Тыдзень краязнаўства прайшоў у СШ №2 імя К.П.Арлоўскага
Тыдзень краязнаўства прайшоў у СШ №2 імя К.П.Арлоўскага. Аб мерапрыемствах, прымеркаваных да яго, расказала настаўніца гісторыі названай установы адукацыі Валянціна Яскевіч.
Радзіма… У нас яна адна — Беларусь. Мы яе любім, вывучаем яе гісторыю, шануем звычаі і традыцыі нашых продкаў. Гэта любоў жыве ў душы кожнага з нас ад нараджэння і да самай смерці. З асаблівым пачуццём мы ставімся да тых мясцін, дзе нарадзіліся і выраслі. Асабіста для мяне — гэта мой родны край, мая Кіраўшчына.
Мы, настаўнікі сярэдняй школы №2 імя К.П.Арлоўскага, імкнемся прывіць любоў да роднага краю нашым вучням, выхаваць у іх пачуццё гонару за сваіх землякоў. З гэтай мэтай з 12 па 17 лютага ў нашай установе адукацыі прайшоў тыдзень краязнаўства. У межах яго была арганізавана фотавыстава работ, прысвечаных роднаму краю. На класных і інфармацыйных гадзінах праведзены круглыя сталы, інтэлектуальныя гульні па тэме «Кіраўшчына літаратурная», «Іх імёнамі названы вуліцы», «Імі ганарыцца Кіраўшчына».
З гісторыяй адукацыі раёна, знамянальнымі падзеямі рабяты знаёміліся, наведваючы школьны музей. Фінальным мерапрыемствам тыдня была краязнаўчая віктарына. Вучні прадэманстравалі свае веды ў галіне гісторыі роднага краю. Пераможцамі гульні сталі дзесяцікласнікі, вучні 9 і 8 «Б» класаў занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.