Працаўнікі СВК «Бераснёўскі» актыўна вядуць корманарыхтоўку

Берик-3 Берик-1 Берик-2Па дадзеных упраўлення райсельгасхарчу, у раёне па стане на раніцу ўчарашняга дня травы былі скошаны больш чым на 2728 га, што складае 24% ад плана, убраны — на 1954 га (72%). Нарыхтавана 534 т сена, 11754 т сенажу і 1820 т сіласу.

Перад працаўнікамі СВК “Бераснёўскі” стаіць задача пад поўную патрэбу забяспечыць кармамі 2239 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх крыху больш за 600 — дойны статак. У гаспадарцы нацэлены на атрыманне высокіх надояў малака і важкіх прываг, а, значыць, узрастае і патрэба ў кармах, прычым высокай якасці.
Для таго, каб зімова-стойлавы перыяд прайшоў без збояў, у гаспадарцы неабходна нарыхтаваць 350 т сена, закласці 6000 т сенажу і 12000 т сіласу. Літаральна за тры дні на прадстаячую зімоўку бераснёўцы ўжо заклалі 287 т сенажу, нарыхтавалі больш за 20 т сена, на прэсаванні якога задзейнічаны Сяргей Шапоткін.
Пасля неабходных падкормак і прайшоўшых майскіх дажджоў трава на палетках пагусцела, хутка пайшла ў рост, і ў мінулую пятніцу бераснёўцы прыступілі да касьбы канюшыны. Адкрылі корманарыхтоўчы сезон вопытныя механізатары Генадзь Доўкша і Сяргей Міхалап, у суботу да іх далучыўся Яўген Панчэня: на трактарах МТЗ-1221 с касілкамі КПП-310 яны літаральна за 2 дні скасілі канюшыну на 100 га.
Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Леанід Панчэня, ёсць усе падставы для таго, каб на прадстаячы зімова-стойлавы перыяд для грамадскага статка забяспечыць трывалую кармавую базу. Над выкананнем гэтай задачы плённа працуюць усе занятыя на «зялёным жніве».
І сапраўды, работы тут разгарнуліся шырокім фронтам. Спрыяе таму і своечасова падрыхтаваная сельгастэхніка, наяўнасць вопытных і адказных кадраў. Зараз на нарыхтоўцы кармоў задзейнічаны 3 касілкі, 2 кормаўборачныя камбайны, 2 агрэгаты на зграбанні і варушэнні траў, 1 прэс-падборшчык, 3 адзінкі тэхнікі на адвозцы.
Сярод важнейшых задач, якім надаецца належная ўвага — нарыхтоўка якасных кармоў, забеспячэнне іх належнага захоўвання. Для гэтага тут адказна падышлі да падрыхтоўкі траншэй да прыёмкі траў першага ўкосу: усё вычашчана ад старых рэшткаў сенажу і смецця, бетонныя пліты пабелены, вакол абкошана пустазелле. Закладка сенажу вядзецца пад строгім кантролем адказных спецыялістаў: вымяраецца вільгот­насць, тэмпература зялёнай масы.
Ужо не першы год частку кармоў бераснёўцы закладваюць у палімерныя рукавы: такая тэхналогія дазваляе масе захоўваць практычна першапачатковую спажыўнасць і сакавітасць, што, у сваю чаргу, лепшым чынам адбіваецца на прадуктыўнасці жывёлы.
Трамбоўка масы вядзецца бесперапынна: гэтага патрабуе тэхналогія нарыхтоўкі і закладкі сенажу. Даручылі гэтую справу вопытным механізатарам Сяргею Навакшонаву і Паўлу Іванову.
Хутка дастаўляюць правяленую масу да месцаў закладкі Антон Трушкін, Міхаіл Быстроў і Віталь Лугаўцоў.
Для захавання высокіх тэмпаў нарыхтоўкі кармоў створаны належныя ўмовы працы і адпачынку механізатараў. Арганізавана гарачае харчаванне ўсіх занятых на “зялёным жніве”. Распрацаваны меры маральнага і матэрыяльнага заахвоч­вання. Кожны ведае, што заробкі залежаць ад асабістага ўкладу ў агульную справу: гэта стымулюе да плённай, якаснай і адказнай працы.
Нарыхтоўка кармоў у СВК “Бераснёўскі” набірае абароты. І калі не будзе перашкаджаць надвор’е, спецыялісты і механізатарскае звяно зробяць усё ад іх залежачае, каб забяспечыць грамадскаму статку багаты і разнастайны рацыён.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.