У ліку ўзнагароджаных — прадстаўнікі Кіраўшчыны

den-selxozaУ мінулую суботу ў г.Горкі адбылося абласное ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

На ўрачыстасці, якія прайшлі ў Доме культуры Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, прыбылі дэлегацыі раёнаў, у састаў якіх уваходзілі лепшыя аграрыі Магілёўшчыны. Ад нашага раёна ў дэлегацыю на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарчу Аляксандрам Адамавым увайшлі перадавыя работнікі сельгасарганізацый Кіраўшчыны.
Перад пачаткам мерапрыемства ўдзельнікі маглі прадэгуставаць разнастайную мясную, малочную прадукцыю, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, якія ў шырокім асартыменце прадставілі буйнейшыя перапрацоўчыя прад-прыемствы вобласці.
На сцэне адбылося ўзнагароджванне лепшых працаўнікоў аграрнага сектара Прыдня-проўскага краю. У іх лік трапілі і прадстаўнікі Кіраўшчыны. Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Чыкіда ўручыў Ганаровую грамату Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта галоўнаму эканамісту КСУП “Ніва-Барсукі” Сяргею Гур’янаву. Ганаровай граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўдастоены аператар па штучным асемяненні СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Сяргей Стральцоў. Узнагароду яму ўручыў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Марыніч. Старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль узнагародзіў Ганаровай граматай Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК намесніка дырэктара, старшыню прафкама КСУП “Чырвоны баец” Іосіфа Галанцова.
Яркім мерапрыемствам стаў абласны этап конкурсу “Гаспадыня АПК” для 20 удзельніц ва ўзросце ад 18 да 31 года — пераможцаў аналагічных спаборніцтваў у сваіх раёнах, і гледачоў. Гонар нашага раёна абараняла навучэнка ліцэя №15 Вікторыя Ільінчык. Дзяўчына была самай маладой удзельніцай конкурсу. Больш падрабязна аб ёй і аб конкурсе непасрэдна — у наступным нумары “Кіраўца”.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.