І кажа колас хлебнай ніве: “Бывай!..” — Жніво ў КСУП «Ніва-Барсукі» перакрочыла «экватар»

Нивка-1

Нивка-2

Гарачае сонца, гарачыя дні… Менавіта так можна коратка і вобразна ахарактарызаваць час, які зараз ў разгары для сяльчан — Яго Вялікасць Жніво! Менавіта яно зараз стаіць на першым плане для хлебаробаў і адпаведна задачы, якія з ім звязаны. А галоўная сярод іх — убраць вырашчанае як мага хутчэй і без страт!

Гэтымі клопатамі разам з іншымі сёння жывуць і працаўнікі КСУП “Ніва-Барсукі”. Нарэшце, дажджы адышлі, і ўсталявалася самае што ні на ёсць жніўнае надвор’е. І пакуль гэта так, з раніцы і да цямна не змаўкае на хлебнай ніве гул рухавікоў збожжаўборачных машын і аўтамабіляў.

Як адзначыў у размове галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксей Семашкевіч, ва ўборцы хлеба задзейнічаны ўсе 8 наяўных камбайнаў: 4 — КЗС-1218, 3 — КЗС-10 і 1 — “Lexion”. Нагрузка на кожны — пасільная: у сярэднім па 250 га. На бягучую ўборачную кампанію збожавыя і зернебабовыя культуры займалі ў “Ніве-Барсуках” 2 тыс. га. Плюс пасевы рапсу, з якога пачалі ўборку. Праўда, гаворачы аб гэтай алейнай культуры, галоўны аграном, жалю не ўтойваў:

— “Падгарэў”  істотна… Леташняга ўраджаю, безумоўна, не ўдалося дасягнуць. На круг выйшла толькі па 13 цэнтнераў. А вось збожжавыя, зыходзячы нават з сёлетняга “сюрпрызнага” года, выдаліся неблагімі. Далі свой плён папярэдне праведзеныя работы — і якасная сяўба, і абарона раслін, і хімпраполка. Палеглых участкаў практычна няма. Адзіная праблема — на ячменных пасевах пайшоў так званы падгон: расліны падсохлі ў засушлівым чэрвені, потым пусцілі сцябліны нанова. Ёсць і “падгарэўшыя” ўчасткі  — не ўсё, на жаль, залежыць ад саміх земляробаў… І тым не менш, леташні вал збажыны плануем узяць.

Па стане на ўчарашнюю раніцу ніваўцы поўнасцю завяршылі ўборку жыта, якое займала 180 га, учора абмалочваліся апошнія гектары пшаніцы (пасевы займалі 540 га), якая, да слова дала на круг у сярэднім па 30 ц, і трыцікале (500 га) — самай урадзіўшай культуры: ураджайнасць асобных палёў даходзіла пад 40 ц. Пакуль не прыступалі яшчэ да ўборкі яравых культур, якія на падыходзе: ячмень займае 390 га, авёс — 100 г. Тым часам пачынаецца паралельна ўборка зернебабовых, а гэта агульных 290 га — лубін, гарох і кармавыя бабы.

За тыдзень масавай уборкі каласавых ніваўцы ўбралі палову планавых плошчаў. Па стане на ўчарашнюю раніцу агульны намалот па гаспадарцы склаў 2897 т пры сярэдняй ураджайнасці 30 ц/га. За адзін светлавы дзень у сярэднім ніваўцы ўбіраюць  па 120 га. Усе, хто задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі, — людзі сумленныя і адказныя, якія разумеюць, што трэба выкарыстаць кожную хвілінку, каб паспець своечасова убраць вырашчанае. Тым больш, што надвор’е пакуль спрыяе. Адсюль і тэмпы актыўныя.

Адзін за адным вымяраюць кіламетрамі хлебныя палі экіпажы збожжаўборачных камбайнаў, у якія ўвайшлі вопытныя хлебаробы. У іх ліку Рыгор Асташоў з Яўгенам Манько, Дзмітрый Прэнз з Уладзімірам Лебедзевым, Аляксандр Петранкоў з Міхаілам Котавым, Аляксандр Няфёдаў з Юрыем Сямёнавым і іншыя. Няма прастояў у камбайнаў, калі бункеры іх напоўнены — тут жа пад стралу падстаўляецца прычэп аўтамабіля, каб прыняць спелае збожжа. У ліку лідараў на адвозцы Васіль Марозаў і Іван Скрыпуноў, якія на МАЗах першымі ў гаспадарцы перакрочылі тысячны рубеж. Старанна працуюць таксама Уладзімір Ермалаеў, Леанід Сямёнаў.

Свежазжатае збожжа даводзяць да ладу ў сушыльнай гаспадарцы. Дарэчы, першым чынам, лічаць у гаспадарцы, трэба разлічыцца па пастаўках збожжа новага ўраджаю з дзяржавай. У кошт дзяржзаказу ўжо адгружана на элеватар 320 т азімага жыта і 760 т пшаніцы, засталося адправіць планавыя тоны ячменю і аўса па меры абмалоту культур і падрыхтоўкі зерня.

Канкрэтныя планы ў “Ніве-Барсуках” звязаны і з кукурузай. Зерне культуры плануецца атрымаць з 200 га. Ліпеньскія дажджы паспрыялі росту “каралевы палёў”, дапамаглі і праведзеныя тэхналагічныя прыёмы.
Але гэта — у перспектыве. А пакуль хлебаробы імкнуцца ўбраць тое, што паспела. Паралельна вядзецца работа і на будучае. Палі вызваляюцца ад саломы і заворваюцца пад азімыя культуры. Канвеер сельгасработ, нібыта вялізны рухавік, не спыняе сваю работу!..

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.