На Кіраўшчыне ўрачыста адзначылі свята хлебаробаў «Дажынкі-2018» (фотарэпартаж)

 

Майстрам высокіх ураджаяў прызнанне і паклон зямны!

У мінулую суботу аграгарадок Жылічы гасцінна прымаў удзельнікаў і гасцей раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. Сімвалічна, што ў Год малой радзімы гэты знакаміты маляўнічы куток Кіраўшчыны, багаты сваёй гісторыяй і традыцыямі, стаў сталіцай галоўнага свята хлебаробаў. Менавіта яны былі ў цэнтры агульнай увагі, іх ушаноўвалі на сцэне “Дажынак”.
Па традыцыі, склаўшайся ў раёне, да гэтага асаблівага па сваёй значнасці свята былі падрыхтаваны да здачы важныя для аграгарадка аб’екты, а таксама ўсім прапаноўваўся шэраг сюрпрызаў, цікавых мерапрыемстваў. Так што, паглядзець было на што, і настрой усюды панаваў самы цудоўны.

Раздзяліць радасць святкавання “Дажынак” да кіраўчан прыбылі ганаровыя госці: начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама, дэпутат Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Кіраўскай выбарчай акрузе №19 Аляксандр Жылін, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алег Стальмашок, намеснік кіраўніка адміністрацыі Белгародскага раёна Расійскай Федэрацыі Мікалай Берднік, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль, начальнік філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Магілёўскага абласнога ўпраўлення Андрэй Горбель, генеральны дырэктар ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Аграмашсэрвіс” Аляксандр Лось, старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” Мікалай Ялінскі, прадстаўнікі Горацкага, Бабруйскага, Быхаўскага раёнаў. У мерапрыемствах прымалі ўдзел ветэраны працы, кіраўнікі сельгасарганізацый мінулых гадоў і арганізацый раёна, грамадскіх аб’яднанняў, жыхары Жыліч і навакольных вёсак, кіраўчане.

Пад мірным небам — да новых дасягненняў

Пачатак святочным мерапрыемствам быў пакладзены ў адметным гістарычным месцы — каля палацава-паркавага ансамбля, жамчужыны нашага краю. Было адзначана, што жыхары Кіраўшчыны ганарацца сваім раёнам, прыгожым і добраўпарадкаваным, з дагле­джанымі палямі. І добрыя справы на карысць гэтага працягваюцца. Свой уклад у добраўпарадкаванне аграгарадка Жылічы, прыняўшы ўдзел у раённым конкурсе “Самая крэатыўная лава”, зрабілі 22 арганізацыі. І вось паркавую алею ўпрыгожылі цікавыя па сваёй задуме і афармленні вырабы, некаторыя з якіх, думаецца, прэтэндуюць на званне арт-аб’ектаў. Пасля таго, як падчас адкрыцця алеі сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў, старшыня райсавета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, старшыня Дабаснянскага сельскага Савета дэпутатаў Галіна Шчур, дырэктар КСУП “Жылічы” Міхаіл Агафонаў, усе мелі магчы­масць ацаніць творчыя парывы, фантазію стваральнікаў лаваў.
У гэты дзень была аддадзена даніна памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі дзеля міру для будучых пакаленняў, дзеля таго, каб зямля штогод радавала ўсіх багатымі ўраджаямі.
26 чэрвеня 1944 года п.Жылічы быў вызвалены ад фашысцкай навалы сіламі 108-й
стралковай дывізіі і 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі. У баях загінулі 23 савецкіх воіны, 33 землякі не вярнуліся з франтоў дадому. Да помніка, які мясцовыя жыхары называюць ласкава “Алёша”, былі ўскла­дзены вянкі і кветкі, памяць загінуўшых прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання. Заўпакойную малітву прачытаў пратаіерэй абшчыны Беларускай праваслаўнай царквы прыхода храма Раства Прасвятой Багародзіцы Міхаіл Пракоф’еў.

