Сваім талентам здзіўляюць і настрой усім узнімаюць!
Мерапрыемства з нагоды Дня работнікаў культуры адбылося напярэдадні ў Цэнтры вольнага часу. У ім прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабоднікава.
З цёплымі словамі віншаванняў да віноўнікаў урачыстасці звярнулася Галіна Слабоднікава. Яна, у прыватнасці, адзначыла, што работнікі культуры закліканы дастаўляць радасць і ўзнімаць настрой іншым, яны рыхтуюць цікавыя праграмы да святаў, пастаянна шліфуюць сваё майстэрства. За значны ўклад у развіццё культуры раёна, эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення Галіна Паўлаўна ўручыла каштоўныя падарункі настаўніку Жыліцкай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўніку ўзорнага дзіцячага аркестра баянаў і акардэонаў Міхаілу Забелаву, настаўніку вытворчага накірунку дзейнасці дзіцячай школы мастацтваў г.Кіраўска Аліне Якавенка.
Затым начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Карпук уручыў грашовыя прэміі шэрагу работнікаў — творчых, ініцыятыўных, улюбёных у сваю справу.
Шчырыя словы ўдзячнасці за адданасць выбранай справе, вернасць культурна-асветніцкай дзейнасці прысутным выказалі дырэктар сеткі бібліятэк раёна Інэса Падаляк, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Наталля Кавалёва.
Гучнымі апладысментамі прысутныя сустрэлі жартоўнае суправа-джэнне планёркі агіт-брыгады РДК, якая праводзілася на сцэне пад кіраўніцтвам дырэктара цэнтральнай клубнай сістэмы Эмы Калмыковай.
Прыемнай нечаканасцю было віншаванне мастацкага кіраўніка Пацава-Слабадскога СДК Міхаіла Карчажкіна і акампаніятара Скрыпліцкага СДК Васіля Сухарава: яны ўручылі кветкі метадыстам і дырэктару цэнтральнай клубнай сістэмы.
Ва ўрачыстай атмасферы былі прыняты ў калектыў культработнікаў 8 маладых спецыялістаў, ім павязалі стужкі і ўручылі памятныя сувеніры.
Настрой прысутным узнімалі выканаўцы песень, танцаў, тэатралізаваных прадстаўленняў. Гледачы шчыра апладзіравалі артыстам, часам некаторыя з іх таксама ўзнімаліся на сцэну, выконвалі канцэртныя нумары, дэманструючы сваё майстэрства.
Падчас урачыстасцей са сцэны гучалі словы ўдзячнасці ветэранам галіны за адданасць прафесіі, уменне дарыць людзям радасць і святочны настрой, выхоўваць у падрастаючага пакалення любоў да мастацтва, нашай нацыянальнай спадчыны.
Таццяна БАРАДЗІНА.