30 студзеня — 123 гады з дня нараджэння Кірылы Пракопавіча Арлоўскага

Орловскай К.П.

Сёння, 30 студзеня, спаўняецца 123 гады з дня нараджэння нашага славутага земляка Кірылы Пракопавіча Арлоўскага, патрыёта сваёй Айчыны, чый ратны і працоўны подзвіг служыць прыкладам для наступных пакаленняў.

К.П.Арлоўскі — чалавек-легенда, чалавек-плуг. Так аб ім гаварылі сучаснікі, тыя, хто добра яго ведаў, хто разам з ім  шчыраваў дзеля аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі, на карысць далейшага развіцця калгаса “Рассвет”, павышэння дабрабыту сяльчан. Адзін з той кагорты — былы камсамольскі работнік, былы старшыня тагачасных калгасаў «Камуніст» імя Куйбышава Анатоль Навумавіч ПАДАЛЯК. Сёння ён дзеліцца з наведвальнікамі нашага сайта сваімі ўспамінамі:

— Кірыла Пракопавіч — чалавек незвычайнай біяграфіі, многае зрабіўшы за сваё бурнае жыццё, быў круты норавам, прамы і сумленны. Асабіста для мяне, навічка-калегі, ён стаў галоўным настаўнікам: словы і дзейнасць старэйшага таварыша ніколі не разыходзіліся са справай, ён заўсёды добрасумленна і самааддана выконваў свае абавязкі. Галоўным крытэрыем усіх поспехаў лічыў дысцыпліну.
Для таго, каб працаваць, як Арлоўскі, трэба мець талент ад Бога. Менавіта дзякуючы гэтаму, а таксама моцнаму характару старшыні, жаданню зрабіць жыццё калгаснікаў лепшым, за ім ішлі людзі, склаўся калектыў аднадумцаў, і з кожным годам гаспадарка набірала абароты, больш заможна жылі яе працаўнікі. Мы заўсёды радаваліся поспехам суседзяў, многае пераймалі ад іх і ўвасаблялі ў дзейнасць свайго калектыву.
Мінаў час, і пад кіраў­ніцтвам К.П.Арлоўскага
калгас «Рассвет» вырас у шматгаліновую гаспадарку, адну з перадавых на прасторах былога Савецкага Саюза. Практычна ўсё, аб чым марыў наш знакаміты зямляк, было ажыццёўлена.
Успамінаецца 1959 год. Я тады працаваў другім сакратаром райкама камсамола. За мной была замацавана камсамольская арганізацыя калгаса «Рассвет». Калі глыбей вывучыў праблемы мясцовай моладзі, наспела неабходнасць сустрэцца са старшынёй гаспадаркі, каб разам абмеркаваць шляхі іх вырашэння. У
адзін з дзён я чакаў Кірылу Пракопавіча пасля абеда каля яго дома. Ён выйшаў, павітаўся, а калі даведаўся пра мэту майго прыходу, на хаду заўважыў: “Заўтра ў 5 гадзін я цябе чакаю”. І дадаў: “У 5 гадзін раніцы!”
Я прыйшоў раней на 5 мінут. Арлоўскі ацаніў гэта станоўча і падкрэсліў, што некаторым рассветаўцам не хапае такой пунктуальнасці. Мы дамовіліся сабраць камсамольскі сход, на якім больш дэталёва пагаварыць аб набалелым. Мышкавіцкім юнакам і дзяўчатам вельмі хацелася мець танцпляцоўку. На сходзе ад імя мясцовай моладзі я папрасіў Арлоўскага вырашыць пытанне аб яе ўзвядзенні, а за гэта паабяцаў, што з боку камсамольцаў не будзе парушэнняў працоўнай дысцыпліны.
Старшыня падтрымаў нашу ініцыятыву, і ў хуткім часе танцпляцоўка была пабудавана.
Неяк давялося мне быць з Кірылам Пракопавічам на пойме ракі Бярэзіна, дзе рассветаўцы нарыхтоўвалі сена. Мы прыехалі падчас абеду, падселі да калгаснікаў. Старшыня расказваў вясёлыя гісторыі, разам з людзьмі смяяўся. Затым устаў і звярнуўся да прысутных: “Усю ноч не спаў, круціла косці, напэўна, будзе дождж. А ў нас усё сена ў копнах, няўжо мы дапусцім, каб яно прамокла? Шкада, што я не магу вам дапамагчы…”.
Трэба было бачыць, з якім азартам людзі ўзяліся за работу! На вачах узнімаліся стагі, на лузе паўсюдна чуліся вясёлыя галасы калгаснікаў. “Зараз, я ўпэўнены, да даж­джу паспеюць сухое сена скласці!”— адзначыў К.П.Арлоўскі. — Можна спакойна ехаць далей”.
І зараз памятаю карысныя парады, якія даваў мне Кірыла Пракопавіч.
Кожны дзень я імкнуўся прытрымлівацца пуцяводнага дэвіза К.П.Арлоўскага: каб быць добрым, трэба быць жорсткім — пачынаючы з сябе, і, разам з тым, абавязковым, справядлівым, унутрана сабраным і арганізаваным.
Кірыла Пракопавіч казаў мне: не патрабуй ад працаўніка больш, чым ты яму даеш. І яшчэ: нягледзячы ні на якія складанасці, неабходна пастаянна весці будаўніцтва вытворчых і жылых памяшканняў, рамантаваць дарогі, бо па бездарожжы часцей выходзіць са строю тэхніка, губляюцца пры перавозцы збожжа, гной. Трэба старацца, каб у калгасе ўсе людзі былі заняты работай, трымаць у полі зроку іх пераабучэнне і павышэнне кваліфікацыі.
Дзякуючы сваім арганізатарскім здольнасцям Арлоўскі змог павесці за сабой калгаснікаў, якія паверылі свайму лідару. На любым вытворчым участку ён патрабаваў ад падначаленых самаадданай працы, дысцыплінаванасці, творчага падыходу да справы. Патрабаваць такое ён меў поўнае права, бо сам быў такім — неабыякавым, няўрымслівым, адказным.
І зараз рассветаўцы, верныя працоўным традыцыям, плённа працуюць дзеля ўмацавання пазіцый сваёй гаспадаркі, праслаўляюць яе высокімі паказчыкамі.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.