Дапамагчы, падтрымаць, праявіць міласэрнасць…

CSON

Дзень работнікаў сацыяльнай абароны — гэта свята тых, хто прысвяціў сябе высакароднай справе служэння людзям. Калі чалавек трапляе ў складаную жыццёвую сітуацыю і не ведае, як знайсці з яе выйсце, ён заўсёды можа звярнуцца ў сацыяльную службу, дзе яму акажуць не толькі канкрэтную дапамогу, але і маральную падтрымку.
Сярод лепшых чалавечых якасцей людзей гэтай прафесіі — чуласць, суперажыванне, міласэрнасць. Яны не даюць старасці быць адзінокай і бездапаможнай і кожны дзень імкнуцца забяспечыць камфорт і душэўны спакой сваіх падапечных.
Аб тым, якая работа па аказанні сацыяльных паслуг, садзейнічанні актывізацыі ўласных намаганняў грамадзян па пераадоленні складаных жыццёвых сітуацый праводзіцца раённым цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, расказала яго дырэктар Вольга МЕРЖЫЙ:
— У штодзённай дапамозе і клопаце сацыяльных работнікаў маюць патрэбу ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, пенсіянеры, інваліды, адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, дзеці-інваліды і іх бацькі. Для многіх гэтых людзей яны з’яўляюцца той нітачкай, якая звязвае іх з сучасным светам. Свае паслугі сацыяльныя работнікі імкнуцца аказваць прафесійна і адказна, прытрымліваючыся, у першую чаргу, не службовай інструкцыі, а паступаючы па закліку сэрца.
Значная частка насельніцтва нашага раёна — гэта пажылыя людзі, якія па стане здароўя ўжо не могуць разлічваць на ўласныя сілы і маюць патрэбу ў дапамозе. Але калі жыццё распарадзілася так, што роднага чалавека няма побач, не варта адчайвацца — работнікі нашага Цэнтра не пакінуць састарэлага чалавека без увагі і падтрымкі. У сацыяльнай сферы працуюць людзі, для якіх аказанне дапамогі пажылым і адзінокім стала не толькі прафесіяй, але і неад’емнай часткай жыцця.
На ўліку ў РЦСАН знаходзіцца 5922 чалавекі (30% ад колькасці насельніцтва раёна). Сярод іх — 14 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 373 — адзінокіх грамадзяніна, 3030 — адзінока пражываючых, 306 асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, 216 інвалідаў 1 і 2 груп, 220 мнагадзетных сем’яў, 463 няпоўных і 51 сям’я якая выхоўвае дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, 20 асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, 19 — якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.
У Цэнтры працуе 95 чалавек. Асноўная задача і прызначэнне людзей, якія прыходзяць у сацыяльную сферу, — гэта жаданне быць побач з тымі, каму патрэбна дапамога.
Комплекс мер па аказанні сацыяльных паслуг грама­дзянам у форме сацыяльнага абслугоўвання на даму, закліканы не толькі павялічыць працягласць іх жыцця, але і зрабіць яго паўнацэнным па якасці і бяспецы.
Апошнім часам усё больш запатрабаванымі становяцца разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі, якія прадстаўляюцца за сацыяльна нізкую плату. Толькі за два апошнія гады ўкаранёна 43 віды такіх паслуг. Усё больш грамадзян, якія страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння, карыстаюцца паслугамі сядзелкі. У сувязі з гэтым, у 2017 годзе штат такіх спецыялістаў быў павялічаны.
З мэтай падтрымкі непрацаздольных грамадзян і інвалідаў дзейнічае пакой сумеснага самастойнага (сезоннага) пражывання, дадзенай паслугай скарысталася 4 чалавекі. Праяўляючы клопат аб старэйшым пакаленні, з мэтай не дапусціць сацыяльнай адзіноты сярод грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, укаранёна і дзейнічае такая форма работы як “прыёмная сям’я”.
На надомным абслугоўванні знаходзяцца 376 непраца­здольных грамадзян. У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму працуе 42 сацыяльных работніка. Усе яны прайшлі абучэнне навыкам сваёй прафесіі, забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, веласіпедамі, сумкамі-каляскамі для дастаўкі прадуктаў харчавання сваім падапечным. Гэта людзі, адданыя сваёй справе, з добрым і адзыўлівым сэрцам. Словы падзякі ад падапечных паступаюць у адрас Т.Л.Кухаравай з аг.Паўлавічы, В.М.Касцерскай, В.В.Шынкарэнка, Н.Н.Тарасюк з Любоніч, І.І.Анціпенка з Казуліч, Л.Г.Клімовіч з Пацавай Слабады і многіх іншых.

_MG_0462
Яркае сведчанне таму, што ў РЦСАН працуюць неабыякавыя, адказныя спецыялісты, нашы ўзнагароды і дасягненні. Так, па выніках агляду-конкурсу на лепшую прафсаюзную арганізацыю наш калектыў узнагароджаны дыпломам 3 ступені. На рахунку арганізацыі і дыплом за ўдзел у міжнародным фес­тывалі народнай творчасці “Вянок дружбы-2017” у г.Баб­руйску. За добрасумленную працу ў сферы сацыяльнага абслугоўвання і ў сувязі са святкаваннем Дня работнікаў сацыяльнай абароны Ганаровай граматай камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне аблвыканкама адзначана інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Марыя Кашкова, падзякай — загадчык гаспадаркай аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Ганна Анісімава.
Калектыў РЦСАН узнагаро­джаны дыпломам і сертыфікатам на 50 беларускіх рублёў камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне аблвыканкама і Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў па выніках конкурсу на лепшы калектыўны дагавор сярод арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму камітэта.
Запісала
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Прафесіяналізм, адказныя адносіны да сваёй справы ўласцівыя супрацоўнікам раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якіх вы бачыце на здымку (справа налева): загадчыку аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Маргарыце Гіраеўскай, інспектарам па асноўнай дзейнасці Марыі Кашковай і Маргарыце Шамедзька.

Сярод запатрабаваных паслуг, прадастаўляемых РЦСАН — паслугі сядзелкі. Кваліфікаваную дапамогу сваёй падапечнай Ганне Каранкевіч аказвае сядзелка Наталля Клімовіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.