Кубак Беларусі па пляжным футболе: кіраўчане зноў чацвёртыя

У Шчучыне прайшоў розыгрыш Кубка Беларусі па пляжным футболе,  у якім прыняла ўдзел каманда “Кіраўск-СДЮШАР”.

Усяго да турніру заявілася 6 каманд, якія былі падзелены на 2 падгрупы. Згодна палажэння, па выніках спарынгаў каманды, заняўшыя першыя месцы, напрамую праходзілі ў фінал, другія — атрымлівалі права сустрэцца паміж сабой у матчы за 3 месца.

У падгрупу разам з кіраўчанамі трапілі “Шчучын” і “М-Сіці” з Мазыра. У першым паядынку са шчучынцамі не ўсё атрымалася, як таго хацелася. Тым больш, што і састаў быў не самы мацнейшы. Гаспадары, актыўна падтрымліваемыя сваімі болельшчыкамі, пайшлі наперад вялікімі сіламі і змаглі забіць 6 мячоў у вароты нашай каманды. Госці адказалі трыма, аўтарамі якіх сталі Арцемій Дрозд (двойчы) і Антон Акуліч.

У матчы з мазыранамі пляжнікі з Кіраўска ўзвінцілі тэмп і ўжо самі правялі 6 галоў, давёўшы паядынак да перамогі з лікам 6:4. У нашай камандзе дубль аформіў Юрый Пятроўскі, па адным разе вызначыліся Сяргей Ерамееў, Максім Хамічэнка, Андрэй Верхаўцоў і Антон Акуліч.

У выніку “Кіраўск-СДЮШАР” заняла другі радок у табліцы. У апаненты зноў трапіў брэсцкі “ProDom”, пэўна, самы “нязручны” сёлетні наш сапернік, які нядаўна “вырваў” у кіраўчан “бронзу” ў суперфінале чэмпіяната Беларусі. Кіраўчане былі нацэлены на рэванш. Матч атрымаўся надзвычай напружаным. Каманды былі практычна роўныя па сілах. Брастчанам больш удаўся пачатак матча. Кіраўчане па ходу сустрэчы амаль дагналі сваіх візаві, але часу поўнасцю адыграцца не хапіла. У нашай камандзе галы на рахунку Акуліча і Дразда, у залік пайшоў таксама аўтагол сапернікаў. З мінімальным лікам 4:3 Брэст зноў падставіў “падножку” Кіраўску.

У нашай каманды — чацвёртыя месцы ў рэгулярным чэмпіянаце, суперфінале і розыгрышы Кубка.

А пераможцамі зноў сталі футбалісты “Гроднааблспорту”, якія ў фінале адолелі “Шчучын”.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.