Кіраўчане ў саставе зборнай Магілёўскай вобласці занялі другое месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах
З 30 студзеня па 1 лютага ў г.Віцебску прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па зімовым мнагаборстве “Здароўе”. Удзел у іх прыняла зборная каманда Магілёўскай вобласці, у састаў якой увайшлі і прадстаўнікі Кіраўшчыны: вучні Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева Крысціна Лазарава, Максім Няйштэтар і Аліна Ермалаева.
Рабяты прадэманстравалі добрую фізічную падрыхтоўку ў кулявой стральбе з пнеўматычнай зброі, скачках у даўжыню з месца, гімнастыцы і лыжных гонках. У гэтым — немалаважная заслуга іх настаўніка В.І.Вароніча.
У выніку ўпартай барацьбы каманда Магілёўскай вобласці заняла другое агульнакаманднае месца, крыху ўступіўшы гаспадарам спаборніцтваў — віцяблянам. Усе рабяты былі ўзнагароджаны медалямі і граматамі.