Павел Хурсаў з Кіраўска — пераможца абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці
Абласны этап трэцяй рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод вучняў 10-11 класаў устаноў сярэдняй адукацыі прайшоў у Магілёўскім дзяржаўным інстытуце развіцця адукацыі. Упэўненую перамогу ў ім атрымаў кіраўчанін Павел Хурсаў!
Гэта не першы поспех прадстаўніка гімназіі горада. Летась Павел таксама прымаў ўдзел у абласным этапе такой жа алімпіяды і тады яму толькі крыху не хапіла да перамогі — заняў другое месца і прадстаўляў потым Магілёўскую вобласць на заключным этапе ў Мінску. Сёлета ён зноў стаў пераможцам раённага этапа і разам з прызёрамі —таксама гімназісткамі Алінай Чайка і Аляксандрай Кастко — дэлегаваўся “на вобласць”.
У алімпіядныя заданні былі ўключаны тэсты, якія складалі больш за 30 пытанняў. Макімальна можна было набраць 100 балаў. Таксама ўдзельнікам прапанавалася творчае заданне на тэму “Як узаемазвязаны рызыка і даходнасць?”. Канкурэнцыя сярод удзельнікаў гаварыла сама за сябе: да ўдзелу ў алімпіядзе было дапушчана больш за 80 прадстаўнікоў з усіх рэгіёнаў Магілёўшчыны — пераможцаў аналагічных раённых (гарадскіх) спаборніцтваў. Тым больш ярка выглядае перамога нашага Паўла Хурсава. Ён набраў 77 балаў і заваяваў Дыплом першай ступені!
Адзначым, што і абедзьве прадстаўніцы гімназіі Кіраўска выступілі больш, чым дастойна ў такой напружанай барацьбе, трапіўшы ў дзясятку мацнейшых. Ну, а Павел Хурсаў зараз зноў рыхтуецца абараняць гонар Прыдняпроўскага краю на рэспубліканскім этапе алімпіяды.