Летні адпачынак школьнікаў Кіраўшчыны

ЛагеряПэўна, для любога школьніка звонкае сонечнае лета — самая любімая пара года. І галоўная прычына таму — вялікія канікулы, час адпачынку ад падручнікаў і сшыткаў. А вось перад педагогамі задача стаіць іншая: зра­біць усё ад іх залежачае, каб гэты адпачынак дзеці правялі цікава і з карысцю, і, у першую чаргу, — для здароўя.

Адна з дзейсных форм, якая ў многім вырашае гэтую задачу — арганізацыя для школьнікаў летніх аздараўленчых лагераў. Як расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Маісеенка, з самага пачатку канікулаў ва ўсіх 12 установах адукацыі, а таксама ў дзіцячай-юнацкай спартыўнай школе расчынілі перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі дзверы лагеры з дзённым знаходжаннем. На бягучы момант яны завяршылі сваю работу. Усяго ў гэтых лагерах у чэрвені адпачыла 750 рабят.
Сумаваць дзецям не даводзілася. Педагогі паклапаціліся, каб ім было весела і цікава. Дні былі насычаны конкурсамі, творчымі заданнямі, спартыўнымі мерапрыемствамі. Арганізоўваліся паходы на прагляд кінафільмаў у Цэнтр вольнага часу, экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі горада.
Для высокаматываваных і адораных вучняў былі створаны асобныя атрады. З імі право­дзіліся інтэрактыўныя і інтэлектуальныя гульні і іншыя пазнавальныя мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэнне ў рабят кругагляду, развіццё мыслення. Ва ўсіх лагерах школьнікі былі забяспечаны паўнацэнным, вітамінізаваным харчаваннем, аплата якога ажыццяўляецца ў асноўным за кошт рэспубліканскага бюджэту.
У спартыўна-аздараўленчым лагеры на базе ДЮСШ знаходзіліся 30 рабят. Гэта тыя, хто займаўся ў спартыўных аддзяленнях школы на працягу навучальнага года. Для іх трэніровачны працэс не парушыўся, яму была прысвечана першая палова дня. У другой — праводзіліся мерапрыемствы выхаваўчага характару, наладжвалася гульнявая праграма.
У чатырох установах адукацыі для старшакласнікаў дзейнічалі лагеры працы і адпачынку. Для школьнікаў мелася магчымасць не толькі адпачываць, а і зарабіць, працуючы ў гаспадарках-шэфах. Па 25 вучняў — з гімназіі і Мышкавіцкай СШ — працавалі на палях ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, 17 вучняў Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева — у КСУП “Ніва-Барсукі”, 18 старшакласнікаў Дабаснянскага НПК ДС-СШ — у ААТ “Дабаснянскае”.
Значная колькасць школьнікаў задзейнічана ў профільных палатачна-перасовачных лагерах. Тут рабяты не толькі штодзень рухаюцца па вызначаным маршруце, але і рэалізоўва­юць пэўныя накірункі ў рабоце. Так, для групы вучняў (25 чалавек) з СШ №1 пад кіраўніцтвам М.В.Русанава быў вызначаны турыстычны напрамак у рабоце. Рабяты з Паўлавіцкай СШ (10 чалавек) на чале з В.І.Варонічам прайшліся па месцах баявой славы раёна, мэта знаходжання ў лагеры — патрыятычнае выхаванне. Падапечныя С.А.Іваніцкага з Чыгірынскай СШ (10 чалавек) займаліся краязнаўствам, вывучэннем Кіраўшчыны. Акрамя таго палатачна-перасовачныя лагеры арганізаваны і на базе ДЮСШ, дзеянні рабят у іх накіроўваюць трэнеры ўстановы. За тры 9-дзённыя змены ў чэрвені ў іх былі заняты 60 школьнікаў.
Такія лагеры будуць дзейнічаць на працягу ўсяго лета, у іх плануецца аздаравіць яшчэ 135 вучняў. А на базе ДЮСШ пачалася яшчэ адна змена спартыўна-аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем 30 школьнікаў. Таксама ад спартшколы будзе арганізавана яшчэ 6 змен палатачна-перасовачных лагераў па 20 чалавек кожная.
Усіх рабят, якія будуць задзейнічаны ў летніх аздараўленчых лагерах, чакае яшчэ шмат чаго цікавага. Школьнае лета працягваецца!
Аляксандр ХАХЛОЎ.Фота аўтара.
На здымку: «Смачна есці каля кастра!» — удзельнікі палатачна-перасовачнага лагера ДЮСШ (кіраўнік М.У.Хамічэнка) падчас прыпынку на турбазе «Барсукі».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.