Восеньскія клопаты «Чырвонага байца»

Бойец

У комплексе вядуцца восеньскія палявыя работы ў КСУП “Чырвоны баец”. Учора мы пабывалі ў сельгаспрадпрыемстве і сус­трэліся з галоўным аграномам гаспадаркі Мікалаем Шчурам, які расказаў аб працоўных буднях сяльчан.

Своечасова ў “Чырвоным байцы” прыбралі палі ад рэшткаў саломы пасля жніва. Уся яна скатана ў рулоны і звезена да месцаў захоўвання, дзе рулоны складзены ў вялікія сцірты.
Распачалі ў гаспадарцы наступны важны восеньскі від работ: уборку кукурузы на зерне. Задзейнічаны на гэтым участку адзін з перадавых мясцовых механізатараў Андрэй Новік. Літаральна нядаўна ён вызначыўся на жніве: стаў адным з прызёраў раённага спаборніцтва сярод старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў, а зараз яго ўборачная машына засыпае ў кузавы аўтамашын залатое зерне “каралевы палёў” і працуе таксама ўдарна.
Паралельна актыўна вядуць у сельгаспрадпрыемстве ўборку кукурузы на сілас. Учора работа кіпела каля вёскі Полькавічы. Апошні этап корманарыхтоўкі для грамадскага пагалоўя праходзіць зла­джана, без збояў. У траншэі закладзена 5683 т
сіласнай масы. Нарыхтоўка вядзецца пры строгім захаванні тэхналогій пад наглядам і пільным кантролем спецыялістаў гаспадаркі. Шпарка ім­чыць па кукурузных палетках камбайн, кіруе якім і здрабняе масу механізатар Віталь Бяляўскі. На адвозцы задзейнічаны механізаваны атрад з пяці адзінак тэхнікі, умела кіруюць сталёвымі машынамі Аляксандр Сіндараў, Мікалай Аляксееў, Юрый Кітоў, Віктар Сенчукоў і Сцяпан Галачоў.
Поўным ходам вядзецца работа на ўраджай наступнага года. Пільная ўвага надаецца сяўбе азімых збожжавых. Сёлета падчас жніва менавіта азімыя далі найбольшы намалот. Пасеялі ўжо азімую пшаніцу гатунку “элегія”. Зараз засяваюць палі іншымі збожжавымі. На 26 га размясціліся пасевы жыта гатунку “Пікасо”. Значна большыя плошчы адведзены пад трыцікале: культура гатунку “імпульс” пасеяна на 287 га. Работы працягваюцца. Учора каля вёсак Селіца і Шырокае працавалі з пасяўнымі агрэгатамі механізатары Дзяніс Казанцаў, Міхаіл Пратасаў і Аляксандр Макаронак. Дастаўляе насенне ў поле і загружае сеялкі Аляксандр Ермалаеў. Як адзначыў Мікалай Шчур, усе яны — надзейныя і сумленныя працаўнікі, не дапускаюць хібаў у рабоце, таму кіраўніцтва смела ім давярае самыя адказныя ўчасткі работы.
Пад будучы ўраджай рыхтуецца і глеба. Каб ён атрымаўся больш важкім, глебу запраўляюць гліфасатамі. У прыватнасці, пад будучыя пасевы цукровых буракоў хімпрэпараты ўнесены на 184 га. А сёлетні ўраджай салодкіх каранёў ужо пачалі ўбі­раць з палёў.
Работ увосень, як вядома, шмат. Але працаўнікі “Чырвонага байца” ўпэўнены, што ўсё запланаванае яны паспеюць зрабіць своечасова, таму выкарыстоўваюць з карысцю кожную пагодную хвіліну.
На здымку: Дзяніс Казанцаў заняты на сяўбе азімага трыцікале.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.