Кіраўчане прабіліся ў фінал

Волик-1

Волик-2

Волик-3

Волик-4

Волик-5

У спартыўнай зале СДЮШАР прайшлі занальныя спаборніцтвы па валейболе ў межах чарговай абласной зімовай спартакіяды работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Паколькі ў спаборніцтвах штогод прымае ўдзел даволі вялікая колькасць каманд з усіх раёнаў вобласці, сёлета было вырашана правесці іх па новай формуле. У так званых “зонах” адносіны паміж сабой высвятлялі па некалькі каманд. Па 2 лепшыя прымуць удзел у фінальных спаборніцтвах.

У кіраўскай “зоне” за права выхаду ў вырашальны турнір спрачаліся 5 каманд: з Кіраўскага, Бабруйскага, Быхаўскага, Клічаўскага і Глускага раёнаў.

Адкрывалі турнір каманды Кіраўскага і Бабруйскага раёнаў. Кіраўчане з першых жа падач далі зразумець гасцям, “хто ў доме гаспадар”. Актыўна пачаўшы сустрэчу, яны ўпэўнена давялі матч да перамогі.

Затым на мажорнай ноце прадстаўнікі Кіраўшчыны правялі сустрэчы з клічаўскай і Быхаўскай камандамі, паклаўшы ў скарбонку максімум ачкоў.

А вось далей гаспадары прымусілі сваіх пыхільнікаў пахвалявацца. Адчуўшы лёгкую агульную перамогу, кіраўчане паслабіліся і ледзь за гэта не былі пакараны. Невыразная гульня з глусчанамі і… паражэнне. У выніку пасля ўсіх паядынкаў тры каманды — з Кіраўскага, Клічаўскага і Глускага раёнаў — набралі аднолькавую колькасць ачкоў. Судзейскаму корпусу давялося падсумоўваць іншыя паказчыкі: асабістыя сустрэчы, колькасць выйграных партый, розніцу забітых і прапушчаных мячоў…

Нездарма кажуць: добра ўсё тое, што добра заканчваецца. На шчасце, паказчыкі кіраўчан аказаліся лепшымі, і ў кампаніі з камандай Клічаўскага раёна, нашы землякі заваявалі пуцёўку ў фінал. Пройдзе заключны турнір 9-10 лютага ў Бялынічах разам са спаборніцтвамі ў іншых відах абласной спартакіяды.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.