«Прыз-сюрпрыз» дастаўся кіраўчанцы

vika-ilinchikЯк паведамлялася ўжо, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у г.Горкі прайшоў абласны этап конкурсу “Гаспадыня АПК”. 20 удзельніц ва ўзросце ад 18 да 31 года, якія працуюць у сферы аграпрамысловага комп-лексу альбо набываюць адпаведную прафесію, абаранялі гонар сваіх раёнаў. Кіраўшчыну дастойна прадставіла на конкурсе навучэнка ліцэя №15 Вікторыя Ільінчык.

Мерапрыемства праводзілася з мэтай павышэння прафесійнага майстэрства і прапаганды прэстыжу работы ў сельскай гаспадарцы, эстэтычнага выхавання сельскай моладзі, выяўлення і падтрымкі талентаў.
Практычна ўсе ўдзельніцы праявілі сябе з самага лепшага боку, і кампетэнтнаму журы на чале са старшынёй абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Гейдэлем, было даволі няпроста з вызначэннем лепшых.
У “Візітнай картцы” намінанткі расказвалі аб сабе, працоўнай дзейнасці, захапленнях, дзейнасці ў прафсаюзе. “Візітка” Вікторыя Ільінчык была адзначана як адна з лепшых. Дзяўчына, акрамя вышэй названых момантаў, арыгінальна расказала яшчэ і аб Кіраўскім раёне, яго адметнасцях і гістарычных мясцінах.
У “Спаборніцтвах інтэлектуалаў” канкурсанткі адказвалі на некалькі закавырыстых пытанняў з розных абласцей жыццядзейнасці. І тут Вікторыя паказала высокі рэзультат, адказаўшы на ўсе пытанні.
Затым удзельніцы здзіўлялі журы і гледачоў сцэнічнымі выступленнямі ў адным з відаў мастацтва: музыка, вакал, харэаграфія, тэатральнае, выяўленчае ці аратарскае. Музычны нумар нашай прадстаўніцы быў на вышыні. Трэба адзначыць, што спяваць Віка наогул вельмі любіць. А калі ўлічыць, што дзяўчына на працягу васьмі год займалася вакалам, здзіўляцца няма падстаў, што і на горацкай сцэне адчувала сябе вельмі ўпэўнена.
Неад’емны атрыбут сапраўднай гаспадыні — кулінарныя здольнасці. Іх дэманстравалі ўдзельніцы прывезенымі з сабой арыгінальнымі блюдамі.
Ацэньваліся таксама ўменне намінантак трымацца на працягу ўсяго конкурсу, дэфіліраваць па сцэне, артыстызм, здольнасць завалодаць увагай гледачоў.
Вікторыі, на жаль, крыху не хапіла да п’едэсталу гонару — вельмі ўжо моцная была канкурэнцыя. Тым больш, што яна аказалася самай маладой удзельніцай. Але без каштоўнага прыза Віка не засталася. Прычым, спецыяльнага. “Прыз-сюрпрыз”— мікрахвалевую печ, прадастаўленую ўпраўляючай кампаніяй холдынга “Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка”, а таксама вялізны кош з малочнай прадукцыяй прадпрыемства, уручыў самай маладой удзельніцы дырэктар холдынга, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Кананчук.
…Некалькі слоў пра саму ўдзельніцу. Вікторыя жыве ў Любонічах. Паспяхова скончыла мясцовую школу, а зараз на “выдатна” вучыцца на другім курсе ліцэя №15. Будучая прафесія Вікі — прадавец-агароднінавод. Аднак спыняцца на прафесійна-тэхнічнай адукацыі дзяўчына не збіраецца. Надалей мяркуе набыць вышэйшую адукацыю і дабіцца вышынь у прафесійнай дзейнасці. У Вікторыі вельмі цікавая і творчая натура. За плячыма ў яе ўжо не адзін конкурс, праўда, дагэтуль былі раённыя. Дзяўчына паспяхова паўдзельнічала летась у раённым этапе конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, а таксама “Міс Кіраўчанка”. У апошнім атрымала тытул “Міс Талент”.
Мы папрасілі Вікторыю падзяліцца ўражаннямі ад конкурсу “Гаспадыня АПК”:
— Уражанні — самыя непаўторныя і незабыўныя. Сама атмасфера, арганізацыя конкурсу былі на самым высокім узроўні — сапраўднае свята! Безумоўна, у мяне была вельмі высокая канкурэнцыя. Усе канкурсанткі паказалі вельмі высокую падрыхтаванасць. Але засмучацца няма падстаў: і прыз, і дыплом, і падарункі атрымала, а, галоўнае, удалося выступіць даволі дастойна, хоць і безумоўна, крыху хвалявалася.
Але ўдалым маё выступленне, думаю, не атрымалася б, калі б не такая падтрымка кіраўніцтва нашага ліцэя і асабіста намесніка дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце Ж.Л.Каранкевіч і старшыні прафкама В.М.Леснікоўскай, а таксама аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК — усім вялікі дзякуй!
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.