Медаль з паўмарафона заняў асаблівае месца ў калекцыі ўзнагарод міліцыянера з Кіраўска
Старшага інспектара прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела ўнутраных спраў Сяргея Лыбзікава ў раёне добра ведаюць не толькі як супрацоўніка, які ўзорна выконвае свае прафесійныя і службовыя абавязкі, але яшчэ і як выдатнага спартсмена-аматара. Маёр міліцыі — пастаянны ўдзельнік разнастайных спартыўных спаборніцтваў у раёне і за яго межамі.
Дзякуючы таму, што з’яўляецца прыхільнікам здаровага ладу жыцця, пастаянна падтрымлівае сябе ў добрай фізічнай форме, ён не раз станавіўся пераможцам і прызёрам у спаборніцтвах па стральбе, плаванні, лыжных гонках. Але, як сам адзначае, галоўнае яго хобі — гэта каралева спорту. Нездарма міліцыянер з Кіраўска трывала ўваходзіць у састаў зборнай каманды Упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама менавіта па лёгкай атлетыцы.
Для Сяргея Лыбзікава ўдзел у лёгкаатлетычных забегах — не проста самамэта, як, дарэчы, і перамога ў іх. Пераважае жаданне зведаць нешта новае, паспрабаваць свае сілы ў розных дысцыплінах. Летась, да прыкладу, ён упершыню прыняў удзел у Міжнародных лёгкаатлетычных спаборніцтвах “Мебелайн Марафон” у Магілёве, дзе выступіў зусім нядрэнна.
Сёлета бягун з Кіраўска вырашыў узняць уласную планку і павялічыць дыстанцыю, каб праверыць сваю вытрымку і вынослівасць. Такая магчымасць прадаставілася нядаўна падчас Міждзяржаўных лёгкаатлетычных спаборніцтвах “Экалагічны марафон”, якія праходзілі ў Гомелі. Уражаннямі ад спартыўнага свята Сяргей Лыбзікаў падзяліўся з карэспандэнтам “раёнкі”:
— Атмасфера незабыўная! Уразіла масавасць спаборніцтваў: заяўкі да ўдзелу ў забегах прыняло каля 2,5 тысяч аматараў лёгкай атлетыкі. Акрамя бегуноў з розных куткоў Беларусі на старты выйшлі прадстаўнікі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і нават дальняга замежжа. Удзельнікі спрачаліся на трох дыстанцыях, якія кожны для сябе выбіраў па ўласных сілах, а таксама зыходзячы з медыцынскіх паказчыкаў. Самая “лёгкая” — 6,3 км, на якой удзельнічала больш за 2 тысячы чалавек. Самая доўгая — класічны марафон: 42 м 195 см. Тут спрачаліся самыя вопытныя і вынослівыя — усяго 150 чалавек. Паміж імі была паўмарафонская дыстанцыя — 21 км. 97 см. Менавіта ў ёй я і вырашыў паспрабаваць свае сілы.
На старце кожнаму ўдзельніку выдаваўся стартавы пакет з нагрудным нумарам і чыпам хранаметражу, з тым, каб суддзям дакладна ведаць пераадоленую бегуном дыстанцыю і скорасць руху, а таксама майка з лагатыпам спаборніцтваў.
Трэба адзначыць, што большую частку дыстанцыі я імкнуўся працаваць на хуткасць, каб заняць больш высокае месца. Але па ходу дыстанці ўсё больш пачынаў разумець, што галоўнай задачай станавілася проста дабрацца да фінішу. Далёка не ўсім гэта ўдалося зрабіць: з 250 удзельнікаў паўмарафона фінішную рысу перасек 191 спартсмен. Асабліва цяжкімі выдаліся апошнія 4 кіламетры. Не маючы паўнацэнных трэніровах да такіх забегаў у сувязі з асаблівасцю прафесійнай дзейнасці, такую адлегласць я пераадольваў упершыню. І бліжэй да фінішу вельмі адчуваў вялікую стомленасць. Як ні дзіўна, дужа хацелася есці — настолькі, як аказалася, бягун па ходу дыстанцыі страчвае шмат калорый… Аднак задачу я выканаў, фінішаваўшы ў выніку з 68-м рэзультатам!
Усім, хто завяршыў дыстанцыю, у якасці ўзнагароды былі ўручаны памятныя медалі. Цяпер буду рыхтавацца да новых стартаў, у тым ліку і на такія доўгія дыстанцыі. Магчыма, будуць яшчэ ўзнагароды. Але гэты гомельскі медаль у маёй калекцыі будзе займаць асаблівае месца!..
Аляксандр ХАХЛОЎ.