Адметнай падзеяй у кантэксце мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы, стала адкрыццё памятнага Дажыначнага знака ў гонар пяцігоддзя правядзення раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Добрай традыцыяй у нашым раёне стала ўшанаванне хлебаробаў, якія любяць сваю зямлю, родны край і клапоцяцца пра тое, каб на сталах заўсёды быў духмяны хлеб.
Як мы ўжо адзначалі, з Белгародскага раёна, з якім Кіраўшчыну звязва­юць даўнія сяб­роўскія і парт­нёрскія сувязі, на свяце прысутнічаў ганаровы госць — намеснік кіраўніка адміністрацыі раёна Мікалай Берднік. Ён прыняў удзел і ў закладцы памятнай алеі побач з Дажыначным знакам. Прагучала пажаданне, каб маладыя дубы, якія пасадзілі прадстаўнікі ўлады раёнаў-пабрацімаў Аляксандр Бутараў і Мікалай Берднік, сталі сімвалам даўгалецця і моцнай дружбы, а дрэвы катальпа, якія называюць “дрэвам шчасця”, паса­джаныя кіраўнікамі сельгасарганізацый, моладзю, — асаблівым сімвалам, увасабляючым веру, радасць, цеплыню.
Наступная падзея свята — урачыстае адкрыццё міні-маркета райспажыўтаварыства пасля мадэрнізацыі. Аб’ект гандлю, запатрабаваны жылічанамі, набыў сучасны выгляд і аздаблен-
не: тут устаноўлена новае ганд­лёвае і халадзільнае абсталяванне, абноўлены інтэр’еры,
і зараз ён, як падкрэсліла старшыня райспажыўтаварыства Святлана Сарока, адпавядае брэндбуку Белкаап­саюза, будзе праца­ваць па метаду стопрацэнтнага самаабслугоўвання. Першаму пакупніку ў якасці прыза быў уручаны торт.

Падзяку за сонечнасць хлеба нясем мы да лепшых людзей!”

Святочным шэсцем па вуліцы сталіцы “Дажынак” пад музыку духавога аркестра і апладысменты прысутных пакрочыла калона дэлегацый сельгасарганізацый, на чале якой былі кіраўніцтва раёна, ганаровыя госці. На галоўнай сцэне свята, устаноўленай у цэнтры аграгарадка, адбылася цырымонія ўшанавання пераможцаў жніва.
Рапарт аб заканчэнні ўборкі ўраджаю 2018 года і адкрыцці раённага свята “Дажынкі-2018” старшыні райвыканкама Аляксандру Бутараву здала ганаровая група пераможцаў раённых спаборніцтваў за дасягненне лепшых паказчыкаў у саставе кіраўнікоў гаспадарак: КСУП “Жылічы” — Міхаіла Агафонава, КСУП “Ніва-Барсукі” — Івана Рыняка.
Прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, які абвясціў аб афіцыйным пачатку галоўнага свята хлебаробаў.
Кіраўніку раёна Аляксандру Бутараву быў уручаны дажыначны сноп ураджаю 2018 года. Старшыня райвыканкама ад імя раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста выказаў шчырыя віншаванні са святам ураджаю — заканчэннем уборачнай кампаніі.
Ён зрабіў экскурс у гістарычны летапіс Жыліч, багаты на падзеі, назваў слаўных прадстаўнікоў гэтага краю.
А далей адзначыў, што на Кіраўшчыне ўвогуле ўмеюць працаваць, варта нагадаць, што за два апошнія гады дзесяць землякоў удастоены высокіх дзяржаўных узнагарод. Кіраўскі раён занесены на абласную Дошку гонару за дасягненне ў 2017 годзе высокіх паказчыкаў. У рэйтынгу сярод 21 рэгіёна вобласці наш раён заняў ганаровае 2 месца.
Словы ўдзячнасці былі выказаны кіраўнікам сельгасарганізацый раёна, дзякуючы якім сёння маюцца дастойныя рэзультаты ў аграпрамысловым комплексе.
Як адзначыў Аляксандр Бутараў, сёлетняя ўборачная кампанія дала ацэнку арганізатарскім якасцям кіраўнікоў і спецыялістаў, праверыла здольнасць да ўзаемадзеяння розных структур упраўлення, майстэрства механізатараў і надзейнасць тэхнікі. Аграрыі ў чарговы раз прадэманстравалі прафесіяналізм, настойлівасць у дасягненні мэты, даказалі вернасць прафесіі і любоў да роднай зямлі.
Кіраўчане першымі на Магілёўшчыне завяршылі ўборку збожжавых культур, трымаючы пальму першынства па тэмпах жніва, аднымі з першых у поўным аб’ёме выканалі дзяржзаказ па пастаўцы збожжа.

