З вялікай удзячнасцю аграрнікам Кіраўшчыны за плённую працу!

adamoffАграпрамысловы комплекс — важнейшая складаемая эканомікі краіны ў цэлым і кожнага рэгіёна. Тут забяспечваецца вытворчасць жыццёва важнай для грамадства прадукцыі, сканцэнтраваны значны эканамічны патэнцыял. Развіццё АПК у вырашальнай ступені вызначае ўзровень харчовай бяспекі і дабрабыт насельніцтва.
Наша перадсвяточнае інтэрв’ю па гэтай тэме — з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарчу Аляксандрам АДАМАВЫМ.

— Аляксандр Якаўлевіч, традыцыйна напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў мы падводзім вынікі сельскагаспадарчага года, называем лепшых працаўнікоў, намячаем задачы на перспектыву. Перш за ўсё, цікава ведаць, з якімі здабыткамі сустракаюць знамянальны для сябе дзень работнікі аграпрамысловага комплексу раёна?
— Адыходзячы год быў няпростым для сяльчан. Ён патрабаваў ад працаўнікоў палёў і ферм значных намаганняў, высокай арганізаванасці, дысцыпліны і адказнасці, каб насуперак капрызам надвор’я атрымаць добры ўраджай хлеба, іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, нарыхтаваць дастатковы аб’ём кармоў для грамадскага статка, забяспечыць павышэнне прадуктыўнасці жывёлагадоўлі. І аграрыі Кіраўшчыны, як заўжды, прадэманстравалі свае лепшыя якасці — працавітасць, адданасць абранай справе, прафесіяналізм, настойлівасць у вырашэнні вызначаных задач. Дзякуючы гэтаму дасягнуты пэўныя станоўчыя вынікі. За 10 месяцаў тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ў супараўнальных цэнах склаў 114% да ўзроўню мінулага года пры заданні на год 104%. Найбольшы тэмп росту забяспечаны ў СГФ “Чыгірынка”, КСУП “Ніва-Барсукі”, ААТ “Стайкаўскае”, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
— Вянец сельскагаспадарчага года і сімвал дабрабыту — ураджай хлеба. Давайце нагадаем, якім намалотам хлебная ніва аддзячыла сёлета намаганні сяльчан?
— Нягледзячы на складаныя пагодныя ўмовы, удалося пераўзысці паказчык мінулага года па валавой вытворчасці збожжа. Найбольшыя намалоты былі атрыманы ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага пры лепшай у раёне сярэдняй ураджайнасці 47 ц/га.
Па выніках 10 месяцаў атрымана каля 45 тыс. т збожжа ў бункернай вазе, 11 тыс. т зерня кукурузы, што ў 7,5 раза перавышае ўзровень 2015 года.
У сёлетні ўраджай была ўкладзена руплівая праца, прафесійнае майстэрства многіх сяльчан: кіраўнікоў, спецыялістаў, механізатараў, вадзіцеляў гаспадарак і іншых удзельнікаў уборачнай кампаніі: вялікі дзякуй усім за добры рэзультат!
Нагадаем асобныя высокія пазіцыі жніва: у нашым раёне быў першы ў вобласці экіпаж-тысячнік у саставе Івана Салановіча і Аляксандра Багеля з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага; намалоту збожжа звыш 1000 т дасягнулі 14 экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў, у тым ліку 2 экіпажы — больш 1500 т; на адвозцы збожжа рэзультат звыш 1000 т пакарыўся 23 вадзіцелям, у тым ліку 7 адвезлі больш 1500 т, адзін — звыш 2000 т; на дапрацоўцы зерня паказчыка больш 1000 т дасягнулі 9 звенняў зернесушыльных комплексаў.
Лепшымі з лепшых сталі экіпаж з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага ў саставе Мікалая Дразда і Дзмітрыя Кахновіча і вадзіцель гэтай жа гаспадаркі Дзяніс Сакабіцкі.
— А якія паказчыкі раслінаводчай галіны за студзень-кастрычнік па вытворчасці іншых сельгаскультур?
— Цукровых буракоў атрымана 41,5 тыс. т, што ў 2,3 раза больш узроўню мінулага года, бульбы — 7,5 тыс. т (100%). Нарыхтавана 9 тыс. т агародніны ад-крытага і закрытага грунту, або ў 1,3 раза больш мінулага года пры тым, што агародніны адкрытага грунту атрымана ў 2 разы больш, чым летась.
— Працягваючы размову пра галіну раслінаводства, давайце, калі ласка, акрэслім пытанне, як ішлі справы ў кормавытворчасці, наколькі трывалая кармавая база створана ў раёне для зімоўкі грамадскага статка?
— Трэба адзначыць, у раёне вядзецца пастаянная карпатлівая работа па ўдасканаленні кармавой базы дзеля павышэння прадуктыўнасці жывёлагадоўлі, паляпшэння якасці прадукцыі.
