Руплівая праца — аснова поспеху «рассветаўцаў»

filimonovpetrushaЗ новымі працоўнымі дасягненнямі сустракае Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу самая буйная гаспадарка раёна — СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Менавіта калектыў “Рассвета” прызнаны пераможцам у раённым спаборніцтве за своечасовае і якаснае правядзенне веснавых палявых работ. Сярод лідараў — і шэраг яго старанных працаўнікоў.

Своечасова і якасна рассветаўцы выканалі ўвесь комплекс веснавых палявых работ: падрыхтавалі глебу пад сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, унеслі комплекс мінеральных і арганічных угнаенняў, правялі падкормку азімых, сенажацяў і пашы. З мэтай павышэння ўраджайнасці сельгаскультур правялі зяблевую апрацоўку глебы. Менавіта ворыва дазваляе назапасіць у глебе вільгаць, мабілізаваць пажыўныя рэчывы, знішчыць пустазелле, шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хваробы сельскагаспадарчых культур.
Загадзя паклапаціліся ў гаспадарцы і аб забеспячэнні якасным насеннем. Дарэчы, з насенным фондам тут ніколі не існуе праблем: увесь матэрыял — толькі эліта ці першай рэпрадукцыі. З першага дня сяўбы працаваў пункт пратручвання насення.
Штодзень на палеткі выходзіла неабходная колькасць энерганасычанай тэхнікі, глебу паспявалі падрыхтаваць з запасам. Дзеля таго, каб да мінімуму скараціць час загрузкі сеялак, было задзейнічана некалькі пагрузчыкаў насення.
Каб завяршыць увесь комплекс агратэхнічных работ у аптымальныя тэрміны, рассветаўцы загадзя падрыхтавалі трактары, пасяўныя агрэгаты, правялі іх праверку і абкатку. Аднак не толькі стан тэхнікі ўплывае на якасць сяўбы — многае залежыць ад адказнасці і прафесіяналізму механізатараў. У “Рассвеце” шчыруюць сапраўдныя майстры сваёй справы. Сярод іх —Аляксандр Гутараў, Юрый Бяляўскі, Аляксандр Кандрацьеў, Уладзімір Фамін, Сяргей Міхалап, Сяргей Дрозд, Юрый Каранкевіч і многія іншыя.
Падчас такой важнай кампаніі як сяўба, мясцовыя земляробы не лічыліся з уласным часам, разумелі, што ў тым ліку і ад іх стараннай працы залежыць, наколькі важкім будзе ўраджай збожжавых і зернебабовых культур. І ён сёлета апраўдаў іх надзеі: намалочана на 1282 т зерня больш леташняга.
Валавы збор збожжа і рапсу ў гаспадарцы склаў 14183 т з агульных 4348 га пасяўных плошчаў збожжавых і зернебабовых культур (без уліку кукурузы на зерне).
Сёлетні хлебны каравай “Рассвета” атрымаўся цяжэй леташняга, у многім дзякуючы таму, што былі захаваны тэхналагічныя патрабаванні і агратэхнічныя прыёмы, своечасова праведзены сяўба, апрацоўка і догляд раслін. А, бадай, самым галоўным фактарам добрага ўраджаю стала адказная праца ўсіх удзельнікаў уборачнай кампаніі. Слава аб руплівых хлебаробах гаспадаркі ўжо даўно выйшла за межы раёна. Так, першым у вобласці тысячны рубеж па намалоце збожжавых перакрочыў экіпаж у саставе старшага камбайнера Івана Салановіча і Івана Багеля. Малады вадзіцель Дзяніс Сакабіцкі першым на Магілёўшчыне пераадолеў рубеж у 1000 т на адвозцы збожжа ад камбайнаў.
Увогуле 8 рассветаўскіх экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў намалацілі больш, чым па 1000 т збожжа, столькі ж вадзіцеляў перавезлі больш, чым па 1000 т намалоту на ачышчальна-сушыльныя комплексы і камбінаты хлебапрадуктаў.
Не менш адказна правялі працаўнікі СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага і яшчэ адну важную сельскагаспадарчую кампанію — нарыхтоўку кармоў для грамадскага статка. З кожным годам пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы павялічваецца, а, значыць, узрастае патрэба ў якасных кармах. Своечасова падкормленыя зялёныя палеткі парадавалі сёлета добрым травастоем, а спрыяльнае надвор’е дазволіла ўбраць травы ў найбольш аптымальныя тэрміны паспявання. Немалаважная заслуга ў атрыманні дастатковай колькасці кармоў — зладжаная і дасканала наладжаная работа механізатарскага звяна. Нездарма сярод пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў большасць — рассветаўцы. У ліку лідараў — камбайнер Канстанцін Пятруша, трактарыст Сяргей Кахновіч, вадзіцель Валерый Шчэрбіч і іншыя.
Паклапаціліся рассветаўцы і пра ўраджай-2017: пад поўную патрэбу засыпана якаснае насенне збожжавых і зернебабовых культур, у найлепшыя агратэхнічныя тэрміны праведзена сяўба азімых. Усё гэта дае спадзяванне на атрыманне важкага ўраджаю наступнага года.
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.