Фестываль «Калядныя сустрэчы сяброў» у Кіраўску сабраў наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН з васьмі гарадоў і раёнаў Магілёўшчыны

Сябры-15

У мінулую пятніцу ў Цэнтры вольнага часу адбылася ўжо традыцыйная для Кіраўшчыны падзея — у восьмы раз прайшоў фестываль «Калядныя сустрэчы сяброў», які сабраў на адной сцэне наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з 8-мі гарадоў і раёнаў. Гасцямі сёлета сталі каманды ТЦСАН: «Бобр і Кампанія» — Ленінскага раёна г.Бабруйска, «Сонечны круг» — Партызанскага раёна г.Мінска, «Вольса» — Клічаўскага раёна, «КІПІШ» — Светлагорскага раёна, «Вясёлыя рабяты» — Асіповіцкага раёна, «Кока-кола» з Магілёва, «Зімовая казка» з Рагачоўскага раёна. І гаспадары фестывалю — каманда «Пакаленне NEXT» РЦСАН.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства ў фае панавала атмасфера мітусні і хвалявання:
удзельнікі фатаграфава­ліся ў навагодніх дэкарацыях, апранутыя ў прыгожыя святочныя касцюмы, рэпетыравалі, настройваліся на выступленне, бо наперадзе іх чакала цэлых тры этапы конкурсу.

І вось доўгачаканы пачатак — прывітанне журы, якое ўзначаліла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Вераніка Дзямідава.

А далей — першы конкурс «Калядная песня», якая стала свое­асаблівым прывітаннем удзельнікаў. Некаторыя каманды паставіліся да задання вельмі сур’ёзна і паказалі падчас выступлення цэлае тэатралізаванае прадстаўленне.

Другім выпрабаваннем была выстава-конкурс «Калядная феерыя» лепшай ёлачнай цацкі, зробленай сваімі рукамі. Каманды прэзентавалі журы і публіцы арыгінальныя вырабы з выкарыстаннем самых розных матэрыя­лаў: пластыкавых бутэ­лек, бісеру, стужкі, блі­шчынак, шышак і нават харчовых прадуктаў. На конкурс былі створаны не толькі цацкі для ёлкі, але і разнастайныя рамкі для фота, вазы, кубкі. Некаторыя каманды суправаджалі сваю прэзентацыю вершамі ўласнага сачынення.

Наступным быў конкурс дызайну лагатыпа, які павінен стаць афіцыйным лагатыпам фестывалю «Калядныя сустрэчы сяб­роў». На ім былі прадстаўлены самыя розныя варыянты: пано і фотакалажы, эмблемы фестывалю на калядную тэматыку. У кожнай каманды — свая гісторыя.

Каляднае «Аліўе-мюзікл-шоў» «Казкі нашага дзяцінства» ўяўляла сабой тэатралізаваную пастаноўку са змяшэннем жанраў і музычных стыляў. ­Удзельнікі выкладвалі­ся на ўсе «сто»: спявалі, танцавалі, бліскуча іг­ралі свае ролі, здзіўлялі касцюмамі, праяўлялі свае таленты. Тут былі і сюжэты пра персанажаў з мультфільмаў, казак, і лялечны тэатр, нават разыгралі сюжэт тэлеперадачы «Давай пажэнімся!».

Канкурсанты ва ўзнагароду атрымлівалі актыўную падтрымку гледачоў і балельшчыкаў — зала апладзіравала, адусюль былі чутны дружныя крычалкі. У перапынках паміж выступленнямі ўдзельнікі атрымалі музычныя падарункі ў выкананні наведвальнікаў аддзялення дзённага зна-
ходжання для пажылых грамадзян Кіраў­скага РЦСАН Лізаветы Андронавай і Ларысы Дворкінай, а таксама культработнікаў і прыгожы танец ад дзяўчат з аб’яднання па інтарэсах «Імпульс».
Пасля таго, як конкур­с­ная праграма падышла да завяршэння, а журы аддалілася, каб падвесці вынікі, пачалася не менш вясёлая частка — забаўляльная. Удзель­нікі сустрэчы разам з валанцёрамі РЦСАН вадзілі карагоды, удзельнічалі ў гульнях і проста весела танцавалі.

