У Кіраўску прайшоў раённы конкурс «Міс Дзюймовачка-2016»

dyujmovochka-24Падчас раённага конкурсу прыгажосці і таленту для дзяцей малодшага ўзросту “Міс Дзюймовачка-2016” сцэна Дома культуры ператварылася ў краіну непасрэднай і шчырай дзіцячай творчасці і чароўнасці. На тытул прэтэндавалі дзевяць маленькіх кіраўчанак. Ім трэба было вытрымаць пяць іспытаў, пры гэтым не разгубіцца і максімальна адкрыта прадэманстраваць свае таленты і ўменні. Усе канкурсанткі справіліся з гэтай задачай на выдатна. Журы конкурсу, якое ўзначаліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Карпук, спатрэбілася нямала часу, каб вызначыць лепшых.
Ну, а зараз знаёмцеся — самыя смелыя, прыгожыя і таленавітыя!

dyujmovochka-26Міс Дзюймовачка-2016” — Віялета Горбач
Сямігадовая Віялета найбольш пакарыла журы і гледачоў. Нездарма акрамя галоўнага тытулу конкурсу дзяўчынка заваявала і прыз сімпатый гледачоў! Віялета ўмее быць лідарам, нават выступала пад №1. Вучыцца дзяўчынка ў 2 класе. Сярод шматлікіх талентаў і ўменняў — маляванне, ігра на піяніна, танцы.
На этапе “Дэфіле” выйшла ў сукенцы, зробленай з паперы, а аформіла нумар песняй “Леди Совершенство”. Падчас свайго знаходжання на сцэне Віялета ззяла, нібы зорачка, чытала вершы, спявала. Менавіта яе артыстызм, смеласць і ўпэўненасць у сабе, а яшчэ трывалая падтрымка бацькоў і родных сталі скадаемымі поспеху юнай кіраўчанкі.

 

dyujmovochka-2“Першая віцэ-міс” — Алена Нігматуліна
Чароўная кветачка для сваіх бацькоў, яскравая і таленавітая, на погляд журы і гледачоў, першакласніца Алена выступала на конкурсе пад №2. На этапе “Візітка” дзяўчынка выехала на сцэну на дзіцячым аўтамабілі і прадэманстравала выдатныя задаткі будучага вадзіцеля. Любіць спяваць, танцаваць і дапамагаць матулі па хатняй гаспадарцы. А вось тата вучыць дачушку іграць у шахматы і вудзіць рыбу. А яшчэ ён добра падтрымаў сваю кветачку, калі ў творчым іспыце яны разам спявалі.
Не пакінула абыякавымі гледачоў сукенка Алены, зробленая з рознакаляровых паветраных шарыкаў.

 

dyujmovochka-14“Другая віцэ-міс” — Дар’я Эзрына

Сёлета Даша стала першакласніцай. Нягледзячы на тое, што яе шлях па Краіне ведаў толькі стартануў, юная прыгажуня ўжо вызначылася з будучай прафесіяй: хоча стаць ветэрынарам. І нездарма, бо вельмі любіць жывёлу. А яшчэ Даша займаецца ў танцавальным гуртку і спявае.
Нарадзілася яна вясной, гэты факт і стаў тэмай арыгінальнай сукенкі з пакетаў, якая называлася “Дзьмухавец”, бо гэта яе любімая кветка. Песня пра вясёлку стала нібы адлюстраваннем і ўнутранага, і знешняга свету Дар’і. Гэта не засталося без увагі гледачоў, і Даша таксама заваявала прыз сімпатый гледачоў.

 

dyujmovochka-17“Другая віцэ-міс” і “Міс Артыстызм” — Віялета Халатава
Калі Віялета з’явілася на свет, для яе бацькоў яна нагадвала кветачку, таму і імя яны выбралі для дачкі адпаведнае. Гэта юная канкурсантка ўвасобіла, калі інсцэніравала сваё нараджэнне з дэкаратыўнай кветкі.
Віялета вучыцца ў гімназіі, прадстаўленне і творчы нумар яна адзіная з усіх удзельніц падрыхтавала на беларускай мове. А яшчэ дзяўчынка старанна вывучае англійскую мову, складае вершы, любіць чытаць кнігі.
На этап “Дэфіле” разам з бацькамі падрыхтавала арыгінальную сукенку з газет і часопісаў “Паўлін”, выгляд якой поўнасцю адпавядаў назве.
Разам з Дашай Эзрынай яны падзялілі тытул “другой віцэ-міс”, аднак журы прызнала Віялету яшчэ і самай артыстычнай з удзельніц.

