Пры падтрымцы дзяржавы

poddrzka3

Сёлетні год для Наталлі і Мікалая Дзехцяровых з Кіраўска — знамянальны: нарадзіўся сынок, якога назвалі Раманам. Дзякуючы гэтай падзеі сям’я набыла статус мнагадзетнай, а разам з тым здзейснілася і даўняя мара — пабудавана ўласная трохпакаёвая кватэра ў новым шматкватэрным доме, узведзеным па дзяржзаказу. Значную дапамогу ў гэтым аказала дзяржава, прадаставіўшы пэўныя льготы.
Вочы матулі свецяцца, калі яна гаворыць пра кожнае сваё дзіця: старэйшай Аляксандры 4 гады, Максімку — тры. Нягледзячы на іх невялікі ўзрост, яны ўжо клапоцяцца пра свайго малодшага браціка: пазабаўляюць, пакалышуць, а то і песню праспяваюць!
Бацькі вучаць іх быць добрымі, чулымі, ашчаднымі, сваім прыкладам дэманструючы гэтыя якасці. У сям’і пануюць цеплыня і шчырасць, любоў і павага. Тата і матуля клапоцяцца, каб у іх дзяцей было шчаслівае дзяцінства.
Як адзначыла Наталля, сям’я доўгі час жыла ў інтэрнаце, увесь час адчувалася цесната. Жанчыне нават не верыцца, што ў хуткім часе яны пераедуць у новую прасторную кватэру, а пакуль там вядзецца рамонт.
Дзехцяровы ўдзячны кіраўніцтву краіны за клопат і падтрымку, пастаянна праяўляемыя да сем’яў з дзецьмі. Атрыманая кватэра, за якую ім штомесяц трэба плаціць нязначную суму, назначаны сямейны капітал у суме 10 тыс. долараў ЗША — таму пацвярджэнне.
Калі рабіўся гэты фотаздымак, галава сям’і Дзехцяровых быў у ад’ездзе па рабоце, а дзеці ўвесь час успаміналі яго — свайго любімага татулю.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.