Поспехі кіраўчан на плавальных дарожках у Магілёве
У Магілёўскім Доме спорту прайшлі спаборніцтвы па плаванні ў залік абласной круглагадовай спартакіяды школьнікаў. Удзел у іх прымалі юнакі 2001-02 гадоў нараджэння і дзяўчаты 2003-04 гадоў нараджэння.
Для прадстаўнікоў Кіраўшчыны пры адсутнасці ў райцэнтры басейна ўдзельнічаць у гэтым відзе даволі праблематычна. Тым не менш, некаторыя рабяты, дзякуючы бацькам-энтузіястам, якія возяць іх у басейн Бабруйска, сур’ёзна займаюцца плаваннем і дэманструюць пэўныя поспехі.
Летась некалькі вучняў СШ №1 прадстаўлялі ўжо наш раён на абласных спаборніцтвах і паказалі добрыя рэзультаты. Сёлета яны зноў выступілі дастойна. Так Вольга Прыходзька заняла 2 месца на дыстанцыі 100 м брасам, паказаўшы вынік 1 мін. 20.30 сек. і 3 месца, пераадолеўшы такую ж дыстанцыю вольным стылем за 1 мін. 07.88 сек.
Яе брат Кірыл Прыходзька таксама ўзяў “бронзу”: 100 м ён праплыў батэрфляем за 1 мін. 08.17 сек.
Дастойна выступіў яшчэ адзін наш прадстаўнік Аляксандр Аляксееў, якому крыху не хапіла да прызавога месца.