Кіраўскія шахматысты вызначылі лепшых
У мінулыя выхадныя прайшлі спаборніцтвы па шахматах у залік круглагадовай раённай спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры. Удзел у іх прынялі 9 каманд з прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна.
Найбольш вострымі па напружанні сталі паядынкі на шахматных дошках з удзелам прадстаўнікоў райспажыўтаварыства, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Менавіта ў такім парадку і размеркаваліся прызавыя месцы ў камандным заліку.
У асабістым заліку ў мужчын перамогу святкаваў Валерый Бандарэнка, які прадстаўляў зборную райспажыўтаварыства, другі вынік паказаў Канстанцін Гарбачоў з ДЮСШ і трэцім стаў прадстаўнік райаддзела ўнутраных спраў Яўген Ласякоў.
У жанчын не было роўных Анастасіі Гаўрыленка, якая абараняла гонар аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, другой стала Вольга Хушану з райспажыўтаварыства і замкнула прызавую тройку прадстаўніца ДЮСШ Вікторыя Юрчук.
Віктар БЯЛЯНАЎ, старшыня раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.