Нарыхтавана кармоў на ўмоўную галаву жывёлы — 32,2 ц к.адз., што больш леташняга, а з улікам зернефуражу — 39 ц к.адз. Нарыхтоўка сена склала 104,2% да леташняга ўзроўню, сенажу — больш 128%, зернасенажу — больш 149%. Сіласу нарыхтавана ў 1,8 раза больш, чым у 2015 годзе.
Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі раслінаводства ў супараўнальных цэнах па выніках 10 месяцаў склаў 133,5%.
Акрамя названых вышэй хлебаробаў, хочацца адзначыць добрасумленную працу трактарыстаў-машыністаў: Аляксандра Гутарава і Канстанціна Пятрушу з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, Генадзя Воласа з КСУП “Барчыцы-агра”, вадзіцеля Валерыя Кісялёва з КСУП “Жылічы” і многіх іншых.
— Ёсць якасныя кармы ў дастатковай колькасці — будуць малако і мяса, зразумела, пры захаванні тэхналагічных рэгламентаў. Лагічна мы падышлі да размовы пра становішча спраў у жывёлагадоўчай галіне, якое ў рашаючай ступені ўплывае на агульны вынік работы АПК.
— Жывёлагадоўчая галіна Кіраўшчыны традыцыйна дэманструе высокі ўзровень вытворчасці, што дазваляе нашаму раёну стабільна з’яўляцца лідарам у вобласці па надоі малака на карову: за 10 месяцаў ён склаў 4700 кг.
Малака за гэты перыяд па раёне атрымана 43,4 тыс. т, рэалізавана 39,1 тыс. т. Найбольшы прырост прадукцыі дасягнуты ў КСУП “Чырвоны баец”, ААТ “Кіраўскае райаграправмтэхзабеспячэнне”, СГФ “Чы-гірынка”, КСУП “Ніва-Барсукі”.
Варта адзначыць, што колькасць пагалоўя БРЖ, свіней у гаспадарках раёна штомесяц захоўваецца. Па выніках года плануецца атрымаць цялят на 600 галоў больш леташняга ўзроўню.
Сярод перадавікоў галіны жывёлагадоўлі — аператары па штучным асемяненні жывёлы Юлія Пархімчык з КСУП “Чырвоны баец”, Надзея Спірыдонава з ААТ “Стайкаўскае”; аператары машыннага даення Зоя Сенчукова і Наталля Навуменка з КСУП “Чырвоны баец”, Алена Дзікарэвіч і Ірына Міхалап з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага; рассветаўскія аператары па дарошчванні БРЖ Наталля Бяляева, Ірына Комар, Святлана Лусковіч, па вырошчванні БРЖ — Наталля Сухарава, Кацярына Вяроўкіна; па адкорме БРЖ — Валянціна Сяргейчык, Наталля Чубаева з КСУП “Ніва-Барсукі” і многія іншыя.
Хачу дадаць, што на ўсіх участках сельгасвытворчасці свой уклад у агульную справу ўносіць моладзь, дастойна працягваючы працоўныя традыцыі.
— Напэўна, немалаважным фактарам росту вытворчасці прадукцыі, павелічэння пагалоўя грамадскага статка стала правядзенне рэканструкцыі і мадэрнізацыі жывёлагадоўчых аб’ектаў?
— Гэта, безумоўна, так. У раёне завяршаецца рэканструкцыя малочна-таварных ферм, узводзімых згодна даручэння Кіраўніка дзяржавы. У бліжэйшы час будзе ўведзена ў эксплуатацыю МТФ у ААТ “Стайкаўскае”. Усяго пабудавана 10 малочна-таварных комплексаў, адпавядаючых усім сучасным патрабаванням вытворчасці малака.
Для завяршэння поўнага тэхналагічнага цыкла гаспадарчым спосабам пабудаваны і ўведзены 7 радзільных аддзяленняў, будуюцца прафілакторыі для ўтрымання цялят да 90 дзён. Вядзецца сур’ёзная работа па захаванасці маладняку.
— Завяршальная нота нашай размовы — перспектывы развіцця аграпрамысловага комплексу.
— Безумоўна, сёлетнія здабыткі паслужаць трывалым задзелам для дасягнення дастойных рэзультатаў у надыхо-дзячым годзе.
Па-першае, надзею на добры ўраджай 2017 года ўсяляе арганізавана і вынікова праведзеная сяўба азімых культур.
А ўвогуле наперадзе ў нас — далейшае вырашэнне задач па ператварэнні сельгасвытворчасці ў сучасны аграбізнэс. Гэта патрабуе зладжанай і эфектыўнай работы, новых ведаў, цярплівасці і настойлівасці ў дасягненні вызначаемых мэт. Неабходна дабівацца больш высокага ўзроўню гаспадарання на аснове ўкаранення інтэнсіўных і рэсурсазберагальных тэхналогій, мадэрнізацыі вытворчасці, зніжэння затрат, павышэнні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.
Сардэчна віншую ўсіх працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна, ветэранаў сельгасвытворчасці з надыходзячым святам! Здароўя вам, дабрабыту, веры ў сябе, новых поспехаў на карысць працвітання роднага краю!
Размову вяла Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.