У Кіраўску падтрымалі рэспубліканскую акцыю «Тут жыве ветэран»

_MG_3439

У Беларусі працягваецца рэспубліканская акцыя “Тут жыве ветэран”. Падчас яе правядзення да дамоў ветэранаў прымацоўваюцца памятныя таблічкі з надпісам “Тут жыве ветэран Вялікай  Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!”, якія нагадваюць аб тым, што тут жывуць паважаныя людзі — абаронцы Айчыны.

23 лютага, у дзень святкавання Дня абаронцаў Айчыны і Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь, на Кіраўшчыне такія таблічкі былі ўстаноўлены на дамах ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Людмілы Іванаўны Манько, Рыгора Іванавіча Куцілкіна, Васіля Антонавіча Буслава, Зінаіды Кузьмінічны Акушэвіч, Галіны Васільеўны Каранкевіч. Да 9 Мая памятныя таблічкі будуць уладкаваны на ўсіх дамах ветэранаў вайны.

Да ветэранаў наведаліся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач райбальніцы Алена Круцько, старшыні раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі фонд міру” Вольга Гаршкова і “Белая Русь” Васіль Маркевіч, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Алена Осіпава, старшыня раённага савета ветэранаў Эма Карпук, вучні гімназіі горада.

Як адзначыла Вольга Гаршкова, мэта гэтай акцыі ў тым, каб у год 75-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны прыцягнуць увагу грамадства да людзей, якія шмат гадоў таму адстаялі мір і незалежнасць нашай Радзімы. Дарэчы, менавіта ГА “Беларускі фонд міру” стала ініцыятарам правядзення акцыі “Тут жыве ветэран” і спонсарам па вырабу памятных таблічак.

Актыўны ўдзел у акцыі прымаюць маладое пакаленне беларусаў: актывісты ГА “БРСМ”, БРПА, школьнікі. Па словах Вольгі Гаршковай, такія мерапрыемствы, дазваляюць сфарміраваць у рабят пачуццё павагі і адказнасці перад старэйшым пакаленнем, якое гераічна змагалася з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Падчас наведвання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны іх павіншавалі з Днём абаронцаў Айчыны, уручылі святочныя паштоўкі і кветкі. Госці пацікавіліся ў ветэранаў хвалюючымі іх пытаннямі, а таксама падзякавалі ім за актыўную і плённую работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, за тое, што сваімі расказамі аб вайне яны імкнуцца данесці да рабят значнасць міру на зямлі.

У сваю чаргу, ветэраны адзначылі, што вельмі ўдзячныя раённай выканаўчай уладзе, прадстаўнікам раённых агранізацый грамадскіх аб’яднанняў, моладзі за пастаянныя ўвагу і клопат.

Удзельнікі акцыі падзяліліся сваімі думкамі аб значнасці прайшоўшага мерапрыемства.

Рыгор Іванавіч Куцілкін, ветэран Вялікай Айчыннай вайны (на здымку разам з гасцямі):

— Для мяне і маіх родных Дзень абаронцаў Айчыны — сямейнае свята: мой сын і зяць — ваенныя, шмат людзей у пагонах і сярод сваякоў.

Прыемна і сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень завіталі да мяне з віншаваннямі прадстаўнікі  грамадскіх аб’яднанняў, усталявалі на доме прыгожую таблічку.

З упэўненасцю магу адзначыць, што ветэраны Вялікай Айчыннай вайны адчуваюць асаблівы клопат з боку дзяржавы, раённай улады. Не забываюцца пра нас калектывы, у якіх мы працавалі раней, а таксама маладое пакаленне кіраўчан: рабяты пастаянна дапамагаюць па хатняй гаспадарцы, віншуюць са святамі.

Шчыра кажучы, гэта стварае добры настрой, надае нам новыя сілы ў жыцці.

Жадаю, каб сучаснае і будучыя пакаленні не зведалі таго, што нам давялося перажыць у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Алена Круцько, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач райбальніцы:

— Шмат бед прынесла нашаму народу Вялікая Айчынная вайна. Нямала ўраджэнцаў раёна паклалі свае жыцці на алтар Перамогі, і наш святы абавязак — ніколі аб гэтым не забываць.

Мы ўдзячныя ветэранам вайны, якія абаранялі Ра-дзіму ад ворага, а потым аднаўлялі разбураную народную гаспадарку.

Жадаю нашым дарагім ветэранам здароўя, каб яны яшчэ доўга жылі побач з намі, з’яўляючыся для маладога пакалення прыкладам адданасці сваёй Радзіме.

Васіль Маркевіч, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”:

— Правядзенне рэспубліканскай акцыі “Тут жыве ветэран” — гэта яшчэ адна магчымасць выказаць шчырыя словы ўдзячнасці нашым дарагім ветэранам. Гэтыя людзі з’яўляюцца для нас прыкладам бясконцай любові да сваёй Айчыны, бездакорнага выканання грамадзянскага абавязку, самаадданай працы.

У гады вайны яны змагаліся з ненавісным ворагам, напоўніўшы кожны свой дзень і кожную гадзіну гера-ізмам і адвагай. Але яны не страцілі жадання радавацца жыццю, прыносіць карысць грамадству і людзям.

На жаль, з кожным годам ветэранаў становіцца менш, а таму неабходна зрабіць усё ад нас залежачае, каб яны адчувалі ўдзячнасць, цеплыню і клопат. 

Лізавета Басацкая, вучаніца гімназіі горада:

— Дзякуючы мужнасці і адвазе ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны мы жывем у свабоднай і незалежнай краіне. Мы самі вырашаем, куды пайсці вучыцца, якую прафесію абраць, дзе працаваць, мы свабодныя ў сваім волевыяўленні — і гэта галоўнае.

Правядзенне такіх акцый дазваляе маладому пакаленню Кіраўшчыны ў каторы раз выказаць словы ўдзячнасці ветэранам за іх неацэнны подзвіг у барацьбе з фашызмам.

_MG_3445

_MG_3441

_MG_3417

_MG_3416

_MG_3412

_MG_3391

_MG_3379

_MG_3343

_MG_3335

_MG_3307

_MG_3293

Людміла СЯМЁНАВА

Фота Максіма МІКЕШЫНА

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.