У межах «Дажынак-2017» адкрыты памятны знак журналістам Магілёўшчыны

Знак журналистам

У межах “Дажынак-2017” адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ваенным журналістам Магілёўшчыны, якія самааддана працавалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

З ініцыятывай стварэння скульптуры выступіла абласное аддзяленне Беларускага саюза журналістаў, яе падтрымалі калектывы выданняў рэгіёна і выканаўчая ўлада.
Памятны знак заняў ганаровае месца ў гарадскім парку г.Клічава.
Ва Усакінскіх лясах Клічаўскага раёна, якія ў гады вайны сталі цэнтрам партызанскага руху, выдаваўся шэраг газет: клічаўскі “Голас партызана”, друкаваныя органы Асіповіцкага, Кіраўскага, Бабруйскага райкамаў партыі, абласная газета “За Радзіму”. Яна выхо­дзіла з сакавіка 1943 года і была моцнай ідэйнай зброяй, згуртаваўшы вакол сябе ваенных журналістаў. Газету беражліва перадавалі з рук у рукі. Клішэ загалоўкаў і ілюстрацый па-майстарску выразаліся на метале, адлітым з куляў.
Інфарматыўным, яркім і творчым стаў праект памятнага знака, выкананы скульптарам Аляксандрам Міньковым, які і быў увасоблены ў скульптурнай кампазіцыі.
Памятны знак стаў першым у рэгіёне, які ўвекавечыў подзвіг журналістаў-франтавікоў Прыдняпроўскага краю.
Падчас цырымоніі адкрыцця памятнага знака першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі адзначыў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны журналісты заўсёды былі ў першых радах, а прэса — інструментам, які пераконваў, мабілізоўваў людзей на подзвіг, самаахвяраванне, пераадольванне цяжкасцей. Ствараліся яркія мастацкія і публіцыстычныя творы, якія нараджаліся з таленту журналістаў, іх асабістай упэўненасці ў неабходнасці барацьбы за свабоду Радзімы. Фотакарэспандэнты занатавалі, данеслі да сучаснікаў, захавалі для нас герояў таго часу. “Таму і неацэнны подзвіг журналістаў, якія ваявалі ў тыле ворага з фотаапаратам, унеслі свой уклад у нашу агульную Перамогу”, — падкрэсліў першы намеснік міністра інфармацыі.
Ігар Луцкі зрабіў акцэнт на тым, што ў апошні час тэма подзвіга савецкага салдата стала асаблівым аб’ектам інфармацыйнай барацьбы. З кожным годам усё далей у мінулае адыходзяць па­дзеі Вялікай Айчыннай вайны, усё менш застаецца сведкаў тых страшных дзён, а таксама ветэранаў. Таму агульны свяшчэнны абавязак перад героямі той вайны — не забываць пра подзвігі, якія яны здзейснілі. І памятны знак ваенным журналістам у Клічаве стане яшчэ адным сімвалам гераізму, адвагі, самаахвяравання, беззапаветнай любові да Радзімы, адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі.
Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Святлана Шутава ў сваёй прамове падк­рэсліла, што ўстаноўка памятнага знака — гэта ўдзячнасць калегам-франтавікам, даніна павагі іх подзвігу.
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка, ваенны гісторык і пісьменнік Мікалай Барысенка, прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.

Наталля ХАДАКОВА.

Фота з сайта https://mogilevnews.by

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.