І вось журы абвя­шчае вынікі фестывалю. «Вясёлыя рабяты» з Асіповіч былі прызнаны аўтарамі лагатыпа фестывалю, які з гэтага часу будзе красавацца на ўсёй друкаванай прадукцыі і стане яго візітнай карткай. Лепшую калядную песню, на думку журы, выканалі прадстаўнікі каманды «Зімовая казка» з Рагачова. Каманда «Кока-кола» з Магілёва атрымала перамогу ў намінацыі «У нагу з часам». Лепшую калядную цацку зрабілі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў з Клічава. У намінацыі «Калядная пастаноўка» былі адзначаны рабяты з каманды «Сонечны круг» Партызанскага раёна г.Мінска. Самую крэатыўную казку паказалі таленавітыя акцёры з каманды «КІПІШ» Светлагорскага ТЦСАН. Сваім музычным нумарам удзельнікі «Бобр і Кампанія» ТЦСАН Ленінскага раёна г.Бабруйска, можна сказаць, завялі залу, за што і атрымалі прыз у намінацыі «Завадная песня». Кіраўчане з «Пакалення NEXT» былі прызнаны лепшымі са сваёй цікавай «Каляднай казкай».

Усе каманды і канкурсанты атрымалі дыпломы і памятныя падарункі. У зале панавала атмасфера сяброўства, падтрымкі, радасці адзін за аднаго. Пасля ўсе паспяшаліся ў фае Цэнтра вольнага часу, дзе адбылася дыс­катэка.

Такое маштабнае і творчае мерапрыемства адбылося дзякуючы работнікам Кіраўскага РЦСАН, якія забяспечылі высокі ўзровень арганізацыі, а таксама спонсарскай падтрымцы, якую аказалі ГАА «Евроторг», Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Цэнтр банкаўскіх паслуг №709 г.Кіраўска філіяла №703 ААТ ААБ «Бе­ларусбанк», Разлікова-
касавы цэнтр №17 у г.Кіраўску філіяла ААТ «Бел­аграпрамбанк», раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», «Беларускі фонд міру», раённае аб’яднанне прафсаюзаў і раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК,
ПМК-255, КСУП «Чырвоны баец», ААТ «Кіраўскія бытпаслугі», ПУП «МарТина-Имидж», прадстаўніцтва Беларускага ўнітарнага страхавога прадпрыемства «Белдзяржстрах» па Кіраўскім раёне, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі раёна.

Вось якія водгукі аб фестывалі ўдзельнікаў і гледачоў:
Вераніка ДЗЯМІДАВА, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама:
— Спадзяюся, што ўсе ўдзельнікі засталіся задаволены сустрэчай. Нам, як журы, было цяжка ацэньваць — столькі цікавых пастановак, песень, вершаў, касцюмаў, ідэй. Колькі працы і сіл было ўкладзена, каб увасобіць усё гэта ў рэальнасць. Самае галоўнае, што гэта варта эмоцый, якія атрымліваюць самі ўдзельнікі. Усе — вялікія малайцы: стварылі такую душэўную, сямейную атмасферу.

Алена ЛЯНКЕВІЧ, начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама:
— Ужо ў восьмы раз Кіраўшчына прымае ў сябе дарагіх гасцей. І з кожным разам сустрэча набывае яшчэ большы размах. Спадзяемся, у будучыні да нас далучыцца больш удзельнікаў, і кожны з іх, прыняўшы ўдзел, захоча вяртацца сюды зноў і зноў. Таксама хочацца падзякаваць спонсарам за тое, што дапамагаюць і паддтрымліваюць подобныя мерапрыемствы.

Маргарыта ШАМЕДЗЬКА, інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму РЦСАН:
— Падобныя конкурсы вельмі неабходны для такіх дзяцей і дарослых, каб сабрацца разам, праявіць сябе, свае таленты, пазнаёміцца з іншымі ўдзельнікамі, завесці новых сяброў. Успамінаючы першую сустрэчу, дзе для наведвальнікаў аддзялення дзённага знахо­джання для інвалідаў быў арганізаваны салодкі стол і чаяванне, і, калі параўноўваць яе з сёлетняй, адразу відаць, наколькі высокім стаў узровень мерапрыемства. Бачачы шчаслівыя твары ўздельнікаў фестывалю, іх запал і самааддачу, сам атрымліваеш зарад пазітыву.

Юлія ЗАВІШАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Сябры-1

Сябры-2

Сябры-3

Сябры-4

Сябры-5

Сябры-6

Сябры-7

Сябры-8

Сябры-9

Сябры-10

Сябры-11

Сябры-13

Сябры-16

Сябры-17

Сябры-18

Сябры-19

Сябры-20

Сябры-21

Сябры-14

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.