Валейбольны калейдаскоп з удзелам кіраўчан
Маладзёжная жаночая зборная Беларусі (U-19), у саставе якой кіраўчанка Веалета Бяляўская, нядаўна вярнулася з Чарнагорыі. Тут праходзіў І этап кваліфікацыйнага раўнду чэмпіянату Еўропы 2018 года. Беларускі ўпэўнена правялі матчы з апаненткамі і не ўступілі ніводнай партыі на працягу ўсяго турніру. З лікам 3:0 атрыманы перамогі над зборнымі Ізраіля, Грузіі і гаспадынямі пляцоўкі, камандай Чарнагорыі.
Наперадзе — яшчэ адзін адборачны тур, які пройдзе ў красавіку ў Румыніі. Сапернікамі зборнай Беларусі стануць каманды Бельгіі, Францыі і гаспадыні пляцоўкі зборная Румыніі. Барацьба абяцае быць гарачай: толькі пераможца атрымае права гуляць у фінальным этапе чэмпіянату Еўропы.
***
У межах правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Магілёўскай вобласці, каманды юных спартсменак аддзялення валейболу Кіраўскай СДЮШАР (трэнер Сяргей Лазаковіч) правялі некалькі таварыскіх сустрэч з равесніцамі з ДЮСШ-4 Бабруйска.
У першым паядынку дзяўчаты 2004 года нараджэння ва ўпартай барацьбе саступілі бабруйчанкам па партыях з лікам 2:3. Аднак праз тыдзень кіраўчанкі былі больш сабраныя і з такім жа лікам узялі рэванш.
Малодшая дзявочая каманда СДЮШАР 2006 года нараджэння правяла адну гульню з бабруйскімі равесніцамі. І зноў лік па партыях 3:2, верх — за кіраўчанкамі.
***
Двое прадстаўніц Кіраўскай СДЮШАР — Марыя Сідарава з Капусціна і кіраўчанка Настасся Губская — у саставе зборнай каманды Магілёўскай вобласці прымаюць удзел у першынстве Рэспублікі Беларусь у дзіцяча-юнацкай валейбольнай лізе. Пасля двух тураў, якія прайшлі ў Магілёве і Маладзечна, магілёўская каманда лідзіруе ў турнірнай табліцы.
Удзельнікаў чакаюць яшчэ 2 туры, якія пройдуць ў Віцебску і Кобрыне. Вынікі будуць падведзены пасля фінальнага тура, месца правядзення якога пакуль не вызначана.
***
Кіраўчанка Уладзіслава Бяляўская запрошана для ўзмацнення каманды ДЮСШ-4 (Бабруйск), якая выступае ў першынстве Беларусі ў дзіцяча-юнацкай валейбольнай лізе сярод каманд, ігракі ў якіх 2006 года нараджэння.. У першым туры, які праходзіў у Гродна, каманда з берагоў Бярэзіны перайграла прадстаўнікоў Гродна, Мінска, Мазыра, Салігорска і саступіла камандзе Кобрына. У выніку — пакуль што 2 месца ў турнірнай табліцы перад наступным турам.