Кіраўнік раёна адзначыў лепшыя сельгасарганізацыі, якія ўнеслі найбольшы ўклад у раённы каравай: ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, КСУП “Ніва-Барсукі” і “Жылічы”, а таксама лідараў жніва, большасць
з якіх — рассветаўцы, якія дасягнулі поспехаў на ўзроўні вобласці: камбайнеры Мікалай і Андрэй Дразды, Іван і Аляксандр Кавалеўскія, вадзіцель Валерый Шчэрбіч, а таксама камбайнеры Яўген Манько і Рыгор Асташоў.

Для атрымання важкіх намалотаў было зроблена многае, падкрэсліў Аляксандр Бутараў. Хоць збожжа недабралі, але з улікам кукурузы, валавы збор якой чакаецца ў 3 разы вышэй узроўню мінулага года, плануецца выйсці на параметры 2017 года. Прагназуецца атрымаць 62 т цукровых буракоў (каля 110% да леташняга ўраджаю), 11 тыс. т агародніны закрытага і адкрытага грунту (100%).
Старшыня райвыканкама закрануў становішча спраў у жывёлагадоўлі, кормавытворчасці, якое вылучаецца станоўчымі тэндэнцыямі да павышэння эфектыўнасці і рэзультатыўнасці.
Сёлета будзе завершаны інвестыцыйны праект па будаў­ніцтве маштабнай малочна-таварнай фермы ў “Рассвеце” на тысячу галоў, распачынаецца ўзвядзенне кароўніка на 214 жывёламесцаў у “Чырвоным байцы”.
Былі названы паказчыкі фінансавай дзейнасці раёна: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг павялічылася на 7%, на аднаго працуючага — на 12%. За бягучы перыяд атрымана чыстага прыбытку больш 1 млн. руб. з тэмпам росту ў 1,5 раза.
Аляксандр Бутараў падкрэс­ліў, што ў межах падрыхтоўкі да раённых “Дажынак” зроблена значная работа па добраўпарадкаванні Дабаснянскага сельсавета, уцягненні пустуючых земляў у сельгасабарот, навядзенні парадку ў населеных пунктах. На правядзенне работ са сродкаў суботніка, раённага бюджэту накіравана каля 17 тыс. руб. Ажыццёўлены рамонты ўстаноў сацыяльнай сферы, гандлёвых аб’ектаў. У хуткім часе ў абноўленым выглядзе расчыніць дзверы Жыліцкі Дом культуры, на рамонт і аснашчэнне якога затрачана парадку 200 тыс. руб.
Старшыня райвыканкама адзначыў заслугу кіраўнікоў і працоўных калектываў устаноў і арганізацый раёна, прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, жыхароў аграгарадка ў тым, што было зроблена.
Словы ўдзячнасці былі адрасаваны ветэранам працы і кіраўнікам арганізацый мінулых гадоў за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна, вопыт і веды, якія перадаюцца сённяшнім гаспадарнікам.
І, безумоўна, шчырая ўдзяч­насць і нізкі паклон — хлебаробам за плённую працу, дзякуючы якой напаўняюцца засекі краіны, умацоўваецца эканоміка, павышаецца культура земляробства, забяспечваецца падтрымка сацыяльных слаёў насельніцтва.
Кіраўніку раёна быў уручаны святочны каравай ад усіх працаўнікоў Кіраўшчыны як сімвал багацця, працы і славы.
Затым былі вынесены дажыначныя снапы і караваі ўсіх гаспадарак раёна.
У знак гасціннасці каравай быў уручаны расійскаму госцю — намесніку кіраўніка адміністрацыі Белгародскага раёна Мікалаю Бердніку. Па даручэнні жыхароў Белгародчыны, кіраўніка адміністрацыі Белгародскага раёна Анатоля Папкова ён зачытаў Прывітальны адрас. У ім адзначаецца, што ў нашы дні яркае, маляўнічае свята “Дажынкі”, традыцыі якога — у глыбіні стагоддзяў, набывае новае значэнне: сёння яно не толькі славіць людзей працы, але і з’яўляецца сімвалам поспеху і працвітання беларускага народа. Кіраўскі раён — цудоўная тэрыторыя з багатым культурным жыццём, развітай сельскай гаспадаркай і сацыяльнай сферай, высокім гандлёва-прамысловым, турыстычным і культурным патэнцыялам, з года ў год становіцца ўсё больш камфортным для жыцця, працы і адпачынку. І гэта, — было падкрэслена ў Прывітальным адрасе, — вынік стваральнай энергіі, працавітасці і беражлівых адносін мясцовых жыхароў да сваёй Радзімы.
