І зноў у ліку лаўрэатаў

_mg_9576222З добрым настроем сустракаюць раённыя “Дажынкі” працаўнікі ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Па выніках раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін за бягучы год і само прадпрыемства, і яго асобныя прадстаўнікі ўвайшлі ў лік лаўрэатаў.

Для саміх вяскоўцаў хлеб мае адметны смак. Вобразна кажучы, больш духмяны ад водару паветра над збожжавым палеткам, больш каштоўны ад нястомнай працы многіх людзей, пакуль з насення ператворыцца ў, як мы кажам, прадукт нумар адзін на стале. Гэта заўсёды адчуваецца, калі вядзеш гутарку з хлебаробам. Як і ў нядаўняй размове з галоўным аграномам РАПТЗ Уладзімірам Дарафеем. Галоўны тэхнолаг палёў мясцовай падсобнай гаспадаркі хоць і даволі стрымана (наперадзе ж — новыя працоўныя старты і фінішы), але з задавальненнем падзяліўся чарговымі поспехамі працаўнікоў прадпрыемства. Што ні кажы, а трэці год запар РАПТЗ упэўнена ўваходзіць у прызавую тройку ў раённым спаборніцтве на жніве.
— За высокімі паказчыкамі, — адзначае Уладзімір Іванавіч, — стаіць руплівая праца многіх. Своечасова была падрыхтавана неабходная для работ тэхніка, узарана глеба, унесены тукі. Леташняй восенню, а потым сёлетняй вясною засеялі агульныя 1780 га збожжавымі і зернебабовымі. У неабходныя тэхналагічныя тэрміны дагледзелі пасевы…
Без цяжкасцей усё ж не абышлося. Як гэта часта бывае, у працэс свае карэктывы перыядычна ўносіла надвор’е. Спякота не дазволіла сабраць усё плануемае. У прыватнасці, “падгарэла” яравая збажына. А вось азімыя парадавалі: на круг выйшла па 38,6 цэнтнера. У выніку каравай усё ж аказаўся важкім: агульны намалот склаў 5706 тон пры сярэдняй ураджайнасці 32 ц/га. У пераліку на адзін бала-гектар пасяўных плошчаў гэты паказчык стаў трэцім у раёне.
Своечасова прадпрыемства выканала дзяржзаказ: у засекі краіны адпраўлена 1150 тон збожжа.
Выдатна шчыравалі працаўнікі на жніўных палетках: экіпажы васьмі збожжаўборачных камбайнаў і вадзіцелі столькіх жа адзінак тэхнікі на адвозцы. Звыш за тысячу тон збожжа намалаціў сямейны экіпаж бацькі і сына Уладзіміра і Дзмітрыя Комараў. Высокія рэзультаты на жніве паказалі экіпажы ў саставе Валянціна Сулімскага і Юрыя Русецкага, Сяргея Чудапала і Кірыла Гамаліна; вадзіцелі Валерый Араеў, Пётр Белакурскі, Леанід Паркалаў. Асаблівых слоў заслугоўвае моладзь — і ўжо сённяшні дзень прадпрыемства, і дзень заўтрашні, у які можна глядзець з аптымізмам. Маладыя прадстаўнікі РАПТЗ штогод уваходзяць у лік пераможцаў раённага спаборніцтва. Вось і сёлета трэція месцы ў адпаведных намінацыях заваявалі экіпаж камбайна Аляксандра Сідарэнкі і Аляксандра Тылінскага, а таксама вадзіцель Мікалай Кандрацьеў.
Не было збояў у рабоце ў многім дзякуючы стараннасці і кампетэнтнасці інжынернай службы, якую ўзначальвае Юрый Каган. Сваю ролю адыгралі распрацаваныя ўмовы ўнутранага спаборніцтва, сістэма аплаты, стварэнне бытавых умоў.
Як вядома, сабраць ураджай — гэта толькі палова справы. Важна яго своечасова перапрацаваць і захаваць. На гэтым участку выдатна праявіла сябе брыгада аператараў на збожжатаку ў саставе Аляксандра Беніцэвіча, Аляксандра Зямцова, Віктара Маніна, Сяргея Каранкевіча і Уладзіміра Нарэзенкі, перапрацаваўшы падчас жніва 4878,3 умоўнай тоны збожжа.
Добрыя вынікі на ўборцы збажыны сёлетняга ўраджаю не даюць забеспячэнцам падстаў заспакойвацца — трэба дбаць пра будучы ўраджай. І тут таксама ўсё ў парадку. Адразу ж пасля абмалоту хлебных палеткаў апошнія аператыўна вызваляліся ад саломы, дзе з прэс-падборшчыкамі вызначыліся Іван Лазаковіч і Сяргей Гамалін. За гэтым відам работ актыўна вяліся ворыва, сяўба азімых. Усё ў падсобнай гаспадарцы праводзіцца ў комплексе, з захаваннем тэхналагічных прыёмаў. А, значыць, мясцовым земляробам па сілах і далейшыя працоўныя перамогі.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.