“Кіравец” дапамог знайсці сябра
Наша сям’я пастаянна выпісвае раённую газету з 1971 года. Уважліва чытаем, абмяркоўваем. А нядаўна пераканаліся на сваім прыкладзе, што “раёнка” з чытачамі — і ў горы, і ў радасці.
У пачатку снежня падчас палявання на тэрыторыі Стайкаўскага сельсавета прапала мая сабака. Даў аб’яву і фотаздымак у “Кіравец”. Сам ездзіў у тых мясцінах па вёсках, запытваўся ў людзей. І нават у самых аддаленых населеных пунктах — Падсёлы, Дубцы, Залітобічы і іншых людзі сустракалі пытаннем: “Мабыць, сабачку свайго шукаеце? У “Кіраўцы” чыталі…”.
І вось, нарэшце, паступіў званок па тэлефоне пра тое, што мой чацвераногі сябар знайшоўся! Тэлефанаваў жыхар аг.Стайкі Сяргей Волкаў. Вялікая ўдзячнасць яму, усім, хто мне стараўся дапамагчы, а таксама — роднай “раёнцы”!
Падчас падпісной кампаніі на друкаваныя выданні жадаю, каб “Кіравец” быў у кожным доме — ён заўжды дапаможа!
Леанід ЯЗЕРСКІ, кіраўчанін.