Фестываль сена «Сенафэст-2018» прайшоў на Чыгірынскім вадасховішчы

Сено-1

Удала і з размахам дэбютаваўшы летась, раённы фестываль “Сенафэст” атрымаў свой працяг —  у мінулую суботу на гасціннай чыгірынскай зямлі зноў сабраў шмат удзельнікаў і гасцей. І хаця надвор’е з раніцы было пахмурным, гэта нікога не засмучала: вакол панаваў цудоўны настрой, якому спрыяў і навакольны антураж: разнастайныя фігуры з сена, над якімі ўзвышаўся трохмятровы Палявік, выставы, майстар-класы. Асаблівыя душэўнасць і шчырасць фестывалю, які ўвасобіў даўнія традыцыі сенакосу, надавала тое, што ён праходзіў у Год малой радзімы.

Адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Усіх прысутных віталі член раённага выканаўчага камітэта, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Глекава і старшыня Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Міхаіл Фрэйберг.

Нагадваючы адметнасці старажытнага абраду — сенакосу, вядучыя адзначылі, што ён аб’ядноўваў усіх жыхароў вёскі. Гэта быў не проста важны этап жыцця сяльчан, але і самая прыемная праца, напоўненая ўрачыстасцю і весялосцю: нездарма сенакос распачыналі і суправаджалі народнымі песнямі, бласлаўляючы касцоў на плённую працу.

На фестывалі быў увасоблены абрад “Сянны пояс”. Ён у даўнейшыя часіны азнамяноўваў першы дзень выхаду на сенакос. Лічылася: ён нясе абнаўленне для душы і цела, а пакосныя травы, сплеценыя ў сянныя паясы, выконвалі функцыю абярэга.

Менавіта такія сімвалічныя паясы былі павязаны дырэктару СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларусьнафта-Магілёўаблнафтапрадукт” Ігару Кузняцову і Міхаілу Фрэйбергу. 

Жаданне паспрачацца на “Сенафэсце” на гэты раз выказалі восем каманд — па тры чалавекі (дарэчы, шэраг удзельнікаў быў з ліку тых, хто паспытаў свае сілы ў мінулым годзе):  “Вясковыя хлопцы” з райаграпрамтэхзабеспячэння, “Асілкі” — прадстаўнікі Стайкаўскага сельскага Савета, “Малайцы-ўдальцы” — з аграгарадкоў Добасна і Паўлавічы, “Мы из тех, кто профтех” з філіяла «Кіраўскі   прафесійны ліцэй» Жыліцкага сельгаскаледжа, “Рассвет” — з  ААТ “Рассвет імя К.П. Арлоўскага”, “Экстрым” — з Баравіцкага СДК, “Вясёлыя хлопцы” прадстаўлялі Скрыпліцкі і Мышкавіцкі сельскія дамы культуры, “Волаты” — аддзел па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Як бачна, самі назвы сведчылі аб мэтанакіраванасці каманд і іх упэўненасці ў сваіх сілах. У саставе былі як сталыя, вопытныя касцы, так і моладзь: маўляў, на сяле каса — матэрыял падручны, як, напрыклад, малаток, у любы момант можа спатрэбіцца, а ўменні з ёю абыходзіцца перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Каманды, узброеныя неабходным інвентаром — косамі, граблямі, віламі — накіраваліся на месца спаборніцтваў — луг па правым беразе ракі Друць, дзе былі вызначаны ўчасткі для касьбы.  

Журы ўважліва сачыла за ўсімі этапамі конкурсу, на рахунак каманд залічваліся ачкі. Першы з іх прадугледжваў касьбу на хуткасць і якасць і праводзіўся ў выглядзе эстафеты. Падтрымліваемыя балельшчыкамі, удзельнікі ўмела выконвалі работу, пакідаючы за сабой духмяныя пракосы…

Далей ішла “ювелірная касьба”: адзін з членаў каманды павінен быў вельмі акуратна абкасіць устаноўленую ў цэнтры невялікага ўчастка драўляную фігуру, не закрануўшы яе. Пэўныя касцы паказалі тут сябе сапраўднымі віртуозамі…

І вось — чарговы этап і, трэба адзначыць, не вельмі просты — стагаванне сена. Разабраўшы па два рулоны, прадастаўленыя кожнай камандзе, мужчыны дружна прыняліся “чараваць” над тым, каб хутчэй зрабіць стог, але ўлічваўся не толькі час: стог трэба было добра ўтрамбаваць, і выглядаць ён павінен быў ледзь не як “твор мастацтва”. На жаль, у адной з каманд гэты “твор” разваліўся ў самым разгары работ, і цярплівыя хлопцы прыклалі ўсе намаганні, каб выправіць сітуацыю.

