Сем “Я” сям’і Бегуновых з Мышкавіч

Сем “Я” сям’і Бегуновых з Мышкавіч

Семья БегуновыхНапярэдадні Міжнароднага дня сям’і мнага­дзетнай маці з аг.Мышкавічы Вользе Бегуновай у ліку пяці іншых прадстаўніц вобласці намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч уручыў высокую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Маці, які мае асаблівую каштоўнасць, сімвалізуючы высокае грамадскае прызнанне мацярынства.

Мнагадзетная сям’я… Колькі трэба вытрымкі, самаадданасці, душэўнай цеплыні, каб выгадаваць, выхаваць і вывесці на шырокі жыццёвы шлях сваіх дзяцей! Людзей, якія ўзялі на сябе такую вялікую адказ- насць, несумненна можна назваць героямі. Сярод іх — Яўген і Вольга Бегуновы з аг.Мышкавічы.
У іх з мужам 5 дзетак — два сыночкі і тры дачушкі: Канстанцін (самы старэйшы, яму 11 гадоў), Анюце — 9 гадоў, Варвары — 3 годзікі, Віцюшы — 2, самай маленькай Кацюшы крыху больш года.
Наша сустрэча з сям’ёй Бегуновых праходзіла ў іх доме ў цёплай і шчырай атмасферы. Яшчэ толькі пераступіўшы парог, я адразу ўбачыла пяць пар зацікаўленых вачэй, якія ўважліва назіралі, хто ж гэта да іх завітаў? Першыя некалькі хвілін была нехарактэрная для гэтага дома цішыня. Аднак, як толькі мы пазнаёміліся бліжэй, малышы адразу вярнуліся ў звыклую для сябе атмасферу: чуліся вясёлы смех, тупат непаседлівых дзіцячых ножак.
Прыемныя ўражанні выклікалі Яўген з Вольгай: абодва маладыя, прыгожыя і… вельмі шчаслівыя. Было бачна, што для гэтай сям’і галоўнае — іх дзеці.
Гаспадар дома мае толькі брата, але заўсёды марыў аб вялікай сям’і, дзе будуць панаваць мір і згода. Затое Вольга вырасла ў мнагадзетнай сям’і, дзе акрамя яе гадаваліся яшчэ чатыры сястры і брат. І вельмі гэтым ганарыцца. Яе бацькі клапаціліся пра дзяцей, стваралі для іх у доме атмасферу любові, узаемаразумення і клопату адзін аб адным. Жаночая мудрасць, цярплівасць, уменне выслухаць і даць слушную параду — гэта ў гаспадыні вялікага сямейства ад яе матулі Элы Міхайлаўны, якая, дарэчы, за выхаванне дзяцей узнагароджана медалём Мацярынства.
Яўген і Вольга нарадзіліся далёка адзін ад аднаго: яна — у Казахстане, ён — у Клічаўскім раёне. У 6-гадовым узросце дзяўчына разам з бацькамі пера­ехала ў Мышкавічы: знакаміты “Рассвет” ведалі ва ўсім былым Савецкім Саюзе, вось і вырашыла іх сям’я паспытаць тут шчасця. Жыць і працаваць у тагачасны калгас прыехала і сям’я Яўгена. Аднойчы, у адзін з вечароў, гуляючы па вясковых вуліцах, маладыя сустрэліся, і з таго часу пачалося паміж імі сяброўства, якое паступова перарасло ў сапраўднае каханне.
“Калі мы з Яўгенам стварылі сям’ю, — расказвае Вольга, — планавалі, што яна ў нас будзе вялікай, але, шчыра прызнацца, не думалі, што дзеці будуць вось так: адно за адным. Але мы ніколькі не шкадуем, што так атрымалася. Нашы малышы — сэнс жыцця, тыя светлыя праменьчыкі, што саграваюць душу, даюць надзею на насычаную яркімі падзеямі будучыню”.
У час размовы з жанчынай са шчырым здзіў­леннем пытаюся, як жа яна спраўляецца з такім “дзіцячым садком”. На што Вольга з усмешкай адказвае, што, як бы гэта ні дзіўна гучала, зараз ёй лягчэй, чым калі ў яе было іх толькі двое. Першым памочнікам ва ўсіх хатніх справах, несумненна, з’яўляецца муж. Дарэчы, пакуль мы размаўлялі з маладой маці, малышы не адыходзіліся ад таты, а як толькі ён сабраўся выходзіць з дому, нібыта гарошынкі, пасыпаліся за ім услед. Вольга расказала, што дзеці і сапраўды душы ў ім не чуюць.
Не без гонару жанчына адзначыла, што многія рэчы ў іх доме зроблены рукамі Яўгена: ён — сапраўдны майстар, некаторы час, пакуль дазваляла здароўе, займаўся вырабам і рэстаўрацыяй мэблі.
Значную падтрымку маладой сям’і аказваюць матулі Яўгена і Вольгі: дзеці з задавальненнем ходзяць да сваіх бабуль, якія абавязкова частуюць іх рознымі салодкасцямі і прысмакамі. Старэйшыя дзеці Канстанцін з Анютай дапамагаюць: пакормяць брата і сястрычак, калі трэба пераапрануць, сходзяць з імі на прагулку.
Па словах Вольгі, гадаваць дзяцей, несумненна, справа нялёгкая, але ўсе цяжкасці і складанасці з ліхвой кампенсуюцца той любоўю, якую дораць малышы. Іх пяшчотныя абдымкі і пацалункі даюць сілы жыць і бачыць вакол прыгажосць, а словы “Мамачка, я цябе вельмі кахаю” нібыта дораць крылы.
І сапраўды, гледзячы на Вольгу, я ніяк да канца не магла паверыць, што гэтая абаяльная і мілавідная жанчына — маці пяцярых дзяцей: ні стомленасці ў вачах, ніводнага слова скаргаў на тое, што гадаваць дзяцей — непасільная ноша.
Калі бацькі распавядалі пра сваіх дзетак, у іх голасе адчуваўся гонар: у кожнага з малышоў свой характар, свае інтарэсы. Старэйшыя добра вучацца ў школе, любяць танцаваць, наведваюць мясцовую школу мастацтваў, сябруюць са спортам. Косця — неаднойчы станавіўся пераможцам раённых алімпіяд па англійскай, рускай і беларускай мовах. Хлопчык марыць стаць архітэктарам, каб дарыць людзям радасць ад прыгожых і ўтульных будынкаў. Анюта летась стала лепшай у конкурсе “Магілёўская скарбонка”, дзе атрымала дыплом 1 ступені: разам з татам яны зрабілі хатку на курыных ножках, а з мамай — яе гаспадыню Бабу Ягу. Самыя маленькія пакуль не надта сябе праявілі, аднак трохгадовая Варвара ўжо паводзіць сябе, як сапраўдная актрыса: спявае, танцуе, чытае вершы і збіраецца наведваць тэатральны гурток. Дзякуючы сваім бацькам дзеці развіваюцца ўсебакова, кожныя іх пачынанні ўлічваюцца і падтрымліваюцца, а гэта значыць, што ў Бегуновых ёсць ўсе шанцы выхаваць дастойных асоб, якія будуць шанаваць сваіх родных, сваю малую радзіму, сваю краіну.
Важная маральная рыса характару бацькоў — душэўная дабрыня, якая перадаецца дзецям. Усё ў сям’і робяць разам: старэйшыя дзеці дапамагаюць гадаваць малодшых, разам садзяць агарод, прыбіраюць у доме, даглядаюць хатнюю гаспадарку, гатуюць нешта смачнае, весела праводзяць сямейныя святы.
Калі запытала ў Бегуновых, аб чым яны мараць, абодва ў адін голас сказалі: аб новым утульным і прасторным доме, дзе для іх малышоў будуць створаны цудоўныя ўмовы для выхавання і развіцця. Пачатак для ажыццяўлення іх мары ўжо пакладзены: Яўген сам падрыхтаваў план дома, згодна якога быў распрацаваны праект. Вельмі спадзяецца маладая сям’я на падтрымку з боку дзяржавы: як вядома, мнагадзетныя сем’і ў Беларусі знаходзяцца пад сацыяльнай апекай.
Сёння, 19 мая, мнага­дзетная маці Вольга Бегунова адзначае свой дзень нараджэння. Хочацца пажадаць іх сямейнай пары выхаваць дзяцей у пя­шчоце і згодзе, зрабіць усё ад іх залежачае, каб у будучым ганарыцца сваімі сынамі і дочкамі.
Людміла СЯМЁНАВА.

