7 лістапада — 100 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі

IMG_37892
Падзеі кастрычніка 1917 года сталі пачаткам карэнных сацыяльных пераўтварэнняў, аказалі ўплыў на ход сусветнай гісторыі. 
У Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі мы аддаем даніну павагі ўсім пакаленням савецкіх людзей, якія заклалі падмурак нашай эканомікі, адстаялі гонар і незалежнасць краіны ў гады ваеннага ліхалецця, праславілі нашу дзяржаву дасягненнямі ў эканоміцы, культуры, навуцы, спорце…
Напярэдадні 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў раёне праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты. Днямі піянеры СШ №2 імя К.П.Арлоўскага сустрэліся з прадстаўнікамі старэйшага пакалення, знакамітымі грамадзянамі Кіраўшчыны (на фота): ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Васілём Антонавічам Буславым, поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы Людмілай Нічыпараўнай Палевіч, ганаровым грамадзянінам раёна, аператарам машыннага даення ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Валянцінай Леанідаўнай Клімовіч, узнагароджанай ордэнам Пашаны і медалём “За працоўныя заслугі”. На сустрэчы прысутнічаў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Юрый Сафронаў.
Паважаныя людзі шчыра пагутарылі з рабятамі, па­дзяліліся з імі сваімі ўспамінамі. А расказаць ім было аб чым: жыццёвы шлях кожнага насычаны важнымі па­дзеямі, на іх рахунку — ратныя і працоўныя дасягненні.
Закранулі ў размове і падзеі 1917 года: ганаровыя госці падзяліліся з рабятамі сваімі меркаваннямі аб іх значнасці станаўлення і развіцця нашай роднай Беларусі.

Увогуле найгалоўнейшым сэнсам і каштоўнасцю грамадства ў любыя часіны была і застаецца пераемнасць пакаленняў. Ад дзядоў — унукам, ад бацькоў — дзецям перадаем мы ўсё лепшае, прымнажаючы і развіваючы атрыманую спадчыну.
Шчодра дзеляцца сваім вопытам, выхоўваючы ў моладзі патрыятызм, таварыскасць, працавітасць, ветэраны вайны і працы, заслужаныя людзі раёна. І ў гэтым адзінстве пакаленняў — залог працвітання нашай краіны.
Настасся ЛОГВІНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.