Мікалай Берднік выказаў упэўненасць у тым, што наша дружба будзе і далей ўмацоўвацца.
Слова было прадастаўлена начальніку галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама, дэпутату Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Кіраўскай выбарчай акрузе №19 Аляксандру Жыліну, які ад імя абласнога выканаўчага камітэта, абласнога Савета дэпутатаў і сябе асабіста павіншаваў усіх са святам працаўнікоў вёскі, удзячнасць за нялёгкую працу, стараннасць, працавітасць, за якасць работ, якой вылучаецца Кіраўскі раён. Аляксандр Жылін уручыў Ганаровую грамату Магілёўскага аблвыканкама дырэктару КСУП “Ніва-Барсукі” Івану Рыняку, падзяка аб’яўлена старшаму камбайнеру ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Мікалаю Дразду.
Ганаровыя граматы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама атрымалі загадчык гаража, старшыня прафкама КСУП “Жылічы” Зінаіда Кісялёва, галоўны аграном ААТ “Дабаснянскае” Андрэй Голубеў.
Эстафету віншаванняў працягваў старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль. Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК быў узнагароджаны намеснік дырэктара РАПТЗ Ляонцій Кушавараў, падзяка аб’яўлена старшыні прафкама КСУП “Ніва-Барсукі” Аляксею Ланкуцю, вадзіцелю ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Валерыю Шчэрбічу. Ганаровую грамату Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі камбайнер ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Андрэй Дрозд, падзяка аб’яўлена галоўнаму інжынеру КСУП “Чыр­воны баец” Сяргею Савіцкаму.
Ганаровую грамату ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” старшыня прафсаюзнага камітэта таварыства Мікалай Ялінскі ўручыў прадстаўнікам СВК “Бераснёўскі”: старшаму камбайнеру Алегу Грынфельду і камбайнеру Генадзю Доўкшу.
Шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў кіраўчанам выказалі госці з суседніх раёнаў.
Адбылася цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых раслін за 2018 год, якую правёў старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў (адпаведнае рашэнне райвыканкама было надрукавана ў мінулым нумары раённай газеты).
Ушанаванне лепшых працаўнікоў вёскі працягвалі першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Сухадольскі, кіраўнік раённай структуры Магілёўскага аграсаюза Іван Рыняк, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Алег Бойка: былі аб’яўлены падзякі шэрагу прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна.
Фінальным акордам урачыстай часткі стала ўручэнне Аляксандрам Бутаравым Памятнага вымпела Кіраўскага раёна “Дажынкі-2018” дырэктару КСУП “Жылічы” Міхаілу Агафонаву.
Шмат музычных прывітанняў падарылі ўдзельнікам і гасцям свята культработнікі, артысты мастацкай самадзейнасці, дзеці. Цікавымі былі гістарычныя тэатралізаваныя кампа­зіцыі.

