Берагчы нацыянальную спадчыну
У мінулую суботу ў Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі, які з’яўляецца помнікам архітэктуры ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў, пабываў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Падчас рабочага візіту яго суправаджалі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабоднікава, іншыя адказныя асобы.
Для ганаровых гасцей дырэктар дзяржаўнай установы “Жыліцкі гістарычны комплекс-музей” Ларыса Забелава правяла цікавую, насычаную экскурсію па палацава-паркавым ансамблі, паказала экспазіцыі, размешчаныя ў адрэстаўраваных памяшканнях палаца.
Як вядома, першая чарга рэстаўрацыі была ўведзена ў эксплуатацыю ў жніўні 2011 года, тут размясцілася дзіцячая школа мастацтваў. Таксама ўжо функцыянуе першы пускавы комплекс другой чаргі — паўднёвага корпусу “Аранжарэя”.
Прысутныя наведалі і памяшканні, дзе працягваюцца работы па рэстаўрацыі.
Падчас экскурсіі акцэнт быў зроблены на ролі гісторыка-культурнай спадчыны ў фарміраванні духоўна-маральных каштоўнасцей насельніцтва. Былі таксама абмеркаваны пытанні правядзення далейшых этапаў рэстаўрацыі палацава-паркавага ансамбля, фінансавання работ.