Штодзённыя клопаты земляробаў «Чырвонага байца» пра будучы ўраджай

Бойцы-1 Бойцы-2 Бойцы-4 Бойцы-3На палях КСУП “Чыр­воны баец” высокімі тэмпамі вядуцца веснавыя палявыя работы: сяўба пайзы, касьба сурэпіцы, хімічная апрацоўка раслін і пладовых дрэў у садзе ад хвароб і шкоднікаў, падкормка сельгаскультур.

Работы ў гаспадарцы ідуць згодна тэхналагічных патрабаванняў, іх якасць кантралюе галоўны аграном Мікалай Шчур. Механізатары стараюцца максімальна з карысцю выкарыстоўваць кожную хвіліну, бо добра ведаюць — упусціць спрыяльныя тэрміны зараз — потым недаатрымаць ураджай.
Як адзначыў галоўны аграном, веснавая пасяўная кампанія плаўна падышла да свайго лагічнага завяршэння. Зараз вядзецца сяўба пайзы, ці, як яе яшчэ называюць, японскае (кітайскае) проса, прасянка: для сельгаспрадпрыемства гэта новы від, які раней тут не вырошчваўся. Сёлета культура займе плошчу ў 50 га. Усходы пайзы не вытрымліваюць замаразкаў, таму і сяўба вядзецца, калі ўжо ўсталёўваецца сапраўды цёплае надвор’е.

Па словах спецыяліста, пайза — вельмі перспектыўная кармавая культура, якая дае высокі ўраджай зялёнай масы і насення. Улічваючы, што пайзу можна высяваць у некалькі тэрмінаў, а перыяд збору — ад пачатку фарміравання мяцёлак да малочна-васковай спеласці, то тэрмін яе выкарыстання складае ад сярэдзіны ліпеня да надыходу восеньскіх замаразкаў. Яна з’яўляецца каштоўнай культурай як для кармлення жывёлы ў якасці зялёнай масы, так і пры сіласаванні.
У ліку першых у раёне прыступілі ў “Чырвоным байцы” да касьбы сурэпіцы, якая выкарыстоўваецца ў рацыёне БРЖ. Дадзеная культура тут упершыню была пасеяна мінулай восенню і заняла плошчу ў 70 га, з якіх на 10 га яна будзе выспяваць для атрымання насення. Рэзультатамі эксперыменту ў сельгаспрадпрыемстве засталіся задаволенымі. Найбольш аптымальны тэрмін уборкі сурэпіцы — у перыяд цвіцення. Скашванне крыжакветкавых раслін вядзецца двойчы ў дзень: з палеткаў зялёная маса прывозіцца да сянажнай траншэі, дзе з сурэпіцы, сенажу і сіласу робіцца пажыўная кормасумесь для кароў. У сярэднім патрэбнасць жывёлагадоўчай галіны ў зялёнай масе складае каля 20 тон.
Як адзначыў галоўны заатэхнік КСУП “Чырвоны баец” Віктар Даніленка, выкарыстанне сурэпіцы ўзбагаціла рацыён жывёлы і станоўча адбілася на паядальнасці прыгатаваных кармоў. Пры гэтым сакавітыя расліны спрыяюць павелічэнню надояў малака, менавіта на гэта і спа­дзяюцца ў сельгаспрадпрыемстве.
Увогуле, як адзначыў Мікалай Шчур, сёлетні год для раслінаводчай галіны гаспадаркі пакуль складаецца добра: азімыя збожжавыя і рапс нядрэнна перазімавалі, падкормленыя і апрацаваныя, яны дружна пусціліся ў рост, а гэта дае надзею на добры ўра­джай.
У спрыяльныя тэрміны правялі сяўбу цукровых буракоў, кукуруза заняла плошчу ў 600 га, на 250 га яна будзе ўбрана на зерне, на 195 га размясціўся ячмень. На 46 га пасеялі гарох, які плануюць выкарыстоўваць для ўзбагачэння бялком камбікармоў уласнай вытворчасці.
Паралельна вядуцца іншыя работы: у пладовым садзе ідзе хімічная апрацоўка насаджэнняў ад шкоднікаў; вывозіцца і складзіруецца арганіка, вызваленыя ад сурэпіцы палеткі плануецца рыхтаваць пад сяўбу люцэрны.
Забяспечыць належны і своечасовы ход веснавых палявых работ дазволіла старанная і адказная праца механізатарскага звяна сельгаспрадпрыемства. Тут працуе нямала сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, лю­дзей вопытных і руплівых. Стараннасцю і якасцю правядзення работ вызначаюцца: Андрэй Новік і Віктар Аляксееў, якія былі задзейнічаны на сяўбе кукурузы, Віталь Бяляўскі — займаўся цукровымі буракамі, Павел Букаты быў заняты на ўзворванні глебы, а Валерый Дырыкаў і Міхаіл Пратасаў — на яе падрыхтоўцы. Своечасова дастаўляў насенне да пасяўных агрэгатаў Віктар Сенчукоў.
Завяршаецца пасяўная кампанія… Наперадзе — яшчэ нямала клопатаў пра будучы ўраджай.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.