 

dyujmovochka-22“Міс Талент” — Аніта Шарстабаева
Выступленне Аніты на конкурсе найбольш запомнілася яе шыкоўным творчым нумарам, падчас якога дзяўчынка танцавала ў вобразе лялькі: пластычна, грацыёзна, упэўнена ў сабе. Яна падрыхтавала арыгінульную сукенку з пластыка, на што спатрэбілася 50 шклянак, 50 відэльцаў, 100 лыжак і 40 талерак.
Аніта чытае з пяці гадоў, добра валодае кампю’тарам, любіць даглядаць кветкі і душы не чуе ў малодшым браціку Мацвейку.

 

dyujmovochka-15“Міс Грацыя” — Дар’я Давыдовіч
Другакласніца Даша пакарыла сціпласцю, стрыманасцю і пяшчотай. Акрамя танцаў і спеваў захапляецца спортам.
На творчы іспыт падрыхтавала даволі вялікі па памерах і глыбокі па пачуццях верш пра Дзюймовачку, а сукенку прадставіла з пакетаў.
Журы Даша пакарыла грацыёзнасцю, што і адзначана ў заваяваным тытуле.

 

dyujmovochka-16“Міс Усмешка” — Аляксандра Самцова
Дзевяцігадовая Саша — пазітыўная і энергічная дзяўчынка, якая зачароўвае шчырай дзіцячай усмешкай. Юная модніца любіць прыгожа апранацца, маляваць і гуляць у лялькі.
Арыгінальна прадставіла сваю сукенку, зробленую з чорных пакетаў: суправаджала яе дэманстрацыю песняй пра чорнага ката. Яшчэ арыгінальней падышла да творчага іспыту: прадстала перад гледачамі ў вобразе Анёла і цудоўна выканала песню “Анёлы дабрыні”.

 

dyujmovochka-18“Міс Зачараванне” — Арына Еўдакімава
Выступленне Арыны запомнілася тым, што любы іспыт яна праходзіла ўпэўнена, без кропелькі сумненняў, а яшчэ ўсё рабіла хутка, дакладна і лаканічна.
Цудоўна прадэфілявала ў касцюме з блакітных пакетаў “Незабудка”, артыстычна прачытала верш “Восень”. Шчырасць і непасрэднасць гэтай юнай канкурсанткі не пакінулі абыякавымі ні журы, ні гледачоў. Тытул “Міс Зачараванне” — яскравае таму пацвярджэнне.

 

dyujmovochka-10“Міс Арыгінальнасць” — Карына Іванова
Вучаніца гімназіі г.Кіраўска Карына імкнецца, каб маці і тата ёю ганарыліся, таму яна старанна вучыцца і любую справу выконвае дакладна, каб атрымлівалася на выдатна.
Заваяваць тытул самай арыгінальнай удзельніцы дзяўчынцы дапамагла яе фантазія і ўменне ажыццяўляць свае творчыя ідэі. Настрой гледачам яна ўзняла дэманстрацыяй сукенкі з пакетаў, якая насіла назву “Кветкавы настрой”. Арыгінальна Карына паставілася да творчага нумару: прадэфілявала з парасонам.

 

Дзякуючы спонсарам: прадстаўніку кампаніі “Фаберлік” Таісіі Асецкай, дырэктару магазіна “Магнолія гандаль” Галіне Зайцавай, індывідуальным прадпрымальнікам Наталлі Комар, Зінаідзе Красніцкай, Ларысе Шырокай і Марыі Куніцкай, канкурсанткі атрымалі ад удзелу у творчым спаборніцтве не толькі шмат яскравых уражанняў і ўзнагароды, але і падарункі.
Застаецца дадаць, што шмат сіл прыклалі арганізатары гэтага конкурсу дзіцячага таленту і прыгажосці, каб ён атрымаўся відовішчным. Пастараліся і бацькі ўдзельніц, здолелі ўвасобіць у жыццё мноства крэатыўных ідэй, горача падтрымлівалі сваіх дачушак і, здаецца, больш хваляваліся, чым самі ўдзельніцы. Юныя канкурсанткі ўпрыгожылі творчае спаборніцтва абяззбройваючай дзіцячай адкрытасцю. На жаль, гледачоў у зале было няшмат, але тыя Кіраўчане, якія прыйшлі на гэта мерапрыемства, атрымалі шмат станоўчых эмоцый і добрага настрою.

Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

 

dyujmovochka-30 dyujmovochka-3 dyujmovochka-4 dyujmovochka-5 dyujmovochka-6 dyujmovochka-7 dyujmovochka-8 dyujmovochka-9 dyujmovochka-11 dyujmovochka-12 dyujmovochka-13 dyujmovochka-19 dyujmovochka-20 dyujmovochka-21 dyujmovochka-23 dyujmovochka-25 dyujmovochka-29

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.