Кіраўчане перамаглі на абласной спартакіядзе АПК!

Спартакиада-11

Бліскуча выступіла на чарговай летняй спартакіядзе сярод сельскагаспадарчых раёнаў, холдынгаў, арганізацый і кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу, якая праходзіла ў Быхаве, зборная каманда Кіраўскага раёна, якая заваявала першае агульнакаманднае месца!

Нагадаем, што спартакіяда праводзіцца штогод двойчы — зімой і ўлетку. Апошняя праводзілася ў 12-ты раз. У зімовай, якая адбылася ў лютым, кіраўчане занялі 2-е месца, а летась станавіліся пераможцамі. А вось у летняй да самага высокага месца ніяк не ўдавалася дацягнуцца, хаця “срэбра” заваёўвалі ажно 4 разы. І вось нарэшце — трыумф! Адметна, што зборная з Кіраўшчыны зноў пацвердзіла статус самай паспяховай каманды, на рахунку якой у агульнай колькасці заваявана 7 другіх месцаў, а цяпер — узята другое “золата”!

Як нам расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, запамінальнай была цырымонія адкрыцця спаборніцтваў, у якой прынялі ўдзел старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Сямёнаў, старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль. Нягледзячы на даждлівае надвор’е, ва ўдзельнікаў панаваў радасны настрой, а само мерапрыемства, як гэта было адзначана, зноў выдалася масавым, а таксама пацвердзіла, што паміж калектывамі фізкультуры ўмацоўваюцца сяброўскія адносіны.

Усяго ў летняй спартакіядзе прынялі ўдзел 28 каманд, у якія ўвайшлі каля 800 чалавек. Каб выявіць мацнейшых, спартсмены-аматары спрачаліся ў 9 відах спорту: міні-футболе, стрытболе, шахматах, кіданні гранаты, стральбе з пнеўматычнай зброі, лёгкаатлетычным кросе, армрэстлінгу, пераадоленні паласы перашкод і эстафеце. Акрамя таго, каманды выступалі ў конкурсе на лепшае паходнае блюда і прадстаўлялі нумар мастацкай самадзейнасці. Ва ўсіх відах кіраўчане паказалі высокія рэзультаты, не апускаючыся ніжэй за 10 месца, што і паўплывала  на канчатковы рэзультат. Пераможцамі сталі ў шахматах, кіданні гранаты, пераадоленні паласы перашкод, якую, дарэчы, адзіныя з усіх каманд нашы прабеглі без памылак. Трэці вынік паказалі ў лёгкаатлетычным кросе.

У асабістым заліку другое месца ў кіданні гранаты заняла Алеся Шалянгоўская, трэцяе — у стральбе — Вольга Пішчаліна. Удала выступілі таксама Яўген Пішчалін, Святлана Каўрыга.

Пераможцам і прызёрам спартакіяды былі ўручаны кубкі, дыпломы і медалі. Галоўны кубак пад авацыі каманды з Кіраўска і шчырыя апладысменты ўсіх удзельнікаў узняў над галавой капітан нашай зборнай Яўген Пішчалін.

Наступная спартакіяда сярод сельскагаспадарчых раёнаў, холдынгаў, аб’яднанняў, арганізацый і кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу пройдзе ў Бабрускім раёне, прадстаўнікам якога была перададзена сімвалічная эстафета.

Шчыра віншуем усіх удзельнікаў зборнай Кіраўшчыны з бліскучай перамогай і жадаем у далейшым памножыць поспех!

Запісаў Аляксандр ХАХЛОЎ.

 

Спартакиада-1

Спартакиада-2

Спартакиада-3

Спартакиада-4

Спартакиада-5

Спартакиада-6

Спартакиада-7

Спартакиада-8

Спартакиада-9

Спартакиада-10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.