Падвялі вынікі, намецілі задачы

_MG_6716

На справаздачным сходзе ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага былі агучаны вынікі мінулага сельскагаспадарчага года, адзначаны дасягнутыя поспехі, прааналізаваны дапушчаныя пралікі і акрэслены незадзейнічаныя рэзервы развіцця, а таксама намечаны задачы на год бягучы.
Удзел у справаздачным сходзе прыняў старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў.

Падводзячы вынікі мінулага года, старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Багель адзначыў, што 2015 год быў для гаспадаркі няпростым.
Вытворчасць валавой прадукцыі ў супараўнальных цэнах склала 233,1 млрд.руб. (85,1%). Тым не менш, рэнтабельнасць продажу сельскагаспадарчай прадукцыі пры заданні 5% дасягнула 11,4%.
Што датычыцца раслінаводчай галіны, тут свой негатыўны ўплыў аказала надвор’е.
Валавы збор збожжа склаў 10944 т пры ўраджайнасці 38,3 ц/га (у 2014 г. — 19767 т і 48,7 ц/га). Амаль 4500 т недабралі бульбы. Значна недаатрымалі цукровых буракоў, асноўная прычына нізкай ураджайнасці гэтай культуры — несвоечасовы паліў.
Сярод прыбытковых культур аказаліся капуста, цыбуля, яблыкі. Больш чым па 1 млрд. рублёў дадаткова прынесла ў касу сельгаскааператыва рэалізацыя пшаніцы азімай, рапсу яравога, буракоў сталовых.
Няблага спрацавалі і з агароднінай: валавы яе збор з адкрытага грунту склаў 2488 т, з закрытага — 4715 т. Аднак прыбытку ад рэалізацыі агародніны не атрымалі, галоўная прычына — павышэнне кошту энергарэсурсаў.
Ураджайным стаў мінулы год на яблыкі: сабрана 2375 т сакавітай прадукцыі (152,8% да ўзроўню 2014 г.). Як адзначыў Аляксандр Багель, дасягнуць такіх вынікаў ураджаю яблыкаў удалося дзякуючы прафесіяналізму кіраўнікоў вытворчага ўчастка “Сад” Алены Юркавец і Аляксандра Іваніцкага, а таксама зладжанай і адказнай рабоце калектыву садаводаў.
У бягучым годзе “Рассвет” уключаны ў рэспубліканскую дзяржаўную праграму па закладцы сада інтэнсіўнага тыпу. Плануецца на працягу 5 гадоў ажыццяўляць закладку пладовых дрэў па 2 га штогод.
У раслінаводчай галіне, як адзначыў Аляксандр Багель, у бягучым годзе плануецца зрабіць акцэнт на вырошчванне культур, рэалізацыя якіх дасць магчымасць атрымліваць прыбытак. Для гэтага будзе зменена структура пасяўных плошчаў. Так, будуць павялічаны пасевы рэдзькі алейнай (з 18 да 40 га), яравых збожжавых і зернебабовых, а таксама шматгадовых траў — на 177 га. Больш чым на 100 га павялічацца плошчы пад кукурузу: гэтая культура — не толькі дадатковыя кармы для жывёлы, але і “харчаванне” для біягазавай устаноўкі. Плошчы пад бульбу плануецца скараціць, а кармавыя караняплоды і ўвогуле не сеяць.
Па словах кіраўніка гаспадаркі, асаблівую ўвагу неабходна будзе ўдзяліць забеспячэнню кармамі грамадскага статка і паляпшэнню іх якасці. Перад інжынернай службай стаяць важныя задачы па падрыхтоўцы тэхнікі, уборцы зялёнай масы, строгім захаванні тэхналогіі вытворчасці кармоў.
Увогуле ж, асноўнымі пазіцыямі ў галіне раслінаводства Аляксандр Багель назваў строгае захаванне тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур і таварнасць прадукцыі.
Для таго, каб своечасова і якасна выконваліся палявыя работы, машынна-трактарны парк гаспадаркі летась папоўніўся новым кормаўборачным камбайнам “Нью-Холанд”, пяццю трактарамі “Беларус”, таксама набылі касілку-плю-шчылку ратацыйную і 6-метровую кукурузную жатку.
А налізуючы работу жывёлагадоўчай галіны, Аляксандр Багель адзначыў, што па некаторых паказчыках удалося спрацаваць з “плюсам”. Атрымана 14473 т малака (+244 т да ўзроўню 2014 г.). Удой на карову склаў 6579 кг (+111 кг). Аднак крыху зменшылася таварнасць малака, што ў сваю чаргу прывяло да недаатрымання прыбытку ад яго рэалізацыі. Сёлета перад жывёлаводамі пастаўлена задача давесці таварнасць малака да 90%.
Не зменшылі рассветаўцы і валавую вытворчасць БРЖ — 1804 т, і сярэднясутачныя прывагі — яны склалі 780 г. Рэалізацыя мяса павялічылася на 30,8%. Атрымана 2600 цялят (+180 галоў да ўзроўню 2014 г.).
У планах на бягучы год — будаўніцтва на МТК “Кірава” і “Валосавічы” памяшканняў для ўтрымання цялят да 70-дзённага ўзросту. Гэта дазволіць павялічыць захаванасць маладняку БРЖ.
