Няма межаў у памяці

8282828Для кіраўчанкі Ніны Пархамовіч стаў нечаканасцю выклік у пасольства Расійскай Федэрацыі ў Мінску, дзе ёй было ўручана пасведчанне да ордэна Чырвонай Зоркі, якога ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў удастоены яе бацька У.І.Краўчанка. На ўрачыстым прыёме разам з жанчынай быў яе сын Аляксандр, сэрца якога, як і самой Ніны Уладзіміраўны, перапаўняў гонар за роднага чалавека, які адважна ваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а па іх тварах мімаволі цяклі слёзы.

Аб тым, што былы салдат, наш зямляк У.І.Краўчанка ў гады вайны быў прадстаўлены да ўзнагароджання медалём “За адвагу”, яго родным у мінулым годзе паведаміў Кірыл Дрозд, які на той момант заканчваў гімназію горада і актыўна займаўся пошукавай дзейнасцю. Дзякуючы гэтаму юнаку, захаваны ў памяці многіх сем’яў і ў гісторыі нашай краіны імёны герояў, якія лічыліся без вестак прапаўшымі або за праяўлены гераізм былі ўдостоены дзяржаўнай узнагароды, толькі па пэўных прычынах яе не атрымалі.
Дзеці франтавіка звярнуліся ў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Цэнтральны архіў г.Падольска з просьбай пацвердзіць дадзены факт. Праз пэўны час заяўнікі атрымалі станоўчыя адказы, а таксама выпіску з узнагароднага ліста. У ім указвалася, што кулямётчык 1 нумара 918 стралковага палка У.І.Краўчанка з чэвеня па ліпень і са жніў-ня па верасень 1944 го-да ўдзельнічаў у саставе 2-га Беларускага фронту і пры наступленні на г.Ваўкавыск атрымаў цяжкія раненні галавы і нагі. У апісанні баявых заслуг таксама адзначалася, што ў другі раз ён быў паранены ў баі пад г.Сокаль (Усходняя Прусія). Узнагародны ліст падпісаны капітанам Фалько 16 ліпеня 1945 года.
І якім было здзіўленне дачкі і ўнука Уладзіміра Іларыёнавіча, калі ў пасольстве ім уручылі пасведчанне (ад 6 лістапада 1947 года) да ордэна Чырвонай Зоркі! Зараз яно беражліва захоўваецца ў сямейным архіве разам з іншымі дакументамі былога сяржанта.
Дарэчы, пасля перамогі нямецка-фашысцкіх захопнікаў У.І.Краўчанка прымаў удзел у баявых дзеяннях супраць япон-скіх імперыялістаў. Аб гэтым сведчыць медаль “За перамогу над Японіяй”, да ўзнагароджання якой ён быў прадстаўлены ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 верасня 1945 года, а ўручана (згодна дакументаў) — 25 студзеня 1947 года.
У сям’і захоўваецца і падзяка, якую аб’явіў У.І.Краўчанку Вярхоўны Галоўнакамандуючы Генералісімус Савецкага Саюза І.Сталін за выдатныя баявыя дзеянні ў вайне супраць імперыялістычнай Японіі.
Мірны пасляваенны час Уладзімір Іларыёнавіч прысвяціў педагагічнай дзейнасці: пасля заканчэння Гомельскага педвучылішча спачатку працаваў у Камараўскай пачатковай школе, затым — у Баравіцкай СШ. Падчас адной з раённых канферэнцый Уладзімір Краўчанка пазнаёміўся з маладой настаўніцай Кацярынай Петранковай. Дзяўчына так запала яму ў душу, што ў хуткім часе ён прапанаваў Кацярыне стаць яго жонкай.
Так і ішлі разам па жыцці Уладзімір і Кацярына Краўчанкі: побач працавалі ў школе, побач будавалі дом, у якім у хуткім часе зазвінелі дзіцячыя галасы. Трох сыноў і дачку бацькі выхавалі сумленнымі людзьмі, усе яны знайшлі сваю жыццёвую сцяжынку. У сваю чаргу, зараз радуюць сваімі добрымі ўчынкамі ўжо іх дзеці і ўнукі.
Аб сваіх бацьках расказала іх дачка Ніна Уладзіміраўна, зайшоўшы ў рэдакцыю пасля таго, як атрымала пасведчанне да высокай узнагароды свайго дарагога чалавека. “Маё сэрца перапаўняе гонар за тату, — адзначыла жанчына. — А таксама пачуццё глыбокай удзячнасці за тое, што ён разам з іншымі чырвонаармейцамі змагаўся з ворагам, не думаючы аб ордэнах і медалях”.
Так і працягваецца род Краўчанкаў з Баравіцы ад продкаў да нашчадкаў, перадаючы лепшыя чалавечыя рысы, з дня ў дзень прымнажаючы здабыткі былога салдата. Ён да скону дзён сваіх не ведаў, што яго баявы шлях, акрамя ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені і медалёў, ацэнены такой высокай узнагароды.
Таццяна БАРАДЗІНА.
Фота
з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.