Сніцца дагэтуль вайна…
Валерый Кісялёў з Лёўкавіч належыць да кагорты тых, каму давялося не па чутках пазнаёміцца з вайной, перажыць яе жахі і пакуты. Здавалася б, больш за тры дзесяцігоддзі мінула з таго часу, як былы салдат вярнуўся з апаленага сонцам і палітага крывёю Афганістана. Але памяць непадуладная часу: тыя баі і свіст куль і сёння прыходзяць да ветэрана ў снах, і тыя ваенныя эпізоды зноў яскрава паўстаюць перад вачыма, нібыта гэта было ўчора…
Служыць у арміі Валерыю хацелася. Юнак, як і большасць яго сяброў, лічыў за гонар выканаць свяшчэнны абавязак, загартавацца целам і духам. А таму і рыхтаваўся да будучай службы загадзя. Змалку сябраваў са спортам, развіваўся фізічна. А пасля заканчэння Жыліцкай школы прадоўжыў вучобу ў Бабруйску: у мясцовым ДТСААФ атрымаў вадзіцельскія навыкі і паралельна — вайсковую спецыяльнасць вадзіцеля бронетранспарцёра, што і прадвызначыла будучы накірунак службы.
Прызваўся Валерый у 1985-м у Барысаў, але літаральна адразу ж быў накіраваны ў Батумі: тут у інжынерна-сапёрнай часці вялася грунтоўная падрыхтоўка будучых воінаў для далейшай службы ў Афганістане. А ўжо праз 3 месяцы салдат з Кіраўшчыны трапіў у Кабул. Тут у саставе 166-га пяхотнага палка прадоўжылася яго служба, напоўненая штодзённай трывогай і выпрабаваннямі.
У вадзіцеляў БТРаў, у лік якіх увайшоў Кісялёў, была адметная роля: менавіта гэтая ваенная машына павінна была суправаджаць калоны тэхнікі, прычым рухацца на чале. А гэта мела на ўвазе дадатковую рызыку натыкнуцца на душманскую міну. І такія выпадкі, на жаль, мелі месца. Успамінае і сёння ветэран той вайны, як прагрымеў страшны выбух пад правым пярэднім колам баявой машыны. Сам жа вадзіцель знаходзіўся злева — магчыма, гэта і зберагло ад смерці і ранення. Але колькі за службу давялося знаходзіцца на валасок ад яе, бачыць, як гінуць баявыя таварышы, назаўсёды заставаючыся маладымі! Перад вачыма былога салдата і сёння стаіць сташны эпізод, калі адразу чацвёра сяброў-сапёраў падарваліся на варожай міне…
Аднак не толькі страшныя моманты з вайсковай афганскай маладосці ўспамінае сёння Валерый Кісялёў. Ніколі не забудзецца тое салдацкае братэрства. Выраз “воін-інтэрнацыяналіст” — па-свойму сімвалічны. З аднаго боку, кожны з салдат выконваў свой абавязак далёка ад Радзімы, на чужой зямлі. З другога — байцы былі з розных куткоў Савецкага Саюза, розных нацыянальнасцей, але аб’яднаныя адной справай. Разам з іншымі шмат служыла і беларусаў. Дарэчы, побач з Кісялёвым нёс службу яшчэ адзін ураджэнец Кіраўшчыны — Іван Еўдакімаў з Баравіцы. Ён таксама быў вадзіцелем БТРа.
Дэмабілізаваўся Валерый ў 1987-м. Якім жа радасным было вяртанне на родную зямлю! І для самога сябе, і для родных. Вайсковая служба змянілася мірнай працай, якая доўжыцца вось ужо больш за 30 год. Руль баявой машыны змяніў вадзіцель на баранку грузавіка ў роднай гаспадарцы. Працуе шчыра, сумленна, як дагэтуль сумленна выконваў вайсковы абавязак. Валерый Рыгоравіч па праву лічыцца адным з лепшых работнікаў КСУП “Жылічы”. У яго дамашняй калекцыі вялікая колькасць дыпломаў і грамат за перамогі ў раённых працоўных спаборніцтвах, неаднаразова ён станавіўся лаўрэатам абласных “Дажынак”. Прызнаннем дасягненняў перадавога вадзіцеля стала ўручэнне яму летась медаля “За працоўныя заслугі”.
Ганарацца мужам, бацькам жонка Галіна Іванаўна, дарослыя ўжо дачка Марыя і сын Дзмітрый. А сам Валерый Рыгоравіч — воін і працаўнік — жадае сваім блізкім і ўсім мірным людзям, каб ніколі не зведалі таго, што давялося перажыць яму, а пра вайну каб толькі чулі з кніг і кінафільмаў…
Аляксандр ХАХЛОЎ.