Святочныя сустрэчы на Кіраўшчыне ў межах дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»

У межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» на Кіраўшчыне адбыўся шэраг святочных мерапрыемстваў і сустрэч.

Цуды-3

У межах рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” напярэдадні Новага года старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар наведаў дзіцячы Дом сямейнага тыпу Ларысы і Леаніда Калінкіных. Ганаровы госць павіншаваў вялікую і дружную сям’ю з навагоднімі і каляднымі святамі, а таксама прывёз ім у якасці падарунка новую газавую пліту і салодкасці.

Дарэчы, Ларыса Дзмітрыеўна не хавала сваёй радасці ад атрыманага падарунка. Па яе словах, у іх сям’і вельмі любяць гатаваць і займацца выпечкай, таму з дапамогай новай газавай пліты на іх стале будзе яшчэ больш розных прысмакаў.
Гаспадыня дома пазнаёміла прадстаўніка аблвыканкама з членамі сваёй вялікай сям’і, расказала аб кожным выхаванцы, чым яны любяць займацца і аб чым мараць.
Зараз у дзіцячым Доме сямейнага тыпу падрастаюць агорнутыя цеплынёй і пяшчотай сямёра дзетак. Кожны з іх — са сваім характарам, са сваёй няпростай жыццёвай гісторыяй. Ларыса і Леанід Калінкіны імкнуцца вярнуць рабятам веру ў светлае, поўнае надзей дзяцінства, каб яны адчулі сапраўдную бацькоўскую любоў і клопат. Дарэчы, выхаваннем прыёмных дзетак Ларыса Дзмітрыеўна займаецца ўжо больш за 30 гадоў і нават складана ўявіць колькім хлопчыкам і дзяўчынкам за гэты час яна дала пуцёўку ў дарослае жыццё, падтрымала ў няпросты час і вярнула веру ў сябе, ва ўласныя сілы.
Свае віншаванні з навагоднімі святамі бацькам-выхавальнікам і іх дзецям выказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Траццякова, а таксама ўручыла падарункі. У сваю чаргу, дзеці Калінкіных прыпаднеслі гасцям зробленыя ўласнымі рукамі прыгожыя сувеніры.
Потым усе разам за святочным сталом з кубкам чаю і салодкасцямі дзяліліся сваімі марамі і надзеямі на Новы 2018 год.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

________________________________________

Цуды-4

У межах акцыі «Нашы дзеці» прадстаўніцы раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» — намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, якая ўзначальвае гэтую раённую арганізацыю, сумесна з дырэктарам Цэнтра банкаўскіх паслуг №709 ААТ «ААБ Беларусбанк» Аленай Лявіцкай адправіліся ў аграгарадкі Стайкі і Баравіца, каб уручыць навагоднія падарункі хлопчыкам і дзяўчынкам з сем‘яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Да іх далучыліся прадстаўнікі мясцовай улады.
Дзяўчынкі і хлопчыкі радасна сустрэлі гасцей, расказалі вершы, а за гэта атрымалі салодкія падарункі. Старэйшым рабятам падарылі канцылярскія прыналежнасці, альбомы, сшыткі.
З бацькамі была праведзена гутарка, госці нагадалі, што іх галоўная задача — не толькі падарыць дзецям свята, але і заўсёды клапаціцца пра іх і забяспечваць належныя ўмовы жыцця.

____________________________________________

Цуды-2

У межах акцыі «Цуды на Раство» райкам ГА «БРСМ» ажыццяўляў збор падарункаў дзецям, знаходзячымся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў. Агульнымі сіламі былі сабраны канцылярскія прыналежнасці, спартыўны інвентар, прадметы для мастацкай творчасці, разнастайныя настольныя гульні, дзіцячыя цацкі, кнігі, цёплае адзенне, салодкія падарункі.
Было наладжана мерапрыемства «Цеплыня маіх рук — табе, сябар», удзельнікі якога сваімі рукамі зрабілі навагоднія паштоўкі для хлопчыкаў і дзяўчынак.
У магазінах «Універмаг» і «Цэнтральны» размясцілі спецыяльныя скрыні для збору дабрачынных падарункаў дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Любы жадаючы, купіўшы што-небудзь для рабят, мог ўнесці свой уклад у агульную карысную справу.
Раённыя арганізацыі ГА «БРПА» і «БРСМ» сумесна з іншымі грамадскімі арганізацыямі, прадстаўнікамі праваслаўнай царквы, а таксама Дзед Мароз, Снягурка і іншыя казачныя персанажы наведалі дзяцей, падарылі ім навагоднія падарункі і віншавальныя паштоўкі.
На гэты момант перададзены падарункі 84 дзецям, якія выхоўваюцца ў 33 сем’ях.
Найбольш актыўны ўдзел у акцыі прынялі райспажыўтаварыства, УКП «Жылкамгас», адасобленая група (Кіраўскага раёна) Бабруйскай АГВК, УКП “Кіраўскія бытпаслугі”, РЦСАН, раённае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, раённыя арганізацыі Фонду міру, РГА “Белая Русь”, федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, СШ №1, СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, Мышкавіцкая, Дабаснянская, Барчыцкая, Любоніцкая, Баравіцкая ўстановы адукацыі, ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага», дэпутаты раённага Савета дэпутатаў.
Віншаванне ў межах акцыі «Цуды на Раство» працягнецца да 9 студзеня 2018 года.

______________________________________

Цуды-1

Удзел у традыцыйнай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” прынялі супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Людзі ў пагонах завіталі з віншаваннямі і падарункамі ў апякунскую сям’ю Людмілы Даніловай, якая пражывае ў в.Лёўкавічы. На выхаванні ў Людмілы Рыгораўны зараз знаходзіцца трое непаўналетніх дзяцей, застаўшыхся без бацькоўскай апекі.
Рабяты з задавальненнем пагутарылі з гасцямі, расказалі ім аб сваіх запаветных марах, а таксама падзяліліся планамі на будучыню. Супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь павіншавалі рабят з чароўнымі навагоднімі святамі і параілі ім абавязкова верыць у цуды і, нягледзячы ні на якія складанасці, жыць з надзеяй на лепшае. Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне дзецям салодкім падарункаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.