Выбраць будучыню разам

Да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь засталося крыху больш двух тыдняў. Супрацоўнікі рэдакцыі пацікавіліся ў кіраўчан, як яны ставяцца да прадстаячай важнай палітычнай падзеі:

Вольга ГАРШКОВА, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”:
— У цяперашні складаны час, калі ў свеце неспакойна, галоўная задача для ўсіх нас — падтрымаць імкненні Кіраўніка дзяржавы А.Р.Лукашэнкі і рабіць усё, каб не дапусціць ваенных дзеянняў на тэрыторыі нашай краіны, захаваць яе дзеля цяперашняга і наступных пакаленняў. Бо ўсім людзям неабходны мір, упэўненасць у заўтрашнім дні.
Не сакрэт, што сусветны крызіс адмоўна паўплываў на эканоміку нашай рэспублікі. Спадзяюся, што мы, беларусы, перажывем гэта. Зноў хачу падкрэсліць: галоўнае, каб быў мір на роднай зямлі, тады можна спакойна жыць, працаваць, нараджаць і выхоўваць дзяцей, будаваць планы на будучыню.
Буду галасаваць за стабільнасць і працвітанне сінявокай Беларусі, заклікаю іншых выканаць свой грамадзянскі абавязак, прыняць удзел у выбарах і аддаць галасы за дастойнага кандыдата ў Прэзідэнты.

Таццяна ЧОРНАЯ, мнагадзетная маці:
— Удзел у выбарах — гэта не толькі права кожнага грамадзяніна, але і яго абавязак. Мы прыходзім на ўчастак для галасавання з адной мэтай — каб вырашыць далейшы лёс нашай краіны.
Прагаласаваўшы на прадстаячых выбарах, мы зможам падтрымаць усе тыя станоўчыя перамены да лепшага, што адбыліся ў Беларусі за апошнія гады. Упэўнена, калі беларусы будуць разам, ім многае па сілах вырашыць і пераадолець.
У гэтым годзе ў прэзідэнцкіх выбарах упершыню будзе ўдзельнічаць мой старэйшы сын Уладзіслаў. Лічу, для яго гэта стане адначасова і запамінальнай падзеяй, і адказным крокам у жыцці: ён нараўне з усімі будзе вырашаць не толькі далейшы шлях развіцця сваёй Радзімы, але і сваю будучыню.

Эма КАРПУК, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў:
— Выбары Прэзідэнта краіны — важны крок для кожнага беларуса, які нераўнадушны да будучыні роднай краіны. Асабіста для мяне, як і для ўсіх членаў нашай грамадскай арганізацыі, прадстаячыя выбары — магчымасць выказаць свае адносіны да ўзятага дзяржавай і яе дзеючым Кіраўніком курсу, накіраванага на захаванне міру і стабільнасці ў Беларусі, далейшае развіццё народнай гаспадаркі.
Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, пражываючыя на Кіраўшчыне, горача падтрымліваюць гэты курс, ён забяспечвае сацыяльныя гарантыі, мірнае і спакойнае жыццё, шчаслівую будучыню.
Многія ўдзельнікі былых ваенных падзей — сённяшнія ветэраны, якія неаднойчы глядзелі смерці ў вочы, адстаялі незалежнасць роднай Айчыны, як ніхто іншы ведае, наколькі важны мір на зямлі. Яны — за тое, каб ніколі не было вайны!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.