Юныя цяжкаатлеты з Кіраўшчыны вызначыліся на абласных і рэспубліканскіх памостах
Выхаванцы аддзялення цяжкай атлетыкі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прынялі ўдзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Падапечныя трэнераў Кірыла Іваніцкага і Андрэя Асташова зноў паказалі дастойныя рэзультаты.
На абласной Спартакіядзе ДЮСШ, якая праходзіла ў Чавусах, наша каманда заняла 4 месца з 9 каманд, крыху ўступіўшы спартсменам з Магілёва, Бабруйска і гаспадарам турніру.
Асобныя прадстаўнікі Кіраўшчыны ўдала выступілі ў асабістым заліку, трапіўшы ў прызавыя тройкі ў сваіх вагавых катэгорыях. Так, Дар’я Чыжонак заняла другое месца, Паліна Лазаковіч і Арцём Чорны — трэція. Дарэчы, усе трое — юныя атлеты з Любоніч. Чацвёрты рэзультат паказаў кіраўчанін Уладзіслаў Міхалап.
Літаральна праз некалькі дзён у Бабруйску прайшла рэспубліканская Спартакіяда ДЮСШ з удзелам цяжкаатлетаў 2002-03 гадоў нараджэння. Станіслаў Еўдакімаў з Любоніч заняў высокае 5 месца, Уладзіслаў Міхалап паказаў 9 рэзультат.
Наступныя старты кіраўскія штангісты правядуць напрыканцы красавіка ў Магілёве, дзе пройдуць Алімпійскія дні моладзі. Тут жа адбудзецца адбор лепшых на рэспубліканскія спаборніцтвы.