Аляксандр Багель падкрэсліў, што ў жывёлагадоўлі ёсць нямала праблем, але будуць пры-кладацца ўсе намаганні, каб іх вырашыць. Будзе далей адточвацца тэхналогія ўтрымання і кармлення статка.
Адна з прыбытковых галін “Рассвета” — рыбная гаспадарка. Летась валавая вытворчасць рыбы склала 140 т з плошчы ў 75 га. Выручка ад рэалізацыі — 4,2 млрд. руб., рэнтабельнасць прадукцыі — 8,9%.
Як адзначыў Аляксандр Багель, свае плюсы па-ранейшаму дае прымяненне на сельскагаспадарчай тэхніцы GPS-навігацыі: атрымана эканомія дызельнага паліва ў 61 т, бензіну — 12 т (на агульную суму больш за 880 млн. рублёў).
Падводзячы вынікі сваёй справаздачы, Аляксандр Багель адзначыў, што вызначаныя для кожнай галіны задачы — рэальныя для выканання, работнікам сельгаскааператыва па сілах мець і вышэйшыя паказчыкі — трэба толькі пастарацца. Пры гэтым значны акцэнт неабходна рабіць на эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Са сваімі справаздачамі выступілі старшыні рэвізійнай камісіі і прафсаюзнага камітэта.
С таршыня райвыканкама Аляксандр Бутараў у сваёй прамове адзначыў, што перамогі па многіх намінацыях у штогадовым спаборніцтве сярод галін народнай гаспадаркі раёна за 2015 год — заслужаная адзнака работы калектыву СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоў-скага, аднак спыняцца на дасягнутым нельга. Патэнцыял для далейшага развіцця ёсць, і яго абавязкова трэба скарыстаць.
Павелічэнне рэнтабельнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, а менавіта на гэтым эканамічным паказчыку і акцэнтуецца ўвага, будзе садзейнічаць павелічэнню выручкі, а, значыць, — і заработнай платы. Таму кожны павінен старацца і прыкладаць усе намаганні для таго, каб вытворчасць сельгаспрадукцыі была самаакупнай.
Аляксандр Бутараў падзякаваў сяльчанам за добрасумленную працу і выказаў упэўненасць, што ўсе задачы, пастаўленыя перад працаўнікамі сельгаскааператыва, будуць паспяхова выкананы.
Агульны сход даў згоду на рэфармаванне гаспадаркі ў адкрытае акцыянернае таварыства да 31 снежня 2016 г. і абраў камісію па пераўтварэнні СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага ў ААТ “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, якую ўзначаліў Аляксандр Багель.
Ветэран працы гаспадаркі Валянціна Верам’ёва звярнулася да ўдзельнікаў сходу з прапановай стварэння дабрачыннага фонду па ўвекавечанні памяці двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, былога старшыні ордэна Леніна калгаса “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага В.К.Старавойтава. Гэтая прапанова шляхам адкрытага галасавання была аднадушна падтрымана. Прынята рашэнне аб хадайніцтве перад раённым выканаўчым камітэтам аб стварэнні дабрачыннага фонду.
З атым адбылася цырымонія ўзнагароджвання лепшых працаўнікоў сельгаскааператыва.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў уручыў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё пладаводства галоўнаму тэхнолагу вытворчага ўчастка “Сад” Алене Юркавец.
Былі таксама ўзнагароджаны пераможцы спаборніцтва СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага сярод работнікаў вядучых прафесій. Так, звання “Лепшы механізатар” удастоены Мікалай Бандарэнка, “Лепшы камбайнер збожжаўборачнага камбайна” — Мікалай Белакурскі, “Лепшы аператар машыннага даення” — Галіна Лёгкая, “Лепшы аператар па адкорму БРЖ” — Таццяна Салановіч, па дарошчванні БРЖ — Святлана Гамершмідт. Лепшым тэхнікам-асемянатарам стала Ганна Юркавец, а работнікам ветэрынарнай службы — Ларыса Бародзіч. Канстанцін Пятруша атрымаў званне “Лепшы механізатар па абслугоўванні МТФ і МТК”, а Валерый Бародзіч — “Лепшы рыбавод”.
Сярод узнагароджаных былі прадстаўнікі ўсіх сфер дзейнасці сельгаскааператыва, а таксама лепшыя спартсмены гаспадаркі.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер уручыў падзяку за шматгадовую, добрасумленную працу кладаўшчыку Святлане Цвятковай.
Добры настрой падарыў удзельнікам справаздачнага сходу канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваны работнікамі Мышкавіцкага СДК і філіяла дзіцячай школы мастацтваў, а таксама супрацоўнікаў мясцовага ясляў-садка “Вясёлка”.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.