Гэта наша гісторыя (бліц-апытанне жыхароў Кіраўскага раёна)

blicНапярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі мы правялі бліц-апытанне жыхароў раёна і папрасілі іх выказаць сваё меркаванне наконт гэтай гістарычнай падзеі.

Ніна ГУШЧЫНА, дырэктар Барсукоўскага СДК, ветэран працы:
— У маёй памяці 7 лістапада заўсёды застанецца, як гэта гаварылася ў савецкія часы, “чырвоным днём календара”. Сёння можна меркаваць аб гэтым дні і тых даўніх падзеях 1917 года па-рознаму. Але для прадстаўнікоў старэйшага пакалення ён так і застаецца значным і чаканым. Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла многім людзям свабоду выбару, права, незалежнасць. Нараўне з гарантаванымі рабочымі месцамі з’явілася і права на адпачынак. Звычайным людзям сталі даступнымі адукацыя і медыцынскае абслугоўванне…
Мае бацька-салдат і маці-партызанка ў гады Вялікай Айчыннай вайны, як і ўсе свядомыя савецкія людзі, абаранялі заваёвы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Памятаю, як мы цяжка, у голадзе жылі пасля вайны, але былі бязмерна шчаслівымі ад таго, што жывем пад мірным небам. Змалку прадстаўнікі майго пакалення былі прывучаны да фізічнай працы, і гэтая загартоўка ў іх засталася на ўсё жыццё.
З цеплынёй успамінаюцца гады працы ў тагачасным калгасе імя Куйбышава, які неафіцыйна зваўся ў раёне маладзёжным, бо і кіраўніцтва, і практычна ўвесь актыў былі зусім маладымі людзьмі. Хапала цяжкасцей на шляху, але мы, дзякуючы камсамольскаму запалу, пазітыўным амбіцыям, не пабаюся сказаць, веры ў камуністычныя ідэалы, іх пераадольвалі. Я ўдзячная Радзіме, што высока ацаніла і маю сціплую працу. Ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны” — гэта, безумоўна, вялікі гонар на ўсё жыццё і памяць аб гадах маладосці.
Сёння з настальгіяй успамінаюцца тыя часы, калі мы святкавалі гэты дзень. Выходзілі на святочныя мітынгі з флагамі, кветкамі, транспарантамі. Арганізоўваліся святочныя сходы, выставы, канцэрты, іншыя мерапрыемствы… А, бадай, самая большая настальгія — па тым узнёслым настроі, з якім мы сустракалі свята Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта быў настрой усяго грамадства, і выкрасліць яго з памяці немагчыма…
Святлана СЫРАМАЛОТ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце “Барчыцкі НПК ДС — СШ”:
— Дзень 7 лістапада атаясамліваецца ў мяне з такімі паняццямі, як патрыятызм, любоў да Радзімы. Гэта найвышэйшыя духоўныя каштоўнасці. Савецкі патрыятызм дазволіў калісьці за гістарычна кароткі час стварыць магутную краіну і, у тым ліку, паўплываў на развіццё Беларусі. У выніку сёння мы займаем годнае месца ў міжнароднай супольнасці, праводзім міралюбівую знешнюю палітыку. Шануючы традыцыі, наша краіна ўпэўнена ідзе ўласным шляхам развіцця і рухаецца наперад. А гэты восеньскі святочны дзень, упэўнена, напоўніць сэрцы жыхароў Кіраўшчыны радасцю і аптымізмам.
Для людзей старэйшага пакалення Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — гэта своеасаблівы сімвал пераўтварэння жыцця, падзея, якая ў рэчаіснасці змяніла ход гісторыі.
Для таго пакалення дзень 7 лістапада стаў лёсам, і я з павагай стаўлюся да падзей і людзей, якія імкнуліся змяніць жыццё да лепшага.
Святлана ЛІСНЕЎСКАЯ, навучэнка 3 курса ліцэя №15:
— Для нас, прадстаўнікоў маладога пакалення, свята Кастрычніцкай рэвалюцыі – гэта знамянальная і памятная дата ў гісторыі нашага народа. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі памяці тым людзям, на долю якіх выпала ў неспакойны час абараняць свае правы, што дазволіла ў далейшым закласці асновы беларускай дзяржавы.
Для таго, каб моладзь ведала пра такую важную падзею, у нашай установе адукацыі праходзяць “круглыя сталы” і інфармацыйныя гадзіны, на якіх навучэнцы ліцэя больш падрабязна знаёмяцца з падзеямі Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Можна па-рознаму ацэньваць падзеі 1917-га года, але вынікі, да якіх яны прывялі, адчуваюцца і сёння. Кастрычніцкая рэвалюцыя стала зыходнай кропкай духоўнага і сацыяльнага адраджэння беларускай нацыі. Мы жывем у свабоднай і незалежнай краіне, маем магчымасць рэалізоўваць сябе, як асобу, у прафесійным, творчым, жыццёвым плане. Кожны з нас мае права выбару: будучай прафесіі, месца работы і жыхарства, спосабу адпачынку.

Яшчэ больш меркаванняў чытайце ў №85 «Кіраўца» ад 4 лістапада 2016 года.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.