Последние новости

Профилактика и безопасность

Огонь повредил дом

19 апреля 2024
В Комитете госконтроля

Рассмотрели вопросы жизнедеятельности населения

19 апреля 2024
Прямая линия

Прямая телефонная линия

19 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Акцыя «Разам з мастацтвам» на Кіраўшчыне

19 апреля 2024
Общество

Вопросы граждан были решены

18 апреля 2024
Кировск — здоровый город

Школа – территория здоровья

18 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Замени старую электропроводку

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Дом – не зона конфликта

18 апреля 2024
Общество

Родине служить – священный долг

18 апреля 2024

Рекомендуем

Актуально

В субботу 6 апреля на территории Кировщины прошел “Единый день озеленения

6 апреля 2024
В стране и мире

Лукашенко: миролюбивая Беларусь нужна и России, и Украине, но “Зеленский начинает нас цеплять”

8 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Мір на зямлі – галоўная каштоўнасць

11 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Безопасность движения

15 апреля 2024
Общество

Житель агрогородка Барсуки Кировского района осужден по части 2 статьи 205 Уголовного Кодекса Республики Беларусь

13 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

12 апреля 2024
Общество

На заседании cовета Кировского районного объединения профсоюзов был рассмотрен ряд вопросов, касающихся деятельности организации

9 апреля 2024