“Мы — разам!” на Кіраўшчыне

k-8k-6k-4k-1k-5k-3k-2k-7На Магілёўшчыне праходзіць рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам!”. Яе мэта — нагадаць кожнаму жыхару пра тое, што калі мы разам, наша Беларусь будзе заставацца моцнай і незалежнай дзяржавай.

У межах акцыі ў мінулую пятніцу наш горад з канцэртнай праграмай наведалі фіналісты конкурса працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”, заслужаныя, народныя, узорныя аматарскія калектывы мастацкай самадзейнасці, а таксама зоркі беларускай эстрады: Ірына Дарафеева, Вольга Плотнікава, Эдуард Ханок, Саша Нэма і інш.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў ФПБ Алена Глекава. Яна адзначыла, што сіла прафсаюзаў — у нашым адзінстве, разам мы абараняем правы працоўных, адказваем за стабільнасць і дабрабыт беларусаў. У раёне на высокім узроўні развіта сацыяльнае партнёрства паміж мясцовай выканаўчай уладай, кіраўнікамі арганізацый, прадпрыемстваў і прафсаюзнымі арганізацыямі, дзе ў цэнтры ўвагі — клопат пра чалавека працы.
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі працягвае слаўную традыцыю ўшанавання працоўных дынастый, выказвае падзяку чалавеку працы, які цалкам аддае сябе любімай справе, — адзначыла Алена Глекава. Арганізатары дадзенай акцыі імкнуцца паказаць, што ў Беларусі жывуць унікальныя людзі, якія разам працуюць, разам адпачываюць і ствараюць каштоўнасці, разам радуюцца перамогам і разам імкнуцца зрабіць сваю краіну квітнеючай.
Затым адбылася цырымонія ўшанавання працоўных дынастый Кіраўшчыны.
Першымі на сцэну балі запрошаны прадстаўнікі сям’і Кахновічаў з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Іх агульны працоўны стаж у сельскагаспадарчай галіне складае больш за 100 гадоў. Адданасць і вернасць сям’і Кахновічаў роднай зямлі выклікае павагу і гонар за працавіты беларускі народ. Галава сям’і Мікалай Сцяпанавіч больш за 42 гады працуе вадзіцелем, яго жонка Наталля Іванаўна звязала сваё працоўнае жыццё з жывёлагадоўчай галіной, іх сыны Сяргей і Дзмітрый таксама плённа працуюць у роднай гаспадарцы.
На здымках: на сцэне РДК — народныя артысты Беларусі Ірына Дарафеева і Эдуард Ханок; віншаванні ад старшыні РА арганізацый прафсаюзаў ФПБ Алены Глекавай прымае Мікалай Кахновіч; кветкі — ад удзячных юных кіраўчан.

Працоўную дынастыю будаўнікоў раёна прадстаўляла сям’я Шамаль з Кіраўска. Пад чулым кіраўніцтвам Яўгена Ягоравіча і Зоі Іванаўны выраслі два пакаленні сапраўдных прафесіяналаў будаўнічай справы. Прадстаўнікі сям’і не без гонару адзначылі, што яны прыклалі свае рукі да будаўніцтва і аздаблення многіх будынкаў горада.
Сімвалічна, што напярэдадні Дня настаўніка, у гэты святочны вечар на сцэну была запрошана педагагічная працоўная дынастыя Іваніцкай — Цмыг — Котавых. Іх агульны стаж па абранай прафесіі складае больш за 115 гадоў.
У цырымоніі ўшанавання маладых спецыялістаў і іх настаўнікаў прынялі ўдзел работнікі ўстановы аховы здароўя — урач-тэрапеўт Юлія Макарская і намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Жанна Афонькіна. Дарэчы, апошняя пачала сваю працоўную дзейнасць у райбальніцы ў 1993 годзе. Курыруючы работу маладых спецыялістаў, яна з задавальненнем дзеліцца з імі сваімі ведамі і вопытам.
Усе прадстаўнікі працоўных дынастый атрымалі ад галіновых прафсаюзаў раёна каштоўныя падарункі і кветкі.
На працягу ўсяго вечара ўдзельнікі акцыі “Мы — разам!” сваімі песнямі і танцамі ўзнімалі настрой кіраўчанам, якія кожнае выступленне адорвалі бурнымі авацыямі.
Па завяршэнні мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава выказала словы ўдзячнасці ў адрас кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за арганізацыю і правядзенне акцыі, падзякавала ўсім удзельнікам за цудоўную канцэртную праграму і выказала надзею на далейшае супрацоўніцтва. На памяць аб нашай кіраўскай зямлі і яе жыхарах яна ўручыла гасцям выраб з саломкі, на якім цэнтральнае месца было адведзена сімвалу сёлетняй народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам!” — буслу. Статуэткі буслоў атрымалі ў падарунак і прадстаўнікі раённай улады.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.