Свята для ўсіх і для кожнага

Шмат людзей пастаралася, каб чарговыя “Дажынкі” на Кіраўшчыне адбыліся ўрачыстымі і непаўторнымі. Ужо на пад’яздных дарогах да аграгардка радавалі вока маляўнічыя саламяныя фігуры і кампазіцыі, зроб­леныя ў народным стылі і адпавядаючыя тэме свята хлебаробаў.
Уразіла прысутных выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, арганізаваная каля мехдвара КСУП “Жылічы”. Тут у якасці экспанатаў былі прадэмастраваны ўзоры самых перадавых машын, якія знаходзяцца на службе сельгасвытворцаў раёна.
На вуліцах Жыліч разгарнуўся сапраўдны кірмаш. Падвор’і сельгас­арганізацый, гандлё­выя рады, песні, танцы, стравы на любы густ, выставы народных умельцаў, бяспройгрышныя латарэі, конкурсы, забавы, разнастайныя сувеніры — усяго, што было прадастаўлена, нават не пералічыць!
Асаблівы каларыт надалі святу традыцыйныя падвор’і гаспадарак раёна. Кожнае з іх зноў было непаўторным, арыгінальным, творча аформленым. Сама­дзейныя выканаўцы гасцінна запрашалі завітаць ў госці ўдзельнікаў свята, дзе іх чакалі пачастункі, сюрпрызы, конкурсы. А яшчэ — захапленне ад прадстаўленай сельскагаспадарчай прадукцыі, якая вырашчана сёлета на палях сельгаспрадпрыемстваў.
Парадаваць усіх пастараліся работнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна. Арыгінальную кулінарную і іншую прадукцыю прадаставіла райспажыўтаварыства, усе жадаючыя маглі яе пакаштаваць і набыць. Прысмакамі частавалі гасцей прадстаўнікі аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Жыліцкага сельгаскале­джа, многія іншыя.
Цікава было на пляцоўцы “Моладзь — гэта мы!”, дзе райкамам ГА “БРСМ”, школьнікамі, выхаванцамі раённага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі былі аформлены выставы-прагляды “Студатрадаўскі рух на Кіраўшчыне”, “Моладзь на жніве”, арганізавана канцэртная праграма, конкурсы.
Шмат людзей прыйшли на тэрыторыю Жыліцкай СШ. Тут з вялікай канцэртнай праграмай выступалі выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў г.Кіраўска, Жыліцкай ДШМ, а таксама Кіраўскага ЦДАДіМ.
Удосталь забаў хапіла і дарослым, і дзецям. Вясёлыя горкі, стральба ў ціры, катанні на электрааўтамабілях і шмат чаго іншага знайшлі сваіх аматараў. Удзел у святочных мерапрыемствах прынялі таксама спарт-
смены-авіятары з Бабруйскага аэраклуба, а жадаючыя з іх дапамогай маглі паназіраць за святам і ўсёй пануючай тут атмасферай з вышыні птушынага палёту.
Для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця на стадыёне сельгаскале­джа фізкультурна-спартыўным клубам раёна былі наладжаны спаборніцтвы пад назвай “Залатая во­сень”. Удзель­нікі маглі паспрачацца за званне мацнейшых у футболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе, шашках, шахматах, падыманні гіры і армрэстлінгу.
У футбольным паядынку навучэнцы сельгаскале­джа былі мацнейшымі за сваіх апанентаў з Жыліцкай СШ. У стральбе сярод мужчын самым трапным быў Сяргей Дземянкоў, у жанчын — Вольга Пі­шчаліна. У дартсе не было роўных Віктару і Кацярыне Бялянавым. Самымі дужымі ў арм­рэстлінгу сталі ў гэты дзень прадстаўнікі Жыліцкай СШ Яўген Какошын і Яна Аўсянікава. Больш разоў за ўсіх узняў гіру Яўген Маслаў, высокія рэзультаты паказалі таксама Васіль Куцянкоў і Кірыл Шамедзька. У шахматах і шашках мацнейшымі былі спартсмены-ветэраны Уладзімір Пракопчык і Уладзімір Цішкоў адпаведна.
Увечары свята прадоўжылася канцэртнай праграмай, а апагеем яго стаў маляўнічы феерверк, які ўпрыгожыў неба над Жылічамі, пасля чаго адбылася дыскатэка.

Матэрыялы падрыхтавалі Наталля ХАДАКОВА, Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтараў.








 









 

Фота Аляксандра ХАХЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.