Васьмікласніца СШ №2 імя К.П.Арлоўскага Лізавета Пялава паспяхова вывучае шматгранны свет фізікі

Физик

Васьмікласніца СШ №2 імя К.П.Арлоўскага Лізавета Пялава ўслед за выпускніком Кірылам Акулічам у мінулым навучальным го­дзе паказала добрыя веды па фізіцы і заваявала дыплом І ступені очнага этапу эксперыментальнага тура абласной алімпіяды па гэтым прадмеце сярод вучняў 8 класа. Удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах прымала 48 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў Прыдняпроўскага краю. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі адразу 4 чалавекі, акрамя Лізаветы — тры хлопцы. 

Сяброўства з фізікай завязалася ў дзяўчыны адразу, як яе пачалі выкладаць, — у 7-м класе. З’явіўся інтарэс, які ўмела падтрымаў і развіў таленавіты настаўнік Уладзімір Анатольевіч Касцючэнка. Педагог не толькі дасканала ведае свой прадмет, але і ўмее творча працаваць з вучнямі. Дарэчы нагадаць, што Кірыл Акуліч, які стаў пераможцам на абласной алімпіядзе па фізіцы, — таксама яго выхаванец.
Лізавета з самага пачатку дасканала займалася, наведвала дадатковыя ўрокі, і вынік не прымусіў сябе чакаць: на працягу двух гадоў дзяўчына была прызёрам раённай алімпіяды па фізіцы, у мінулым годзе — па матэматыцы. Як лічыцца, гэтыя навукі, як родныя сёстры: той, хто ведае матэматыку, на “ты” і з фізікай.
Сёлета школьніца з падтрымкай і дапамогай настаўніка вырашыла паспрабаваць свае сілы падчас эксперыментальнага тура абласной алімпіяды. І першая спроба аказалась вельмі дастойнай!
У.А.Касцючэнка, характарызуючы Лізавету, адзначыў, што яна — вельмі адказная і мэтанакіраваная. Усе пастаўленыя перад сабой задачы, нягле­дзячы ні на якія складанасці, абавязкова выконвае. Да абласной алімпіяды яны рыхтаваліся не толькі падчас урокаў і ў пазашкольны час, вучаніца займалася самастойна ў выхадныя дні.
Лізавета з выбарам будучай прафесіі пакуль не вызначалася, лічыць, што да заканчэння 11 класа ёсць яшчэ час падумаць, але ў тым, што пры паступленні ёй абавязкова спатрэбіцца фізіка, упэўнена на сто працэнтаў. Яна вельмі ўдзячная свайму настаўніку за тое, што ён цікава і змястоўна выкладае прадмет, умее раскрыць здольнасці рабят, заўсёды знаходзіць час для вучняў, каб дапамагчы ўнікнуць у шматгранны і захапляльны свет фізікі — навукі дзівосных адкрыццяў.
Алена КАРАНКЕВІЧ,
намеснік дырэктара СШ №2 імя К.П.Арлоўскага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.