22 сакавіка — 75 год трагедыі Хатыні

d7d7d76da6 (1)Вёску Хатынь сёння не знойдзеш ні на адной геаграфічнай карце: 22 сакавіка 1943 года карнікі сцёрлі яе з твару зямлі ра­зам са старымі, жанчынамі і дзецьмі. За адзін дзень абарваліся жыцці 149 чалавек, у тым ліку 76 дзяцей.
З моманту адкрыцця ў 1969 годзе мемарыяльнага комплексу “Хатынь” гэтая беларуская вёска стала сімвалам чалавечага смутку і жудасным прыкладам таго, што такое фашызм на самой справе.
Лёс Хатыні ў гады Вялікай Айчыннай вайны раздзялілі сотні вёсак Беларусі, у тым ліку і нашага раёна. Усенародныя боль і памяць не сціраюцца гадамі…
Хатынь… Сумная цішыня. Яна гадамі захоўвае і гул лютага агню, і надрыўны плач дзяцей, і адчайны крык маці, і гнеўныя праклёны закатаваных мужчын, і ўстрывожаны захлёб аўтаматаў, і стогны паміраючых ад куль. Захоўвае і смутак, і тугу загінуўшых, як суровы напамін нашчадкам: «Людзі, беражыце жыццё, засланіце сонца ад свінцовых хмар, блакітнае неба ад гару страшных пажары­шчаў, урадлівыя глебы ад спусташэння Молахам вайны і ніколі-ніколі больш не дапускайце такога!».

І раптам у гэтай цішыні раздаецца прыглушаны ўдар звана. За ім — другі, трэці … І вось ужо гудуць званамі смутак і трывога.
Хатынь — невялікая беларуская вёска, усяго 26 двароў. Трагедыя адбылася 22 сакавіка 1943 года. Атрад карнікаў акружыў вёску. З хат выгналі ўсіх — дзяцей, старых і жанчын. Ім быў вынесены смяротны прыгавор. Іх сагналі ў хлеў, які абклалі саломай і падпалілі. А тых, хто палаючым факелам вырываўся з агню, растрэльвалі ва ўпор. 149 чалавек, з іх 75 дзяцей, палегла ў гэтай жудаснай брацкай магіле.
Такі ж лёс спасцігла 186 беларускіх вёсак, якія былі спалены гітлераўцамі разам з жыхарамі. Жменямі пяску і попелу леглі яны ў урны адзіных у свеце Могілак вёсак у Хатынскім мемарыяле.
Трагедыі вёскі Хатынь прысвечана нямала мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў.
“Хатынская аповесць”
знакамітага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча прысвечана ўдзель­нікам партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі акупіраванай немцамі Беларусі. Гэта аповесць-напамін, аповесць- папярэджанне ад таго, хто сам перажыў вайну. Яна вучыць чалавецтва самай элементарнай ісціне — толькі не шкадуючы ўласнага жыцця можна адстаяць свабоду і перамагчы ворага.
Аповесць “Жаўрукі над Хатынню” — аб перадваенным і ваенным часе ў беларускай вёсцы Хатынь, аб цяжкім жыцці людзей у перыяд фашысцкай акупацыі, барацьбе с захопнікамі і трагедыі, якая разыгрылася там, калі дзеці, жанчыны і старыя былі зажыва спалены. Аўтар кнігі Алена Кабец-Філімонава дэманструе жыццё асобных сем’яў, малюе яркія вобразы дзяцей і дарослых, іх удзел у барацьбе з ворагам, расказ­вае аб лёсе тых нямногіх, хто выжыў:
…Хлопчыкам не верылася: жылі-жылі, пра вайну толькі ў кніжках чыталі, і раптам на табе — вайна! Сапраўдная!
…Воўка выйшаў з хаты і зажмурыўся: пасля паўзмроку яркае сонца так і выпырснула ў вочы. Ён ўдыхнуў сырое сакавіцкае паветра разам з гаркаватым дымком, які ўзвіваўся з труб над хатамі, і, шырока ўсміхаючыся, падставіў твар сонцу. Позірк яго спыніўся на старой пакасіўшайся шпакоўні, якая была прыбіта да даху хлява. І Воўка падумаў, што хутка прыляцяць шпакі і што ім прыемна будзе жыць у новым доміку. Праз некалькі хвілін за склепам застукаў малаток — гэта Воўка майстраваў новую шпакоўню. Калі шпакоўня была гатова і да яе заставалася толькі прыбіць палку, не хапіла аднаго цвіка. Воўка адклаў малаток і пайшоў да хлява, дзе ляжалі цвікі. Але толькі ён выйшаў са склепа, як пачуў стральбу. Воўка спыніўся. Стральба даносілася злева, з боку бярэзніку, праз які вяла дарога на Слаговішча. Воўка зірнуў у той бок і пахаладзеў увесь: прама на яго ішлі немцы…
Кніга беларускіх пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ула­дзіміра Калесніка “Я з вогненай вёскі…” — гэта дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, якія былі спалены, забіты разам з сем’ямі, разам са сваёй вёскай, і якія жывуць зараз. Дзясяткі кіламетраў магнітафонных запісаў — расказы больш за трыста непасрэдных сведкаў хатынскіх трагедый склалі змест да­дзенай кнігі. Тысячы кіламетраў дарог — асфальтаваных, прасялковых, лясных — звязва­юць ахвяр фашысцкіх зверстваў. Жылі і жывуць яны, гэтыя цудам выратаваўшыеся людзі, па ўсёй Беларусі, у тых 147 вёсках, якія ўдалося адшукаць аўтарам. Людзі з вогненых вёсак сабраліся тут, каб сведчыць, запытваць, судзіць, каб расказаць аб тым, што ведаць — страшна, а забыць — небяспечна…
Не толькі беларускія пісьменнікі, але і беларускія паэты ўзнімалі тэму спаленых вёсак у вершах: “Над спаленай вёскай” А.Куляшова, “А раніцы ўжо не было” Н.Гілевіча і інш.
У паэме “Марыйка” Алесь Казека звяртае ўвагу на падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны — карныя аперацыі, якія праводзілі фашысты на Магілёўшчыне. Вайна ў паэме прагледжваецца скрозь прызму перажыванняў вясковай дзяўчынкі, якая цудам выжыла, згубіўшы ўсіх сваіх родных.
Звіняць званы… Але як сімвал жыцця, шумяць пад калісьці абпаленым небам бярозкі і гарыць Вечны агонь памяці над магілай і імем кожнага беларуса, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Таццяна МІКЕШЫНА, бібліятэкар
дзіцячай бібліятэкі-філіяла.

Зноў стаю ля жалобнай сцяны
У мястэчку пад назваю Боркі —
Тут ахвяры мінулай вайны
Неадлучна стаяць на пагорку.
І глядзяць праз сівыя гады
На сучаснасці мірныя з’явы
У надзеі, што свет назаўжды
Адцураецца дзеяў крывавых…
У абліччы ўглядаюся іх
І — здаецца, — узняўшы правіцы,
Настаўляюць ахвяры жывых:
— Не дазвольце вайне паўтарыцца!..
Аляксандр Казека.
З паэмы «Марыйка».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.