Кіраўскі райаддзел па надзвычайных сітуацыях папярэджвае аб джаланоснай небяспецы

Інспектар ГПіУГ Кіраўскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Анастасія Юрчанка папярэджвае жыхароў раёна аб джаланоснай небяспецы і дае слушныя парады, як дзейнічаць, калі давялося сутыкнуцца з восамі і шэршнямі: 

— Напэўна цяжка знайсці чалавека, які б ні разу ў жыцці не бачыў прымацаваны да якойсьці паверхні шэры «пухір», вакол якога лётаюць восы або шэршні. І часта гнёзды на ўчастку з’яўляюцца з-за элементарнай нядбайнасці. Таму прафілактыкай трэба заняцца ў маі, каб у ліпені ці жніўні не атрымаць пад бокам нечаканы «сюрпрыз» у выглядзе гнязда з насякомымі.
Восы і шэршні будуюць гнёзды не за ноч, а на працягу некалькіх месяцаў. Для свайго будучага жытла яны выбіраюць цёмныя, халаднаватыя, зацішныя месцы. У прыватных дамах і гаспадарчых пабудовах гэта гарышчы, падвалы, закуткі і г.д. Каб не прыдбаць такіх «суседзяў» з дапамогай мантажнай пены або будаўнічых сумесяў трэба ліквідаваць не толькі ўсе шчыліны, праз якія няпрошаныя госці могуць забрацца ў будынак, але і перакрыць шлях у схаваныя поласці, якія могуць утварацца пад падлогай ці вагонкай. У шматпавярховых дамах небяспечныя насякомыя любяць будаваць гнёзды паміж стыкамі бетонных пліт. У адным кокане могуць жыць да сямісот шэршняў!
Як ліквідаваць гняздо?
Пазбавіцца ад гнязда шэршняў ці восаў не так складана, як гэта можа здацца на першы погляд.
Па-першае, усе работы неабходна праводзіць позна ўвечары або ўначы, бо пасля заходу сонца актыўнасць насякомых рэзка зніжаецца.
Па-другое, трэба сябе загадзя максімальна абараніць. Не павінна застацца ніводнага адкрытага ўчастка цела, а вопратка павінна быць шчыльна запраўлена. На гняздо надзяваюць адзін ці два шчыльныя мяшкі, і вострым нажом ці шпацелем хутка аддзяляюць яго ад прадмета, за які яно мацуецца. Мяшок са смяротна небяспечным грузам трэба тут жа ўтылізаваць — утапіць або спаліць, захоўваючы пры гэтым правілы пажарнай бяспекі. А вось з ужываннем у закрытым памяшканні інсектыцыдаў кшталту вядомага ўсім дыхлафосу трэба быць вельмі асцярожнымі з-за таго, што яны шкодныя і для чалавека. Таму, перш чым распыліць ядахімікат, уважліва прачытайце інструкцыю. І зноў жа, пасля ліквідацыі гнязда згаданыя вышэй прафілактычныя мерапрыемствы ніхто не адмяняў. Хто дасць гарантыю, што гэтае месца не прыйдзецца даспадобы іншаму рою насякомых з джаламі?
Пры ліквідацыі гнязда трэба памятаць пра небяспеку анафілактычнага шоку ад укусаў, асабліва тым людзям, якія пакутуюць на алергію. Многія, да таго ж, вельмі баяцца такіх насякомых. Таму лепш за ўсё даверце ліквідацыю небяспечнага гнязда спецыялістам. Яны зробяць гэта бяспечна, хутка, прафесійна і надзейна.
Застацца ў жывых
Але небяспека можа падсцерагаць не толькі ў галінах дрэў або ў закутках пабудоў. Шэршні і восы апроч іншага, могуць гнездавацца і ў зямлі. Акрамя таго, шэршань можа ўджаліць чалавека некалькі разоў. Летась гэтыя насякомыя разбушаваліся ў кітайскай правінцыі Шаньсі, дзе ад іх укусаў загінулі дзясяткі чалавек… Збіраюць крылатыя агрэсары ахвяр і ў Беларусі.
Вось некаторыя прыклады: У госці да сваякоў прыехаў масквіч. Разам яны пайшлі па грыбы і наткнуліся на гняздо шэршняў. Расіяніна не выратавалі…
У Быхаве шэршні забралі жыццё 40-гадовага вадзіцеля мясцовага ПМК, які падчас адпачынку на беразе ракі палез па на дрэва.
Самае галоўнае правіла бяспекі — гэта трымацца як мага далей ад гнёздаў, — раяць выратавальнікі. — Звычайна восы і шэршні першымі не нападаюць, калі іх не правакаваць — не дакранацца да «дома», не размахваць рукамі, намагаючыся адагнаць насякомае. Майце на ўвазе, што ўцекчы ад іх не атрымаецца. Яны лятаюць куды хутчэй, чым вы бегаеце. Да таго ж аб’ектам для нападу для іх з’яўляецца рухомая цэль. Таму, калі вы нечакана наткнуліся на гняздо, паціху адыходзьце, не кідайцеся наўцёкі. Акрамя таго, пчолаў і восаў узбуджае пах адэкалону. І абавязкова растлумачце пра небяспеку дзецям. Для малых наступствы ўкусаў джаланосных насякомых могуць быць яшчэ горшымі, чым для дарослых.
Калі ж атакі пазбегнуць не ўдалося, трэба максімальна хутка выдаліць са скуры джала. Зрабіць гэта можна любым падручным прадметам — пінцэтам, пазногцем, тупым бокам ляза нажа ці нават пластыкавай банкаўскай карткай. Да месца ўкусу неабходна прыкласці халодны прадмет. Калі чалавек у свядомасці, то дайце яму супрацьалергенны прэпарат — супрасцін, цэтырызін, кетатыфен, ларатадын. Прымяняць іх трэба і пры анафілактычным шоку, які ўяўляе для чалавека найбольшую небяспеку. У пацярпелага рэзка падае артэрыяльны ціск, скура мяняе колер, яго кідае ў халодны пот, пачынаюцца сутаргі і ўрэшце чалавек губляе прытомнасць. У такім выпадку трэба неадкладна выклікаць «хуткую дапамогу». Калі на соннай артэрыі прамацваецца пульс, то пакусанага неабходна павярнуць на бок. А калі і пульсу няма, трэба неадкладна праводзіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю. Назіраць жа за станам здароўя ўджаленага трэба да прыезду брыгады медыкаў…
Дапамога выратавальнікаў
Паслугі па знішчэнні насякомых могуць аказваць і іншыя спецыялізаваныя арганізацыі, напрыклад, жыллёва-камунальная гаспадарка. Але ў раённых цэнтрах у асноўным цяжар кладзецца, як правіла, на плечы супрацоўнікаў МНС. Калі вам неабходна дапамога, тэлефануйце па нумарах: 101, 112.
Паведаміўшы ў аддзел па надзвычайных сітуацыях, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання акажа вам кансультацыйную дапамогу па знішчэнні насякомых, у выпадку немагчымасці самастойнага выдалення гнязда падраздзяленне МНС прыбудзе да месца выкліку. Грамадзяніну, які выклікаў выратавальнікаў, неабходна загадзя падрыхтаваць мяшок і бытавыя хімічныя аэразолі (тыпу «дыхлафос»).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.