Любімая справа жывёлаводаў «Рассвета»

Доярки рассветаПа выніках работы за першае паўгоддзе бягучага года ў ліку лідараў працоўнага спаборніцтва ў жывёлагадоўчай галіне — аператары машыннага даення кароў у малакаправод МТК “Кірава” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Таццяна Костка і Раіса Шкрадзюк (на здымку). Ад кожнай рагулі сваёй групы жанчыны атрымалі па 4218 кг малака. Гэта лепшы рэзультат у Кіраўскім раёне.

Па словах загадчыцы фермы Любові Шчэрбіч, менавіта дзякуючы такім працаўніцам, як Таццяна Костка і Раіса Шкрадюк, шчырым, руплівым, адказным, сельгаставарыства дасягае добрых вынікаў у жывёлагадоўлі. Галоўнае правіла жанчын — працаваць добрасумленна. Яны і неабходныя тэхналогічныя патрабаванні даення кароў выконваюць, і да жывёлы ставяцца з душой. Гэта і ёсць самыя галоўныя крытэрыі для атрымання высокіх надояў. Прычым участак работы ў аператараў не з самых простых — яны займаюцца раздоем кароў. А гэта значыць, што ў тым ліку і ад іх адказнасці і стараннасці залежыць, наколькі прадукцыйнай будзе карова і якіх ад яе чакаць надояў. Акрамя таго, па словах калег па рабоце, жанчыны вельмі шчырыя і таварыскія, у цяжкую хвіліну заўсёды прыдуць на дапамогу, дадуць слушную параду, а калі трэба, то і плячо падставяць.
Даяркай у “Рассвеце” Раіса Шкрадзюк працуе больш за 30 гадоў, а агульны стаж — і таго больш — 34 гады. А пачынала даіць кароў яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай, калі бегала дапамагаць матулі на ферму ў Асаўніку ў тагачасным калгасе “Камуніст”. Калі Раіса стала дарослай, пайшла працаваць разам з маці. Пазней, выйшаўшы замуж, пераехала з мужам у Кіраўск. На працу пайшла на адну з ферм “Рассвета”. Па словах жанчыны, аб тым, каб памяняць прафесію і займацца іншай справай, яна нават і не задумвалася. Вось так, месяц за месяцам, год за годам і праляцелі тры дзесяцігоддзі. Колькі тысяч тон малака за гэты час прайшло праз яе працавітыя рукі, нават складана ўявіць.
Больш за 26 гадоў працуе даяркай Таццяна Костка. Пастаянная ўвага да жывёлы, клапатлівае стаўленне да яе, якраз і садзейнічаюць таму, што з года ў год жанчына дабіваецца добрых вынікаў у рабоце. Штодня перш, чым адправіцца дадому, Таццяна Аляксандраўна абыходзіць кожную замацаваную за ёй рагулю, паглядзіць, як яна сябе адчувае. А калі якая з іх захварэе, то абавязкова пракантралюе, каб яе падапечную агледзеў ветурач.
Размаўляючы з жанчынамі, запыталася, ці былі ў іх такія моманты, калі яны пашкадавалі аб выбары прафесіі, якой прысвяцілі жыццё. Абедзве ў адзін голас адказалі: “Не. Любоў да жывёлы вельмі зацягвае, гэта прыроджанае. Да іншай справы мы ніколі не імкнуліся”.
І сапраўды, гледзячы, якой радасцю свяціліся іх вочы, калі яны расказвалі аб сваіх падапечных, якія штодня чакаюць іх клапатлівых рук і пяшчотнага голасу, пераканалася: калі чалавек знаходзіць сябе ў любімай справе — ён сапраўды шчаслівы.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.