У добры шлях, да новых ведаў!

pavlo _MG_4845 _MG_5134

Вось і закончылася звонкае бесклапотнае лета. Школьныя званкі, прагучаўшыя ва ўстановах адукацыі 1 верасня, паклікалі адпачыўшых і падросшых хлопчыкаў і дзяўчынак за парты, абвясціўшы аб пачатку новага навучальнага года.

У Паўлавіцкую СШ імя Р.А.Худалеева павіншаваць вучняў, настаўнікаў і бацькоў з Днём ведаў завіталі ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Траццякова, кіраўнікі гаспадарак-шэфаў СВК “Калгас “Ніва” і КСУП “Чырвоны баец” Іван Рыняк і Сяргей Лянкевіч, намеснік дырэктара па транспарце ААТ «Бабушкина крынка» — упраўляючая кампанія холдынга “Магілёўская малочная кампанія “Бабушкіна крынка” Валянцін Шакурын, начальнік РАУС Ігар Лелеш, в.а. начальніка РАНС Вячаслаў Сідараў.
Хлопчыкі ў строгіх касцюмах і дзяўчынкі ў беласнежных блузках і камізэльках, а таксама ўсе прысутныя гучнымі апладысментамі сустрэлі пяцёра першакласнікаў, якія ў гэты дзень зрабілі свой першы крок у цікавую і захапляльную Краіну ведаў, і іх класнага кіраўніка Людмілу Юхноўскую.
Ганаровае права узняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена вучаніцы 11 класа, пераможцы абласных спаборніцтваў мнагаборства “Здароўе”, абласных творчых конкурсаў “Сучасная адукацыя вачамі вучняў”, рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” Дар’і Юхноўскай.

Віншуючы рабят і настаўнікаў з пачаткам новага навучальнага года, старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў адзначыў, што ў нашай краіне адным з галоўных прыярытэтаў з’яўляецца падтрымка сістэмы адукацыі.
На Кіраўшчыне за два апошнія гады на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі з раённага бюджэту выдаткавана больш за 350 тыс. (дэнамінаваных) рублёў, значную дапамогу аказалі шэфскія арганізацыі і папячыцельскія саветы.
У сваю чаргу, падкрэсліў кіраўнік раёна, прыемна, што і вучні школ сваімі ведамі і дасягненнямі праслаўляюць Кіраўшчыну. Так, за мінулы навучальны год імі было заваёвана 63 абласныя дыпломы, 16 — рэспубліканскіх, 12 — міжнародных.
Асаблівы ўклад у агульную скарбонку дасягненняў, як адзначыў Аляксандр Бутараў, уносіць менавіта калектыў Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева. Так, у раённым спаборніцтве сярод калектываў агульнай сярэдняй адукацыі ўстанова заняла 1-е месца, акрамя таго, пачынаючы з 2008 года, прадстаўнікі школы — пастаянныя пераможцы штогадовай спартакіяды школьнікаў. На працягу апошніх гадоў калектыў работнікаў Паўлавіцкай СШ займае 1-е месца па выніках падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Праслаўляюць сваю школу і вучні: Максім Нейштэтар і Крысціна Лазарава з’яўляюцца прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовым і летнім мнагаборстве “Здароўе” (кіраўнік В.І.Вароніч); Дарына Юхноўская — неаднаразовая пераможца абласных конкурсаў фотаработ і пераможца рэспублікан-скага конкурсу “Пасябруй са спортам!”. Вучні школы — прызёры рэспубліканскага конкурса праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы”, дыпламанты інтэрнет-праекта “ІТ рашэнне для адукацыі будучыні”. Настаўніца Н.М.Юхноўская з’яўляецца пераможцай панарамы “Прымяненне сучасных метадаў навучання ў адукацыйным працэсе па матэматыцы”.
Аляксандр Бутараў пажадаў рабятам і іх настаўнікам, каб новы навучальны год быў насычаны цікавымі падзеямі, новымі перамогамі і дасягненнямі.
Па традыцыі, не абышлося без падарункаў. Ад райвыканкама школа атрымала сертыфікат на набыццё капіравальна-размнажальнага апарата, які Аляксандр Бутараў перадаў дырэктару ўстановы адукацыі Наталлі Макаронак, а для ўмацавання здароўя рабят — мячы.
Кіраўнікі гаспадарак-шэфаў Іван Рыняк і Сяргей Лянкевіч уручылі выдатнікам вучобы грашовыя прэміі і выказалі пажаданні, каб з кожным годам колькасць іх атрымальнікаў сярод вучняў толькі павялічвалася.
Да заняткаў спортам і вядзеннем здаровага ладу жыцця заклікаў рабят намеснік дырэктара па транспарце ААТ «Бабушкина крынка» — упраўляючая кампанія холдынга “Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка” Валянцін Шакурын, і падарыў школе камплект мячоў.
А затым прагучаў першы званок новага навучальнага года: ганаровае права даць яго было прадастаўлена вучаніцы 1 класа Вікторыі Радаевай і адзінаццацікласніку Аляксандру Гарбунову.
Пасля гэтага вучні адправіліся ў свае класы на першы ўрок — “Нам мир завещено беречь!”. У гэты памятны дзень першакласнікі атрымалі кнігі “Беларусь — наша Радзіма”.
У добры шлях у новы навучальны год!
Людміла СЯМЁНАВА.

Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Сёлета на Кіраўшчыне свае дзверы для рабят адчынілі    12 устаноў адукацыі: гімназія, 9 сярэдніх школ, 2 навучальна-педагагічныя комплексы і 13 дашкольных навучальных устаноў. За парты селі 2044 вучні: 1127 — у гарадскіх і 917 — сельскіх    установах адукацыі. Упершыню пераступілі парог устаноў адукацыі 226 першакласнікаў (141 — у горадзе, 85 — на вёсцы). 

На здымках: першы званок абвясціў аб пачатку новага навучальнага года; школа атрымала сертыфікат на набыццё капіравальна-размнажальнай тэхнікі і мячы, якія старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў уручыў дырэктару ўстановы адукацыі Наталлі Макаронак; першы раз — у першы клас!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.