На Кіраўшчыне распачалася сяўба азімых культур

Жніво-2018 у раёне праходзіла актыўнымі тэмпамі. Па стане на ўчарашнюю раніцу Кіраўскі раён — у ліку абласных лідараў уборачнай кампаніі-2018: збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны на 99% плошчаў.

За гарачай парой жніва для аграрыяў Кіраўшчыны пачаўся не менш адказны перыяд — сяўба азімых. Пасля абмалоту збожжавых і зернебабовых культур на палі адразу выхо­дзіць тэхніка, на якой выконваюцца работы па ворыве глебы, уносяцца ўгнаенні, вядзецца падрыхтоўка да сяўбы.
Як адзначылі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, да сяўбы азімых культур прыступілі ўсе сельгасарганізацыі раёна. Першымі ў глебу кладзецца насенне рапсу і свірэпіцы. У лідарах пасяўных работ — КСУП “Ніва-Барсукі”, дзе маслічная культура пасеяна больш чым на 120 га, у КСУП “Жылічы” — на 87 га, у РАПТС — на 80 га, у КСУП “Чырвоны баец” — на 77 га. У ААТ “Дабаснянкае” і СВК “Бераснёўскі” сеюць свірэпіцу.
Актыўна прыступілі да закладкі асновы будучага ўраджаю — сяўбы азімых — працаўнікі ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.
Карэспандэнты раённай газеты наведаліся на поле ў раёне в.Сяргеевічы, дзе вялася сяўба рапсу.
Як адзначыў начальнік вытворчага ўчастка “Любонічы” Святаслаў Канапліцкі, пасля ўборкі зернесумесі былі праведзены работы па падрыхтоўцы глебы, унясенні неабходных угнаенняў, зараз вядзецца сяўба масланасення з захаваннем усіх агратэхнічных прыёмаў.

І сапраўды, поле ідэальна роўнае, добра падрыхтаванае: у полі зроку карэспандэнтаў “раёнкі” не трапіла ніводнага нават невялікага каменьчыка ці кавалка недаапрацаванай глебы. Заслуга ў гэтым — адказных і старанных механізатараў — Уладзіміра Сакалоўскага і Аляксандра Сідарэнкі, якія былі заняты на ворыве. За плячыма абодвух — не адна сотня гектараў узаранай і апрацаванай глебы. Увогуле, яны заўсёды вызначаюцца адказным стаўленнем да любой даручанай справы.
Сяўбу азімага рапсу сорту “імперыял” даверылі аднаму з самых вопытных механізатараў — Уладзіміру Комару. Гэтую справу ён ведае дасканала: як адрэгуляваць агрэгат, каб закласці насенне на правільную глыбіню, якога хуткаснага рэжыму прытрымлівацца, каб зярняткі леглі ў глебу раўнамерна. Літаральна некалькі дзён таму Уладзімір быў у ліку перадавікоў жніва, а ўжо зараз лідзіруе на сяўбе азімага рапсу. На магутным “Атлесе” з сеялкай “Рабе” за дзень ён паспявае засеяць насеннем рапсу больш за 30 га.
Як адзначыў галоўны аграном райаграпрамтэхзабеспячэння Уладзімір Дарафей, сёлета, падчас правядзення восеньскіх работ у сельгаставарыстве плануюць засеяць азімымі культурамі больш за 1900 га. На 560 га зазелянее рапс, на 170 га — свірэпіца, а вось збожжавыя раскінуцца на плошчы ў 1180 га, прычым частку з іх будучай вясной скосяць на зялёны корм для грамадскага статка.
Насення збожжавых і зернебабовых для восеньскай сяўбы ў сельгаставарыстве маецца пад поўную патрэбу, усё яно прайшло кантроль і праверку, апрацоўваецца ад хвароб, своечасова і якасна рыхтуецца глеба, праводзяцца работы па ўнясенні ўгнаенняў, сяўбу імкнуцца правесці ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Усё гэта дае надзею, што ў будучым годзе хлебаробы РАПТЗ будуць мець багаты ўраджай сельскагаспадарчых культур.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.