Веснавыя клопаты КСУП «Чырвоны баец»

К.Б-3 К.Б К.Б-2Кожны пагодны веснавы дзянёк падштурхоўвае вяскоўцаў да палявых работ. У комплексе зараз яны вядуцца ў КСУП “Чырвоны баец”, у чым учора пераканаліся журналісты “раёнкі”.
Тэхніку ў гаспадарцы падрыхтавалі загадзя, таму нечаканых збояў не назіраецца: механізмы сталёвых машын працуюць належным чынам. Сельгасмашыны адначасова заняты на розных участках.

Як расказаў галоўны аграном “Чырвонага байца” Мікалай Шчур, яравы клін у сельгаспрадпрыемстве сёлета зойме 1335 га. Адметна, што амаль увесь ураджай з веснавых пасеваў, за выключэннем цукровых буракоў, якія “раскінуцца” на 270 га, пойдзе выключна на патрэбы гаспадаркі. На 195 га будзе размешчаны ячмень, зерне яго плануецца прызначыць на фураж для корму жывёлы. На 600 га пасеюць кукурузу, частка якой пойдзе на зерне, а частка — на сілас. Аднагадовыя травы зоймуць 40 га, бабовыя культуры — 250 га.
Актыўнымі тэмпамі вядзецца ворыва. З 600 га запланаваных плошчаў амаль палова ўзарана. Задзейнічаны на гэтым участку Валерый Дырыкаў, які узворвае глебу безадвальна, з дапамогай дыскаў, і Павел Букаты, да яго трактара МТЗ-1221 прычэплены пяцікорпусны плуг. Працаваў на ворыве таксама Аляксей Масюковіч, але ўчора зрабіў “ракіроўку” агрэгатаў: замест плуга прычапіў сеялку для сяўбы ячменю. Дарэчы, насенне абавязкова апрацоўваецца ад хвароб.
Амаль 300 га пад яравую сяўбу закультываваў Яўген Кандраценка. Яго работа не выклікае нараканняў у кіраўніцтва гаспадаркі, механізатар апрацоўвае глебу хутка і якасна.
Вывозіцца на палі арганіка. На палетках складзіравана амаль 30 тысяч тон угнаенняў. 335 тон унесена пад пасевы кукурузы.
Тым часам усё больш зелянеюць усходы азімых культур. Зараз іх вельмі важна падкарміць, каб расліны набіраліся сіл. Неабходныя хімпрэпараты ўносіць Дзяніс Казанцаў. Яшчэ адна адзінка тэхнікі ў дапамогу мясцоваму механізатару задзейнічана з філіяла “Кіраўскі райпаліўзбыт” МКАУВП “Аблпаліва”, кіруе трактарам Уладзімір Бяляўскі. На бягучы момант азімы рапс у “Чырвоным байцы” падкормлены на 318 га.
Традыцыйна для “Чырвонага байца” ўсе работнікі зацікаўлены ў хуткім і якасным выкананні работ. Распрацаваны нормы, расцэнкі, арганізавана працоўнае спаборніцтва. Земляробам прама ў поле дастаўляецца гарачае харчаванне. А тыя, хто задзейнічаны на работах, звязаных з хімічнымі рэчывамі, дадаткова атрымліваюць малако, забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.