Пасля конкурсаў у касцоў быў час для адпачынку, дэгустацыі страў, асабліва знакамітай чыгірынскай юшкі, знаёмства з выставамі.

А потым настаў кульмінацыйны момант — абвяшчэнне вынікаў і ўшанаванне пераможцаў.  Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня журы фестывалю Таццяна Бяляўская ад усёй душы падзякавала ўдзельнікам за нацэленасць на перамогу, працавітасць, жаданне падтрымліваць традыцыі продкаў.

Пераможцам былі ўручаны дыпломы райвыканкама і каштоўныя падарункі.  

 У намінацыі “Стагаванне сена” лепшай стала каманда “Волаты” (Міхаіл Чырычэнка, Пётр Бабіцкі, Андрэй Зямель). Другое месца — на рахунку  “Рассвета” (Мікалай Бяляўскі, Іван Аксючэнка, Сяргей Валодзькін), трэцяе — “Вясёлыя хлопцы” (Аляксандр Коўтун, Яўген Катлінскі, Васіль Сухараў).

У намінацыі “Ювелірная касьба”, на думку журы, лепш іншых паказаў сябе Валерый Паўлоўскі з каманды “Асілкі”.

У намінацыі “Касьба сена на хуткасць і якасць” “золата” заваявалі “Малайцы-ўдальцы” (Мікалай Шчур, Руслан Доўгі, Дзмітрый Пыцель), “срэбра” і “бронзу” — адпаведна каманды “Асілкі” (Валерый Паўлоўскі, Артур Маслаў, Дзмітрый Фірагін) і  “Мы из тех, кто профтех” (Мікалай Антановіч, Аляксандр Рубцоў, Юрый Старавойтаў).

Міхаіл Фрэйберг адзначыў, што барацьба на ўсіх этапах была вельмі ўпартая, усе касцы прадэманстравалі дысціплінаванасць, стараннасць, за імі прыемна было назіраць!..

У межах фестывалю прайшлі іншыя конкурсы. Так, цудоўная палова ўдзельнікаў змагла праявіць сваю фантазію і здольнасці ў конкурсе касцюмаў з прыродных матэрыялаў “Карнавал лясных фей”. У  самадзейных дызайнераў у ход пайшлі кветкі, галінкі, бяроста, каласы… Узнагароды лепшым уручыў першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Сухадольскі. Першае месца заняла юная ўдзельніца Злата Маслава з аг.Жылічы, паказаўшы сябе яшчэ і выдатнай вакалісткай і гімнасткай, на другім месцы — Марыя Голікава з аг.Паўлавічы, трэцім — Ксенія Чорная з аг.Стайкі.

Па выніках конкурсу пляцення вянкоў месцы размеркаваліся наступным чынам: Марыя Голікава з аг.Паўлавічы, Ганна Зямлянская з г.Кіраўска, Марыя Іванова з аг.Баравіца.

І, нарэшце, самы смачны конкурс — страў беларускай кухні: лепшай была прызнана страва “Залатая рыбка” гаспадароў фестывалю — Чыгірынскага СДК, за імі — “Куўшынкі-чыгірынкі” — Барчыцкі СДК, далей — “Паплывем на “Сенафэст” — Паўлавіцкага СЦК. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і падарункі.

У праграме фестывалю былі таксама забаўляльная праграма “У гасцях у саламяных чалавечкаў”, выступленні фальклорных калектываў і асобных выканаўцаў, а ўвечары — дыскатэка.

Па водгуках як непасрэдных удзельнікаў, так і балельшчыкаў, гасцей, “Сенафэст-2018” пакінуў самыя дбрыя ўражанні і спадзяванні на чарговую сустрэчу на гасціннай чыгірынскай зямлі ў наступным годзе…

Наталля ХАДАКОВА.

Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Сено-2

Сено-3

Сено-4

Сено-5

Сено-7

Сено-8

Сено-9

Сено-6

Сено-10

Сено-11

Сено-12

Сено-13

Сено-15

Сено-16

Сено-17

Сено-18

Сено-19

Сено-20

Сено-21

Сено-22

Сено-23

Сено-24

Сено-25

Сено-26

Сено-27

Сено-29

Сено-28

Сено-31

Сено-32

Сено-33

Сено-34

Сено-35

Сено-36

Сено-37

Сено-38

Сено-39

Сено-40

Сено-41

Сено-42

Сено-43

Сено-44

Сено-45

Сено-46

Сено-48

Сено-49

Сено-51

Сено-52

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.