У сувязі з гэтым ідэалагічныя і аргаддзелы выканкамаў павінны працаваць у цеснай узаемасувязі, аператыўна і ў абавязковым парадку публікаваць усе матэрыялы, якія датычацца выбараў.
Былі таксама акрэслены задачы для мясцовых сродкаў масавай інфармацыі: даваць аб’ектыўную і падрабязную інфармацыю аб рабоце выбарчых камісій і працэсе падрыхтоўкі да выбараў. “Тут не павінна быць ніякіх перабораў, — асабліва падкрэсліла Лідзія Ярмошына, — таму што работа на карысць аднаго толькі кандыдата будзе негатыўна адбівацца і на выніках выбараў, і на самой працэдуры галасавання”.
Гаворачы аб арганізацыі назірання за выбарамі, старшыня ЦВК праінфармавала аб новаўвядзенні — працэдуры акрэдытацыі назіральнікаў.
Немалаважным пытаннем у арганізацыі выбарчай кампаніі Лідзія Ярмошына назвала стварэнне належных умоў для галасавання, у тым ліку для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Так, ЦВК рэкамендуе на кожным участку стварыць умовы для самастойнага галасавання людзей са слабым зрокам і сляпых. Для іх будуць выраблены інфармацыйныя матэрыялы шрыфтам Брайля, спецыяльныя трафарэты, куды будзе ўкладацца бюлетэнь для запаўнення.
Але, разам з тым, права выбару формы галасавання ў такіх людзей застаецца: інвалід па зроку або іншы інвалід, які не ў стане самастойна запоўніць бюлетэнь, будзе мець магчымасць скарыстацца дапамогай іншага грамадзяніна.
У ходзе семінара-нарады былі ўзняты іншыя пытанні правядзення перадвыбарнай кампаніі і выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Фота
Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ, www.mogilevnews.by.

У Магілёўскай вобласці створана 26 тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: абласная камісія, 21 раённая і 4 раённыя ў гарадах.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.